Вялікай душы чалавек

Ёсць такія людзі, сустракаючы якіх, адчуваеш, што ім пад сілу мяняць свет навокал. Яны быццам выпраменьваюць нейкае асаблівае святло. І кожны, хто трапляе пад гэтыя прамяні, мяняецца да лепшага. У гэтым ёсць нешта магічнае. Здаецца, што такому чалавеку вядома нешта большае пра наш сусвет, пра наша жыццё. Менавіта такі чалавек Эдуард Мацюшонак, цудоўны настаўнік, таленавіты мастак і вялікай душы чалавек. Шмат гадоў назад ён даў сабе абяцанне: дзе б ні жыў, дзе б ні працаваў, абавязкова вучыць дзетак маляваць. І абяцанне сваё трымае.

Эдуард Уладзіміравіч нарадзіўся ў вёсцы ў сям’і творчых, таленавітых людзей. Дзядуля Вінцэнт быў майстрам па дрэве і вырабляў незвычайнай прыгажосці і якасці мэблю. Бацька быў токарам і сталяром і таксама ствараў цудоўныя рэчы. Ды і мясціны, дзе нарадзіўся і рос, асаблівыя. Тут жыў і працаваў Язэп Драздовіч — самабытны беларускі мастак, які лічыцца адным з заснавальнікаў беларускага нацыянальнага гістарычнага жывапісу. Драздовіч бываў у гасцях у дзядулі Эдуарда Мацюшонка. І сёння асоба мастака з мінулага ўплывае і натхняе мастака ў сучаснасці.

З маленства Эдуарда прываблівала хараство, ён вельмі любіў маляваць, але ў вёсцы не было таго, хто мог бы яго вучыць. Можа, з-за гэтага ён не адразу знайшоў свой, той самы, наканаваны яму лёсам, шлях. Так гэта ці не, аднак пасля школы юнак адправіўся вучыцца ў Віцебскі станкаінструментальны тэхнікум. Скончыў яго выдатна, хоць яшчэ падчас вучобы зразумеў, што да работы ў гэтым кірунку душа не ляжыць. Яшчэ вастрэй адчуў, што займаецца не сваёй справай, пачаўшы працаваць на заводзе, таму імкнуўся трапіць у армію. Потым усвядоміў, што трэба прыслухацца да свайго сэрца, якое і прывяло ў Віцебскі педагагічны інстытут на мастацка-графічны факультэт.

Эдуард пераехаў у Вілейку, тут у яго працоўнай кніжцы з’явіўся першы запіс, які і да сёння застаецца адзіным. Больш за 30 гадоў ён працуе ў Вілейскай гімназіі “Логас”. Трымаючы сваё абяцанне, вучыць дзяцей. Эдуард Уладзіміравіч вядзе ўрокі выяўленчага мастацтва, выкладае прадмет “Мастацтва” і займаецца з дзецьмі ў студыі “Вясёлка” ў гімназіі і ў студыі жывапісу, якая дзейнічае ў Вілейскім цэнтры творчасці дзяцей і моладзі. Сотні дзяцей сталі выпускнікамі студыі. Многія, ужо студэнты, яшчэ доўга прыходзяць сюды як дадому, таму што студыя — гэта і сапраўды дом, дзе жыве вялікая сям’я. Можа, студыйцы і не родныя па крыві, але духоўна яны настолькі збліжаюцца, што адчуваюць сябе блізкімі людзьмі.

— Мне хочацца, каб студыя была не проста месцам навучання, а месцам, дзе дзіцяці добра. Гэта быццам родная хата, куды можна прыйсці і пагутарыць, папіць гарбаты, падзяліцца чымсьці або проста памаўчаць, — гаворыць Эдуард Мацюшонак. — Сюды прыходзяць не проста маляваць, а пабыць сярод сяброў, сярод прыгажосці. Калі каму-небудзь сумна, настрой дрэнны, можна прыйсці і проста пасядзець, падумаць, паразважаць, проста пабыць самім сабой.

Менавіта ў такой атмасферы душа становіцца чулай да ўсяго свету, усё успрымае вастрэй. Эдуард Мацюшонак імкнецца не проста навучыць дзяцей маляваць, а “пасяліць” мастацтва ў душы кожнага.

— Мастацтва патрэбна, каб проста ўмець жыць, без яго жыццё не тое. Мастацтва для чалавека як глеба для планеты. У зямной кары ёсць мноства пластоў, але толькі танюсенькі ў параўнанні з іншымі пласт — глеба — урадлівы. Так і для чалавека мастацтва — гэта тая самая глеба, гумус, дзякуючы якому можа з’явіцца не проста істота, а сапраўдны Чалавек.

Выкладаючы ў школе, навучаючы ў студыі, Эдуард Уладзіміравіч імкнецца не проста даць інфармацыю, а зрабіць так, каб у дзіцяці адкрыліся акенцы душы для ўспрымання таго святла, дабрыні і прыгажосці, што ёсць навокал.

Больш за 100 студыйцаў за гэты час абралі прафесіі, так ці інакш звязаныя з жывапісам і мастацтвам. Зноў і зноў прыходзяць у студыю новыя пакаленні дзяцей. Выпуск-нікі з задавальненнем вядуць да настаўніка ўжо сваіх сыноў і дачок. Дзеці яго любяць, паважаюць і давяраюць, таму што адкрытасць і шчырасць душы гэтага педагога адчувае кожны.

У студыі дзеці любяць назіраць, як працуе іх настаўнік, любяць абмяркоўваць яго работы. Эдуард Мацюшонак — прыклад для кожнага дзіцяці. Не толькі майстэрства жывапісу, а чалавека з сапраўднымі каштоўнасцямі і прыярытэтамі ў жыцці. Усё гэта ўвасабляецца ў карцінах майстра. У іх — замілаванне родным краем, глыбокае захапленне гісторыяй і традыцыямі, любоў і павага да ўласнай сям’і і сваіх каранёў. І ўсе гэтыя ўзнёслыя паняцці яму ўдаецца перадаваць тонка, арганічна, шчыра, без мішуры і фальшы. Убачыць усё гэта хараство можна на выставах — персанальных выстаў у Беларусі і за мяжой у Эдуарда Уладзіміравіча было ўжо больш за 30.

Яго творы напоўнены сімваламі, у іх аўтар смуткуе аб мінулым, якое адыходзіць у нябыт, і імкнецца сваёй творчасцю гэтага не дапусціць. Таму на яго карцінах паўстаюць вобразы бацькоў, дзядоў, знікаючыя вёскі і выбітныя асобы беларускай гісторыі і культуры. Мастак беражліва ставіцца да спадчыны, якая дасталася нам ад продкаў. Некалькі яго карцін напісаны на палатне, якое ткала яго маці, некалькі рамак для іх зроблены са стала, на якім у роднай хаце рэзалі хлеб. Даведваючыся аб такіх рэчах, канчаткова пераконваешся ў тым, наколькі правільныя думкі і ідэалы трансліруе педагог дзецям.

Усё сваё прафесійнае жыццё Эдуард Мацюшонак малюе і столькі ж вучыць дзяцей. Міжволі ўзнікае пытанне: кім ён адчувае сябе перш-наперш — настаўнікам ці мастаком? Аказваецца, што няма ў яго адказу на гэтае пытанне, як няма і мяжы паміж двума гэтымі заняткамі — ствараючы свае карціны, ён вучыць дзяцей, дорачы ім свой талент, сваё сэрца і цэлы сусвет.

Дар’я РЭВА.
Фота аўтара.

Пакінуць каментарый

Ваш электронны адрас не будзе апублікаваны. Абавязковыя палі пазначаны *