Вялікабрытанія: студэнты распрацавалі алгарытм для падбору ідэальнай пары

- 12:03Паралелі

Два студэнты Стэнфардскага ўніверсітэта — Софія Стэрлінг-Ангус і Ліям МакГрэгар — распра­ца­валі алгарытм Marriage Pact, які падбірае ідэальную пару для шлюбу. Пры гэтым праграма прапануе карыстальніку пазнаёміцца толькі з адным чалавекам.

Аўтары Marriage Pact заў­важылі, што вялікі выбар патэнцыяльных партнёраў негатыўна адбіваецца на асабістым жыцці іх аднакурснікаў, і ўвосень 2017 года ў якасці вучэбнага праекта па эканоміцы вырашылі стварыць алгарытм для пошуку ідэальнай пары. Паводле задумы, ён павінен быў адбіраць людзей па агульных каштоўнасцях, а не па інтарэсах, якія могуць мяняцца, і не па фізічнай прывабнасці, якая не захоўваецца вечна.

Стэрлінг-Ангус і Мак­Грэ­гар хут­ка зразумелі, што студэнты не вельмі зацікаўлены ў доўгатэрміновых адносінах, таму сталі падаваць паслугу як падбор “запаснога варыянта” — чалавека, з якім можна дамовіцца аб заключэнні шлюбу ў пэўным узросце, калі вы не знойдзеце сабе кагосьці іншага.

Тое, што пачалося як звычайны вучэбны праект, неўзабаве ператварылася ў вірусную з’яву. Даследаванне право­дзілася ўжо двойчы. У мінулым годзе ў ім прынялі ўдзел 7600 чалавек: 4600 — у Стэнфардзе (крыху больш за палову студэнтаў бакалаўрыята) і 3 тысячы — у Оксфардзе.

У наступным годзе эксперымент адбудзецца ўжо трэці раз. Плануецца, што ён распаўсюдзіцца на Дартмуцкі каледж, Прынстанскі ўніверсітэт і Універсітэт Паўднёвай Каліфорніі. Але пакуль застаецца незразумелым, ці зможа праект выйсці за межы элітных студэнцкіх гарадкоў і прадоўжыць праца­ваць у звычайных умовах.

Як гэта адбываецца? Усе ўдзель­нікі запаўняюць анкету з пытаннямі пра асноўныя каштоўнасці, а алгарытм параўноўвае іх адказы і падбірае кожнаму ідэальную, з яго пункту гле­джання, пару. У прыватнасці, трэба задумацца над такімі пытаннямі: “Колькі вы будзеце даваць дзецям на кішэнныя расходы?”, “Вам падабаецца незвычайны секс?”, “Як думаеце, вы разумнейшыя, чым большасць іншых людзей у Стэнфардзе?”, “Вы б трымалі пісталет у доме?”.

Запусціўшы першую рассылку з анкетамі, Стэрлінг-Ангус і МакГрэгар спадзяваліся атрымаць сотню адказаў, але за гадзіну прыйшла тысяча лістоў, а на наступны дзень — яшчэ паўтары. Яны закрылі апытанне праз некалькі дзён, атрымаўшы водгукі 4100 чалавек.

Стваральнікі алгарытму ўспа­мінаюць, што пасля адпраўкі вынікаў у кампусе Стэнфарда пачаўся хаос, таму што студэнты спрабавалі знайсці выбраныя праграмай палавінкі. Некаторыя з іх былі непрыемна здзіўлены, бо супалі з экс-партнёрам або нават з братам ці сястрой, але Стэрлінг-Ангус і МакГрэгар былі ў захапленні, таму што зразумелі, што алгарытм працуе, а некарэктны падбор можна лёгка выправіць.

Прынцыпы Marriage Pact выкарыстоўваюць і іншыя сэрвісы для знаёмстваў. Так, сайт OkCupid таксама ацэньвае сумяшчальнасць партнёраў на аснове апытання, а дадатак League наўмысна абмяжоўвае колькасць знаёмстваў ад 3 да 7 у дзень і матывуе карыстальнікаў як мага хутчэй прызна­чаць асабістыя сустрэчы.

Але Стэрлінг-Ангус і МакГрэгар сумняваюцца, што гэтыя стратэгіі ў канчатковым выніку прывядуць да стабільных адносін. Яны падкрэсліваюць, што іх алгарытм перш за ўсё дапамагае знайсці не партнёра для шлюбу, а чалавека, з якім можна было б падтрымліваць сувязь усё жыццё.

Сёння рынак дадаткаў для знаёмстваў ацэнь­ваецца ў $3 млрд, і больш за палову ўсіх адзі­нокіх людзей у ЗША калі-небудзь карысталіся такімі сэрвісамі. Marriage Pact мог бы стаць част­кай індустрыі, але яго распрацоўшчыкі не могуць сказаць, калі менавіта гэта адбудзецца. Пакуль яны маюць намер прадоўжыць эксперыменты ў навучальных установах, а пазней і ў іншых “супольнасцях з моцным пачуццём ідэнтычнасці”. Але што менавіта пад гэтым маецца на ўвазе, Стэрлінг-Ангус і МакГрэгар удакладняць не сталі.

Яны пацвердзілі, што праект можа вырасці да паўнавартаснай кампаніі. Аднак у гэтым выпадку распрацоў­шчыкам давядзецца сутыкнуцца з умовамі інвестараў, у якіх ёсць свае ўяўленні аб поспеху анлайн-знаёмстваў.