Вялікая Перамога ў рарытэтах

- 10:54Культура

У прэс-цэнтры Дома прэсы 6 мая прэзентавалі спецыяльны праект Саюзнай дзяржавы — кнігу-фотаальбом “Раритеты военно-исторических музеев Беларуси и России”, прымеркаваны да 75-годдзя Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне.

Фотаальбом, падрыхтаваны па ініцыятыве Пасольства Расійскай Федэрацыі ў Рэспубліцы Беларусь пры падтрымцы Пастаяннага камітэта Саюзнай дзяржавы, выпушчаны ў выдавецтве “Беларуская Энцыклапедыя імя Петруся Броўкі”, а надрукаваны на Паліграфічным камбінаце імя Якуба Коласа. Гэтае ўнікальнае выданне знаёміць з гісторыямі 100 эксклюзіўных экспанатаў з фондаў шасці галоўных ваенна-гістарычных музеяў дзвюх краін: Музея Перамогі ў Маскве, Беларускага дзяржаўнага музея гісторыі Вялікай Айчыннай вайны, Дзяржаўнага гістарычна-мемарыяльнага музея-запаведніка “Сталінградская бітва”, Мемарыяльнага комплексу “Брэсцкая крэпасць-герой”, Севастопальскага ваенна-гістарычнага музея-запаведніка, Дзяржаўнага мемарыяльнага комплексу “Хатынь”.

Кожны прадстаўлены ў альбоме экспанат мае сваю непаўторную гісторыю, якая адлюстроўвае падзеі Вялікай Айчыннай вайны і расказвае пра ўклад савецкага народа ў Вялікую Перамогу. Унікальныя артэфакты беражліва захоўваюцца ў музеях Беларусі і Расіі. Сярод іх — элементы абмундзіравання і амуніцыі савецкіх салдат і палкаводцаў, зброя і тэхніка, з дапамогай якіх заваёўвалася Перамога, старыя фатаграфіі, лісты з фронту, дзённікавыя запісы, іншыя рэчы, што з’яўляюцца святымі рэліквіямі. Гісторыкі, музейныя работнікі і журналісты адабралі для выдання тыя экспанаты, якія з’яўляюцца сімваламі, нагляднымі сведчаннямі агульнага і асабістага подзвігу людзей.

Міністр інфармацыі Беларусі Аляксандр Карлюкевіч падкрэсліў, што кожны разварот кнігі — гэта, безумоўна, драматычная гісторыя, лаканічна выказаная, але вельмі насычаная. “Уражвае гімнасцёрка абаронцы Брэсцкай крэпасці, баявыя ўзнагароды, прабітыя кулямі і асколкамі снарадаў, камсамольскія і партыйныя білеты, дакументы. Думаеш, з якой сілай лю­дзі адстойвалі інтарэсы Айчыны і свайго народа і ў якім духу яны ішлі да Вялікай Перамогі. Шмат цікавых матэрыялаў, звязаных з военачальнікамі, — сказаў ён. — Гэтая кніга адлюстроўвае ўсю трагічнасць, драматызм і мужнасць савецкага народа ў Вялікай Айчыннай вайне, паказвае тыя дні, якія вялі нас да Перамогі і дзякуючы якім сёння мы можам смела святкаваць Перамогу. Такая кніга дапаможа ў выхаванні падрастаючага пакалення, стане для многіх важным урокам на заўтра. Праз пару дзён мы будзем адзна­чаць 75-годдзе Вялікай Перамогі і выданне гэтай кнігі таксама ў шэрагу тых падзей, якія выхоўваюць чалавека і сведчаць пра захаванне ваенна-патрыя­тычных і ваенна-гістарычных традыцый у нашай краіне”.

Як падкрэсліў намеснік дзяржаўнага сакратара — член Пастаяннага камітэта Саюзнай дзяржавы Уладзімір Амарын, гэта ўжо пятая кніга, выпу­шчаная за апошнія паўтара года пры падтрымцы Пастаяннага камітэта. “Галоўная мэта ўсіх гэтых выданняў — захаванне памяці аб подзвігу і гераізме народа-пераможцы, гістарычнай праўды і данясенне яе да будучых пакаленняў, каб яно выхоўвалася на лепшых прыкладах з нашай агульнай гісторыі. У далейшым мы працягнем выпуск такіх кніг. Яны вельмі важныя менавіта для будучых пакаленняў”, — адзначыў У.Амарын.

У сваю чаргу Надзвычайны і Паўнамоц­ны Пасол Расіі ў Беларусі Дзмітрый Мезенцаў нагадаў, што ідэя стварэння фотаальбома “Раритеты военно-исторических музеев Беларуси и России” з’явілася восенню мінулага года ў час святкавання юбілею Беларускага дзяржаўнага музея гісторыі Вялікай Айчыннай вайны. “Тады ўзнікла прапанова, каб тры музеі Расіі і тры музеі Беларусі аб’ядналі свае намаганні і прадставілі тыя рарытэты, якія не заўсёды выстаўляюцца ў экспазіцыях. Прычым каб зрабілі гэта асабліва ярка і запамінальна, каб адчуваўся маштаб по­дзвігу. Усвядоміць гэта, нават трымаючы ў руках такую кнігу, вельмі цяжка, але і не ўсведамляць нельга, — дадаў ён. — Але якім бы ні быў аб’ём гэтай кнігі, змясціць усё тое, што захоўваюць музеі, немагчыма. Напярэдадні 75-годдзя Вялікай Перамогі мы гаворым справядлівыя ёмістыя шчырыя словы аб подзвігу савецкага салдата ў прыватнасці і народа ў цэлым, які перамог нацызм, выратаваў сваю зямлю і многія еўрапейскія дзяржавы. Важна, каб пошукавая і навукова-даследчая работа музеяў працягвалася, таму што і сёння застаецца шмат імёнаў герояў, якія зніклі без вестак, а іх нашчадкі не ведаюць іх месца пахавання”.

Дырэктар выдавецтва “Беларуская Энцыклапедыя імя Петруся Броўкі” Вольга Ваніна дадала, што фотаальбом быў падрыхтаваны ў вельмі кароткія тэрміны, дзякуючы зладжанай працы ўсіх стваральнікаў, а таксама адзначыла, што кніга ўжо выклікала вялікую цікавасць грамад­скасці. “За мінулы год і пачатак гэтага ў выдавецтве выйшла больш за дзясятак кніг, прысвечаных тэме Вялікай Айчыннай вайны і Перамогі. Але менавіта гэтая кніга як ніякая іншая падкрэслівае тое, што гэта наша агульная Перамога, адна на ўсіх, — сказала яна. — У кнізе прадстаўлены рарытэты, якія з розных бакоў асвятляюць ваенныя падзеі, але ў той жа час складаюць адзіную мазаіку, бо тут паказаны і генеральскі склад, і простыя салдаты, якія разам здабылі Перамогу. Усім нам пра гэта важна памятаць і захоўваць праўду пра вайну”.

Вольга АНТОНЕНКАВА.
Фота аўтара.