Вялікая дружная каманда алімпіяднікаў

“Я спадзяюся, што для працягу навучання вы выбераце айчынныя ўстановы вышэйшай адукацыі, бо ў стварэнні моцнай дзяржавы і яе высокіх пазіцый у свеце мы спадзяёмся на вас, — звярнуўся да пераможцаў заключнага этапу рэспубліканскай алімпіяды па прадметах начальнік галоўнага ўпраўлення адукацыі Гомельскага аблвыканкама Сяргей Парошын. — Паверце, беларускія ўніверсітэты нічым не горшыя за іншыя, іх дыпломы адкрываюць шэраг магчымасцей перад тымі, хто прагне ведаў і хоча быць прафесіяналам у выбранай галіне”.
Сёлета Гомельшчына стала пляцоўкай для заключнага этапу рэспубліканскай алімпіяды па вучэбных прадметах “Хімія”, “Біялогія” і “Працоўнае навучанне”.

Сур’ёзныя іспыты

Заданні тэарэтычнага тура па хіміі і біялогіі прыхільнікі прыродазнаўчых навук прайшлі на базе Гомельскага абласнога ліцэя і абласнога інстытута развіцця адукацыі. Практычную част­ку заданняў юнакі і дзяўчаты выконвалі ў лабараторыях біялагічнага факультэта Гомельскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Фран­цыска Скарыны — для выканання практычных заданняў алімпіяды тут ёсць усё неабходнае абсталяванне.

120 юных знаўцаў біялогіі і прыкладна столькі ж — хіміі з усіх рэгіёнаў краіны сустрэліся ў Гомелі а 17 гадзіне мінулага панядзелка. У аўторак ім ужо належала спаборнічаць у тэарэтычных турах. Наперадзе чакала нялёгкая праца, агортвалі хваляванні, спраўляцца з якімі было няпроста. Кожны хацеў атрымаць запаветны дып­лом, а разам з ім і магчымасць без экзаменаў паступіць на профільныя спецыяльнасці ва ўніверсітэт, аб якім марыць. Праўда, як гаварылі на закрыцці спаборніцтваў самі ўдзельнікі алімпіяды, вытрымаць цэнтралізаванае тэсціраванне лягчэй, паколькі алімпіядныя заданні значна цяжэйшыя, далёка выходзяць за межы школьнай праграмы і патрабуюць глыбокіх ведаў па розных раздзелах прадмета. Але ж, калі запытацца ў юнакоў і дзяўчат, які дзень быў самым складаным, здаецца, яны ўголас адкажуць, што апошні.

Так, іспыты засталіся ў мінулым, аднак закрыццё алімпіяды — самы напружаны момант, калі ты сядзіш у вялізнай зале з некалькімі сотнямі равеснікаў, чакаеш, што вось-вось прагу­чыць тваё імя — і з пачуццём радасці і хвалявання пабяжыш на сцэну, каб прыняць у рукі дыплом. Як заўважыў нехта з членаў журы, алімпіяда па прадметах — тое, магчыма, адзінае, мерапрыем­ства, калі пачуць сваё імя хочацца ў апошніх радах. Гэта азначае, што ты — першы. Яшчэ адно выказванне журы было аб тым, што дыпломы хочацца ўручыць усім без выключэння, бо ўсе ўдзельнікі сёлетняга спаборніцтва вельмі добра справіліся з заданнямі, не было ніводнай “завальнай” работы. Аднак ёсць правілы і ёсць балы, якія робяць вынік спаборніцтваў абсалютна празрыстым.

Спецыяльныя ўзнагароды

…Прагучалі фанфары, напружанне ў зале пачало ўзрастаць. Сцэнарый закрыцця алімпіяды трымаў інтрыгу. Узнагароды пачаліся са спецыяльных прызоў. Прыз за волю да перамогі ад Гомельскага абласнога аддзялення грамадскага аб’яднання “Беларускі фонд міру” атрымалі вучань 10 класа сярэдняй школы № 16 Мазыра Рыгор Гардуноў і навучэнка 11 класа Ліцэя БДУ Настасся Раманчанка. За лепшае выкананне практычных заданняў абласное грамадскае аб’яднанне “Белая Русь” узнагародзіла навучэнца 10 класа Магілёўскага абласнога ліцэя № 3 Уладзіслава Палічэнку і дзевяцікласніка гімназіі № 3 Мінска Уладзіміра Кун­дзера. Самым юным удзельнікам алімпіяды — навучэнцу 7 класа гімназіі № 2 Бабруйска Глебу Баравому і вучаніцы 9 класа сярэдняй школы №  5 Магілёва Дар’і Галецкай — дастаўся падарунак ад абласнога аддзялення Беларускага дзіцячага фонду. Спецыяльныя прызы Гомельскага гарадскога выканаўчага камітэта ­атрымалі пераможца алімпіяды навучэнец гомельскай гімназіі № 36 імя І.Мележа Мікіта Марозаў, які паказаў найлепшы вынік сярод навучэнцаў Гомеля па біялогіі, і адзінаццацікласнік сярэдняй школы № 8 Віталь Надтачаеў, які лепш за іншых гамяльчан справіўся з заданнямі па хіміі.

18 юнакам і дзяўчатам уручылі пахвальныя водзывы Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь. Канечне, кожны з гэтых юных знаўцаў спадзяваўся атрымаць дыплом, але яны крышачку не дацягнулі. Тым не менш засмучацца ім пакуль рана — сёння яны вучацца ў 9 і 10 класах, а гэта значыць, што на наступны год могуць зноў паспрабаваць свае сілы і трапіць у пераможцы.

Прыродазнаўчыя навукі

Сёлета сярод 108 пераможцаў, якія ўзялі дыпломы рознай ступені на заключным этапе рэспубліканскай алімпіяды па хіміі і біялогіі, больш за ўсё прадстаўнікоў сталічных устаноў адукацыі — 46, 14 з іх — навучэнцы Ліцэя БДУ. У каманды мінчан 23 дыпломы па хіміі і столькі ж — па біялогіі. Другую пазіцыю ў спаборніцтвах па хіміі пакінулі за сабой каманды Мінскай і Гро­дзенскай абласцей, за імі ідуць каманды Гомельскай, Брэсцкай і Магі­лёў­скай абласцей. У алімпіядзе па біялогіі па колькасці ­дыпломаў Гомельская і Магілёўская вобласці выйшлі на 2-е мес­ца, 3-е месца — у каманды Мінскай вобласці.              

Сярод шчасліцаў, якія трымаюць сёння дыпломы І ступені, таксама больш за ўсё мінчан: 6 дыпломаў па хіміі і 7 дыпломаў па біялогіі. У Гомельскай, Гродзенскай і Магілёўскай абласцей па адным дыпломе ў кожным з прадметаў, адзін дыплом І ступені па хіміі ў Мінскай вобласці. Але ж, як кажуць, трэба ведаць імёны герояў. І, дарэчы, магчыма, слова “шчасліўцы” выкарыстоўваць у дачыненні да іх не зусім правільна, бо за перамогай кожнага — вялізная работа, сіла волі, нястомнасць і мэтанакіраванасць.

Так, па выніках алімпіяды па хіміі дыпломы І ступені атрымалі Уладзімір Кундзер (9 клас, гімназія № 29 Мінска), Мацвей Баклажэц (9 клас, Гродзенская гарадская гімназія), Даніла Казыркоў (9 клас, сярэдняя школа № 47 Мінска), Дзмітрый Макуценя (10 клас, гімназія № 3 Бабруйска), Ягор Васілеўскі (10 клас, Ліцэй БДУ), Настасся Шаляпіна (10 клас, Ліцэй БДУ), Іван Мамчыц (11 клас, гімназія № 10 Маладзечна), Мікалай Найдзенаў (11 клас, гімназія Мазыра), Яўген Маліч (11 клас, Ліцэй БДУ), Максім Сысоенкаў (11 клас, ордэна Працоўнага Чырвонага Сцяга гімназія № 50 Мінска).

Дыпломы І ступені па біялогіі атрымалі Надзея Ушчапоўская (9 клас, сярэдняя школа № 31 Гродна), Мікіта Марозаў (9 клас, гімназія № 36 Гомеля імя І.Мележа), Дзмітрый Матач (10 клас, Ліцэй БДУ), Павел Цішкоўскі (10 клас, гімназія № 36 Мінска), Ульяна Валчанкова (9 клас, гімназія № 4 Мінска), Кацярына Камінская (11 клас, гімназія № 10 Мінска), Максім Ліхавец (11 клас, Ліцэй БДУ), Антон Кацуба (11 клас, Ліцэй БДУ), Даніэль Трухан (11 клас, гімназія № 18 Мінска), Уладзіслаў Палічэнка (11 клас, магілёўскі абласны ліцэй № 3).

Тэхнічная і абслуговая праца

У спаборніцтвах па працоўным навучанні школьнікі сустрэ­ліся ў сярэдняй школе № 13 Жлобіна і Жлобінскім прафесійна-тэхнічным каледжы. У заключным этапе прынялі ўдзел 76 навучэнцаў, 34 з іх сталі дыпламантамі, яшчэ 7 удзельнікаў рашэннем журы ўзнагароджаны пахвальнымі водзывамі за высокія вынікі. Двое навучэнцаў, якія сталі абсалютнымі пераможцамі па тэхнічнай працы і абслуговай працы, узнагароджаны спецыяль­нымі прызамі Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь. Варта ­адзначыць, што абодва — вучаніца сярэдняй школы № 9 Гомеля Марыя Жарына і навучэнец гімназіі Петрыкава ­Андрэй Юрка­вец — з каманды Гомельскай вобласці. У ліку пераможцаў алім­піяды па тэхнічнай працы — усе 8 навучэнцаў Гомельскай вобласці (абласны трэнер — настаўнік-метадыст сярэдняй школы № 13 В.В.Гузаў), па абслуговай працы — 4 навучэнцы (абласны трэнер — настаўнік гімназіі Светлагорска Л.П.Лучы­на). Адзначым таксама, што дыпламантамі сталі ўсе 5 навучэнцаў жлобінскай сярэдняй школы № 13, якія ўвайшлі ў склад ­абласной каманды па тэхнічнай працы.

Барацьба за перамогу ў сёлетняй алімпіядзе засталася ў ­гісторыі. Не кожны стаў уладальнікам дыплома, але ў памяці кожнага засталіся ўспаміны аб гэтым вясеннім тыдні. Складаныя заданні, экскурсіі, спартыўныя і забаўляльныя праграмы, а яшчэ новыя знаёмствы, эмоцыі і зносіны. На закрыцці алімпіяды навучэнцы з розных устаноў адукацыі і розных рэгіёнаў нагадвалі не сапернікаў, а хутчэй адну вялікую дружную каманду.

Наталля ЛУТЧАНКА.
Фота аўтара.

P.S.  Дарэчы, сёлетнія іспыты завяршыліся не для ўсіх пры­хільнікаў прыродазнаўчых навук. Журы назвала імёны юнакоў і дзяўчат, якім хутка давядзецца паспаборнічаць за права прадстаўляць Беларусь на міжнародных алімпіядах па прадметах “Хімія” і “Біялогія”.