Вялікае падарожжа маленькай школы

Школьныя канікулы — выдатны час не толькі для актыўнага адпачынку, але і для рэалізацыі творчых праектаў, мараў, час, калі можна і трэба здзейсніць нешта незвычайнае, што пакіне прыемныя ўспаміны надоўга.

Вось і навучэнцы Чырвонаборскага ВПК дзіцячы сад — сярэдняя школа Жыткавіцкага раёна Гомельскай вобласці падчас зімовых канікул за адзін толькі дзень пераадолелі шлях у сотні кіламетраў, дакрануліся да чараўніцтва — пабывалі ў гасцях у Дзеда Мароза ў Белавежскай пушчы, пагулялі з яго памочнікамі. Хлопчыкі і дзяўчынкі атрымалі падарункі, зарад бадзёрасці, незабыўныя эмоцыі, правялі ўрок актыўнага адпачынку, дабрыні і ўзаемадапамогі, даведаліся шмат новага і цікавага з экскурсіі ў музей беларускай прыроды, убачылі ўжывую ваўкоў, лісіц, зайцоў, зуброў, нацешыліся прыгажосцю заснежанага векавога лесу, надыхаліся чыстым паветрам і зімовай свежасцю. А яшчэ размаўлялі, смяяліся, радаваліся, сталі бліжэй адно аднаму.

Гэта колькі ж трэба часу для такой чарады падзей? Адзін толькі казачны дзень!

Таццяна ТАЧЫЛА,
класны кіраўнік 5 класа Чырвонаборскага ВПК дзіцячы сад — сярэдняя школа Жыткавіцкага раёна Гомельскай вобласці.