Вялікая кніга пра малую радзіму

- 14:33Нам пішуць

Ці спрабавалі вы калі-небудзь напісаць кнігу? А вось вучні 1—4 класаў сярэдняй школы № 7 Навагрудка не толькі паспрабавалі, але і напісалі! Гэта адбылося ў рамках ужо традыцыйнага тыдня пачатковых класаў, які сёлета быў прысвечаны Году малой радзімы.

А пачалося напісанне кнігі з сапраўднай прадмовы — урачыстай лінейкі: з прывітальным словам да вучняў і настаўнікаў звярнулася дырэктар школы Л.В.Мароз. Намеснік дырэктара І.Т.Талочка пазнаёміла з планам кнігі.

Пісалі цэлы тыдзень. Усе разам. Сваімі справамі. Самай важнай стала высадка маладых туй: дзеці садзілі дрэвы добрых спраў, бо ўсё вялікае пачынаецца з малога.

“Вялікая кніга пра малую радзіму” — такую назву атрымала кніга, а пакінулі яе ў інфармацыйна-бібліятэчным цэнтры.

Старонкі кнігі не белыя, як у звычайнай, а чатырох колераў: фіялетавы — колер вучняў трэціх класаў — першая глава кнігі “Эрудыты — роднаму краю”. На працягу дня працавала выстава дасягненняў вучняў “Парад разумнікаў і разумніц”, многія паспрабавалі сябе ў ролі архітэктараў, рэалізуючы творчыя праекты “Мой горад будучыні”. Найбольш маштабным мерапрыемствам для эрудытаў стаў інтэлектуальны рынг “Kinderqenii”, дзе вучні прдэманстравалі, як прымяняюць веды ў нестандартных сітуацыях.

Аранжавыя старонкі — старонкі другой главы “Наш горад у музыцы, паэзіі і мастацтве”, якую пісалі самыя маленькія вучні — першакласнікі. Вельмі цікавай стала выстава “Свет маіх захапленняў”. З захапленнем наведалі лялечны тэатр. Т.М.Ермакова са сваімі вучнямі 3 “В” класа прапанавала спектаклі “Як Іван Царэвіч прыгажосць шукаў”, “Пых”, а педагог-арганізатар А.М.Кіклевіч разам з вучнямі 2 “Г” класа запрасіла ўсіх на спектакль “Церамок” . Гучалі вершы, якія дзеці склалі самі, а, удзельнічаючы ў КТС “Сутыкаючыся з прыгажосцю, упрыгожваем наша жыццё”, выявілі свае творчыя здольнасці, знаёміліся з творчасцю таленавітых землякоў.

“Перамяшчэнне ў часе і ў прасторы” — назва трэцяй зялёнай главы, створанай вучнямі другіх класаў. Гэта быў дзень сапраўдных краязнаўцаў. У акцыі “Жадаю табе, горад мой…” узялі ўдзел усе вучні школы: пісалі шчырыя пажаданні гораду і размяшчалі іх на дрэве дабрыні. А падчас квэст-гульні “Сэрцу родны край — мая Навагрудчына!” пад кіраўніцтвам Н.В.Аўсянай падарожнічалі па станцыях, дзе збіралі мясцовыя прыказкі і прымаўкі, адгадвалі загадкі, вывучалі сімволіку раёна, дэманстравалі веды па гісторыі Навагрудчыны.

Чырвоны колер выбралі чацвёртакласнікі, якія напісалі апошнюю главу кнігі “Даследаванні і навука — будучыня нашай краіны”. Дзень выдаўся насычаны і цікавы. Інфармацыйная група вучняў 4 “Д” класа на чале з А.С.Гаўрылюк расказала школьнікам пра дасягненні навукоўцаў-землякоў, якія вядомы ва ўсім свеце. Цікавай і карыснай аказалася камандная гульня “Вялікія вынаходствы”. Пазнавальная была актыўная пляцоўка “З новымі ідэямі ў заўтрашні дзень”. Тут арганізавалі выставу вучнёўскіх работ “Другое жыццё смецця”, правялі акцыяю “Сарціруем смецце — беражом прыроду” і майстар-класы “Адходы — у даходы”. Усё граматна арганізавалі І.Р.Сакалдан, В.Р.Пуца разам са сваімі выхаванцамі. Фестываль навуковых адкрыццяў нікога не пакінуў абыякавым, бо, акрамя даследчых работ, выступлення вучняў 4 “Г” класа пра карысць ветракоў на Навагрудчыне, вучні 4 “Б”, 4 “В”, 4 “Г” паказалі шмат вопытаў і эксперыментаў, якія дапамагаюць вывучаць новае, адкрываць нязведаныя бакі сусвету і рабіць першыя крокі ў навуку.

У дзень закрыцця тыдня пачатковых класаў удзельнікі раённага конкурсу “Жывая класіка” (Б.Мяндзіла, В.Зубрык, Ю.Аганоўская, Д.Гасціловіч) парадавалі ўсіх мастацкім чытаннем вершаў. Па выніках тыдня вызначаны самыя актыўныя вучні і класы, якіх узнагародзілі граматамі і падарункамі.

На старонках “Вялікай кнігі пра малую Радзіму” вучні размясцілі творчыя справаздачы пра свае дасягненні і справы, фотаздымкі, малюнкі, адказы на пытанні, дзяліліся ўражаннямі. Атрымаўся даволі змястоўны твор.
А самае галоўнае і каштоўнае тое, што падчас напісання кнігі кожнае дзіця зразумела, что любіць малую радзіму — значыць не толькі ганарыцца ёю і гаварыць пра гэта, а на справе сваімі ўчынкамі і справамі падмацоўваць пачуцці і стаўленне да таго месца, дзе нарадзіўся і жывеш!

А.Л.КАЛОДКА,
настаўнік-дэфектолаг сярэдняй школы № 7 Навагрудка.