Вялікай сям’ёй у новы дом

- 12:36Навіны рэгіёнаў

Чарговы дзіцячы дом сямейнага тыпу пачаў функцыянаваць на Магілёўшчыне. Яго ўрачыстае адкрыццё стала своеасаблівым завяршальным акордам рэспубліканскай дабрачыннай акцыі “Нашы дзеці” ў рэгіёне.

На гэты раз новы дзіцячы дом сямейнага тыпу з’явіўся ў абласным цэнтры. Як паведаміла начальнік аддзела сацыяльнай работы ўпраўлення адукацыі аблвыканкама Алена Сімакова, двухпавярховы катэдж, які з’явіўся на вуліцы Жалезнякова ў Кастрычніцкім раёне горада, стаў 46-й па ліку падобнай установай у вобласці.
— На ўзвядзенне гэтага дзіцячага дома сямейнага тыпу было затрачана звыш 3 млрд рублёў з абласнога і рэспубліканскага бюджэтаў. Сума не малая, але вынік апраўдаў сябе. Менш чым за год сіламі бялыніцкай ПМК-241 быў пабудаваны вялікі і ўтульны катэдж, агульная плошча якога складае 236 квадратных метраў. Ён стаў домам для дружнай сям’і Аляксандра і Валянціны Канахоўскіх, у якой выхоўваецца 7 прыёмных дзяцей, што засталіся без апекі бацькоў, — расказала Алена Фёдараўна.
Аляксандр і Валянціна Канахоўскія на працягу дзесяці гадоў у якасці прыёмных бацькоў дарылі сваю любоў і цяпло дзецям з Мсціслаўскага раёна, што засталіся без апекі бацькоў. Тым не менш, перш чым стаць бацькамі-выхавальнікамі ў дзіцячым доме сямейнага тыпу, яны прайшлі адпаведную падрыхтоўку ў SOS — дзіцячай вёсцы Магілёва і Магілёўскім гарадскім сацыяльна-педагагічным цэнтры. Увесь час падрыхтоўкі разам з імі былі іх прыёмныя дзеці — Вікторыя, Святлана і Віктар Свірыдавы. Цяпер жа сям’я папоўнілася яшчэ чатырма дзецьмі. Маму і тату ў асобе Аляксандра і Валянціны Канахоўскіх набылі Марына, Ангеліна, Алег і Дзіяна Арцем’евы.
Для такой вялікай сям’і ў новым доме створаны адпаведныя ўмовы. Дзякуючы дапамозе спонсараў і мясцовай выканаўчай улады, дзіцячы дом сямейнага тыпу быў абсталяваны ўсім неабходным для выхавання дзяцей і іх паўнавартаснага развіцця.
Рэалізацыя праграмы па будаўніцтве дзіцячых дамоў сямейнага тыпу рэалізоўваецца на Магілёўшчыне самым актыўным чынам. Сёння па колькасці ўстаноў дадзенага тыпу вобласць займае лідзіруючую пазіцыю ў краіне. Калі казаць мовай лічбаў, то 80% дзяцей па ўсёй вобласці, якія засталіся без апекі бацькоў, акружаны клопатам у замяшчальных сем’ях. У падобным ключы плануецца працаваць і далей.

Ганна СІНЬКЕВІЧ.
Фота Юліі ЕЎМЯНЬКОВАЙ.