Вялікая краязнаўчая сям’я

Настаўнікі-прадметнікі аб’яднаны ў метадычныя суполкі. Удзельнікі рэспубліканскіх конкурсаў прафесійнага майстэрства таксама аб’ядноўваюцца, сустракаюцца, дзеляцца вопытам. З педагогамі-краязнаўцамі сітуацыя іншая. Афіцыйнага творчага аб’яднання тых, хто разам з вучнямі вывучае малую радзіму, няма. Гэта добра? Ці дрэнна? Гэта, у прынцыпе, не істотна. Педагогі-краязнаўцы і так з’яўляюцца вялікай дружнай сям’ёй, дзе пануюць павага і паразуменне. Галоўнае, часцей сустракацца. Своеасаблівай пляцоўкай для такіх сустрэч, формай аб’яднання педагогаў-краязнаўцаў з’яўляюцца рэспубліканскія краязнаўчыя чытанні.

Краязнаўчыя чытанні, якія з нядаўняга часу носяць статус рэспубліканскага краязнаўчага форуму, — адметная падзея ў педагагічным жыцці краіны, самы буйны форум даследчыкаў роднага краю. Пра маштаб і практычную значнасць чытанняў сведчыць як колькасць удзельнікаў, так і тэмы выступленняў. У іх педагогі расказваюць пра малавядомыя старонкі ваеннай гісторыі, жыцця знакамітых землякоў, акцэнтуюць увагу на важнасці выкарыстання гісторыка-культурнай спадчыны ў грамадзянска-патрыятычным выхаванні моладзі.

А.Я.Кравец: “Педагогі-краязнаўцы — гэта асаблівая суполка людзей, якія аб’яднаны любоўю да малой радзімы, агульнай краязнаўчай справай, ідэяй. Тэматыка іх даследаванняў нярэдка выходзіць за межы малой радзімы, таму паміж краязнаўцамі з розных рэгіёнаў актыўна наладжваюцца сяброўскія адносіны. Педагогі разам з вучнямі ездзяць адзін да аднаго ў госці, абменьваюцца вопытам. Калі на чытаннях ты цікава расказваеш пра ўнікальнасць роднага краю, то ў калег з’яўляецца жаданне пабачыць гэты куточак. У нас няма афіцыйнай суполкі, але неафіцыйна яна існуе, мы — адна сям’я”.

Па словах арганізатара чытанняў загадчыка аддзела краязнаўства і патрыятычнага выхавання Рэспубліканскага цэнтра экалогіі і краязнаўства Аляксандры Яўгенаўны Кравец, першапачаткова чытанні арганізоўваліся толькі ў Мінску. Цяпер жа традыцыяй з’яўляецца іх правядзенне кожны год у новым раёне. Для рэгіёнаў гэта выдатная магчымасць прэзентаваць свой краязнаўчы патэнцыял. Нават існуе неафіцыйнае спаборніцтва за права правядзення форуму. Сёлета гэтае права выйграла Іванаўшчына. Рэспубліканскі краязнаўчы форум, ужо 18-ы па ліку, пройдзе тут у сакавіку. З кожным годам чытанні становяцца больш маштабнымі, у госці да педагогаў-краязнаўцаў прыходзяць супрацоўнікі дзяржаўных музеяў сістэмы культуры, архіваў, прадстаўнікі органаў дзяржаўнай улады.

Л.К.Нікіціна: “Я амаль 40 гадоў займаюся краязнаўчай справай, аднак з кожных чытанняў выношу нешта новае. У тым, што мой музей дасягнуў такіх маштабаў, ёсць заслуга і калег з розных рэгіёнаў. Недзе нешта падгледзела, нешта ўбачыла, сама нешта дадумала. Вельмі прыемна бачыць на краязнаўчых чытаннях і моладзь, і краязнаўчых “зуброў”, як нас часта называюць. Напрыклад, з Вітаўтам Антонавічам Ермалёнкам з Мёраў, Рыгорам Леанідавічам Шарыпкіным з Глыбоцкага раёна, Васілём Васільевічам Чайкам з Нароўлі мы сустракаемся на чытаннях ужо як родныя. Вельмі важна, што ў нас няма зайздрасці адно да аднаго. Мы радуемся поспехам, знаходкам сваіх калег. Гэта настолькі прыемна”.

— Намаганні аб’яднацца ў творчую суполку краязнаўцы краіны (не толькі педагогі) выказвалі неаднойчы. Рабіліся і практычныя крокі да рэалізацыі задум, былі спробы стварыць нешта накшталт рэспубліканскага краязнаўчага таварыства, а на базе Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў нават праходзіў з’езд краязнаўцаў. Аднак пэўныя юрыдычныя пытанні не дазволілі завяршыць гэтую карысную справу, — адзначыла Аляксандра Яўгенаўна.

Няўдалая спроба аб’яднаць краязнаўцаў краіны ў афіцыйную суполку не стала прычынай згасання краязнаўчага руху. Краязнаўства — гэта стан душы. Толькі дзякуючы ініцыятыўнасці і самаадданасці людзей, неабыякавых да мінулага роднага краю, і ў першую чаргу педагогаў, краязнаўчая справа жыве. Жыве і паспяхова развіваецца. З кожным годам вялікая дружная краязнаўчая сям’я становіцца яшчэ больш вялікай, яшчэ больш дружнай. На чытаннях адкрываюцца новыя імёны, а таксама ўмацоўваецца аўтарытэт карыфеяў краязнаўчай справы.

М.В.Камароў: “Калі трапляеш на чытанні маладым і глядзіш на тых, хто ўжо даўно “ў тэме”, то разумееш, наколькі шмат дарог у краязнаўстве. Для мяне як для дырэктара ўстановы дадатковай адукацыі турыстычна-краязнаўчага профілю чытанні карысны ў тым ліку і ў адміністрацыйным плане. Тут можна азнаёміцца з новымі запатрабаванымі сярод моладзі формамі арганізацыі работы краязнаўчых аб’яднанняў па інтарэсах. Адзін раз наведаўшы краязнаўчыя чытанні, хочаш сюды вярнуцца зноў”.

Сярод такой “краязнаўчай руні” дырэктар Цэнтра турызму і краязнаўства дзяцей і моладзі “Ветразі” Магілёва Максім Васільевіч Камароў. Па яго словах, ён толькі аднойчы ўдзельнічаў у рэспубліканскіх чытаннях, аднак уражанняў і ідэй хапіла на доўгі час. Дружная сям’я — гэта, сапраўды, першая асацыяцыя, якая ўзнікла ў маладога педагога падчас сустрэч з калегамі. “Дружнай краязнаўчай сям’ёй” называюць супольнасць педагогаў-краязнаўцаў краіны і пастаянныя ўдзельнікі чытанняў настаўніца беларускай мовы і літаратуры гімназіі Белаазёрска Бярозаўскага раёна Галіна Васільеўна Скарына, стваральнік і кіраўнік народнага гісторыка-краязнаўчага музея “Гісторыя Заронаўскага краю” Заронаўскага дзіцячага сада Віцебскага раёна Людміла Канстанцінаўна Нікіціна і яе калега з Міханавіцкай сярэдняй школы Мінскага раёна Марыя Мікалаеўна Леўкавец.

Г.В.Скарына: “Краязнаўчыя чытанні — форма сустрэч, якая дазваляе дазнацца пра вопыт работы калег. Які б ты ні быў фантастычна разумны, эрудзіраваны, самастойна быць творцам ты не зможаш, табе абавязкова трэба падсілкоўвацца ідэямі, тэмамі для краязнаўчых даследаванняў. Падчас чытанняў не толькі адбываецца абмен вопытам, але і наладжваюцца сяброўскія стасункі. Менавіта на чытаннях я пазнаёмілася з чалавекам, які ліставаўся з Нінай Мацяш. Дарэчы, нашай знакамітай зямлячцы і прысвечана адна з залаў музея гімназіі Белаазёрска. Цесна супрацоўнічаем з Людмілай Канстанцінаўнай Нікіцінай з Заронава Віцебскага раёна, Наталляй Яўгенаўнай Бялевіч з Косава Івацэвіцкага раёна. Краязнаўчыя чытанні — выдатнае месца для новых знаёмстваў і сяброўства”.

— Краязнаўцы — дружныя людзі, таму што апантаны адной ідэяй. Нашы сустрэчы — гэта не проста абмен вопытам, мы зараджаемся энергіяй для далейшай пошукавай работы, бо гэтая справа ідзе ад душы. Напрыклад, у Белаазёрску ў сярэдняй школе № 1 працуе настаўнік гісторыі Алег Вячаслававіч Крэсцьянінаў. Ён збірае камяні, валуны, потым на іх выбівае надпісы, малюнкі, такім чынам робіць копіі знакамітых камянёў, у прыватнасці, камянёў-следавікоў. Паедзеш да такога чалавека, паслухаеш яго, паглядзіш, а потым думаеш, што табе, нягледзячы на амаль 30 гадоў у краязнаўстве, трэба яшчэ падцягнуцца да належнага ўзроўню, — падзялілася Галіна Васільеўна.

М.М.Леўкавец: “Краязнаўчыя чытанні — гэта школа, своеасаблівая вучоба. А яшчэ гэта своеасаблівае люстэрка, у якім добра відаць, якія змены адбываюцца ў краязнаўчай справе ў маштабах краіны. Заўважна, што ўсё актыўней у краязнаўстве выкарыстоўваюцца інфармацыйныя тэхналогіі. Каб быць, як кажуць, у тэме, нам трэба выдатна валодаць гэтымі тэхналогіямі. Інтэрнэт — добрая пляцоўка для краязнаўчых даследаванняў. Кожны рэгіён нечым здзіўляе. На краязнаўчыя чытанні заўсёды едзеш з задавальненнем, бо ведаеш, што не толькі паслухаеш калег, але і наведаеш цікавыя мясціны, сустрэнешся з цікавымі людзьмі. Арганізацыя чытанняў заўсёды на вышыні”.

Педагогі-краязнаўцы — унікальныя людзі. Нягледзячы на сваю прафесійную загружанасць (у пераважнай большасці яны з’яўляюцца настаўнікамі-прадметнікамі, класнымі кіраўнікамі), асабістае жыццё, на нешматлікасць вольнага часу, яны абавязкова знаходзяць хвілінку, гадзінку, а то і некалькі гадзін на дзень, каб раскрыць чарговую таямніцу мінулага роднага краю, зрабіць любоў сваіх вучняў да роднай зямлі больш моцнай. У Год малой радзімы іх справа асабліва актуальная.

Са святам вас, прадстаўнікі вялікай дружнай краязнаўчай сям’і! Да новых сустрэч на краязнаўчых чытаннях!

Ігар ГРЭЧКА.
Фота з архіва РЦЭіК.