Вялікая радасць — у дзецях

- 10:40Людзі адукацыі

“Сумяшчаць ролі мнагадзетнай маці і педагога я ўжо прывыкла, — расказвае Вольга Сенькіна, настаўніца матэматыкі гімназіі № 50 Мінска. — Дома я тлумачу матэматычныя задачы сваім дзецям як мама, а на рабоце — як педагог. Трое маіх дзяцей вучацца ў гімназіі, дзе я выкладаю. Да іх прад’яўляю такія ж патрабаванні, як і да іншых вучняў, а можа, нават і больш строгія. Часам дома заўважаю за сабой, што пачынаю дзяцей павучаць і выхоўваць, але своечасова спыняюся і “выключаю” ў сабе настаўніцу”. 

Як жа ўсё паспець мнагадзетнай маме? Першая ўмова, па словах Вольгі Віктараўны, — дзеці павінны быць максімальна самастойнымі, адказнымі і арганізаванымі. Галоўнае — не перашкаджаць першым праяўленням самастойнасці і ініцыятывы.

“У 1 класе мой сын вырашыў сам ездзіць на трэніроўкі, — успамінае Вольга Віктараўна. — Вядома, я хвалявалася. Першы раз разам з ім паехала па маршруце, каб упэўніцца ў яго бяспецы. І ў школу мае дзеці самі ездзілі, пачынаючы з 1 класа. Мы жылі ў сталічным Зялёным Лузе, а школа знаходзілася ў Трактарным пасёлку. Раней я там працавала. Але мы з мужам ніколі не гаварылі дзецям, што ім яшчэ штосьці рана ці нельга рабіць. Гэта не значыць, што не было клопату і любові. Дзеці заўсёды адчуваюць нашу падтрымку. Так, штовечар я дапамагаю ім з урокамі, але разбіраем іх кропкава, толькі тое, з чым узнікаюць цяжкасці. Маю дачку — яна самая малодшая ў сям’і — сёння ўжо вучаць старэйшыя браты. Прычым навучанне можа адбывацца нават у гульні. Напрыклад, гуляюць усе ў настольныя гульні, у якіх трэба кідаць кубік і рухацца па полі, адлічваючы крокі. Для гэтага трэба ведаць лічбы, якія выпадаюць на кубіку. Дачка вывучыла іх у гульні лёгка і нязмушана”.

Другая ўмова таго, каб усё паспяваць у вялікай сям’і — неабходна як мага больш спраў рабіць сумесна. У сям’і Вольгі Сенькінай пануе раўнапраўе, ніколі не было строгага дзялення на жаночую і мужчынскую работу, і дзеці да гэтага прывучаны. “Калі ўсе робяць адну справу разам, то атрымліваецца хутчэй. Ды і сям’ю гэта збліжае, — адзначае Вольга Сенькіна. — Гавораць, што за дзецьмі трэба заўсёды перарабляць. Але, калі ты ім добра ўсё патлумачыў, навучыў, то ў іх усё атрымаецца, хай і не з першага разу. Разам мы робім нарыхтоўкі на зіму: адзін чысціць, другі рэжа, трэці складвае ў халадзільнік на замарозку. На дачы таксама ў кожнага свой участак работы ў агародзе. Перад Калядамі і Новым годам разам робім прыгожыя падарункі для родных і сяброў, паштоўкі сваімі рукамі, выпякаем печыва. Мы шмат падарожнічаем — як па Беларусі, так і за мяжой. Як мінімум раз у месяц выбіраемся кудысьці з арганізаванай экскурсіяй ці самастойна. Лічу, што для дзяцей гэта карысна ва ўсіх сэнсах. Калі яны падрастуць, то будуць мець вопыт і навыкі падарожнікаў.

Наша сям’я ўваходзіць у дабрачыннае грамадскае аб’яднанне “Вялікая сям’я”, галоўная задача якога — прапаганда мнагадзетнасці, падтрымка бацькоў у іх выбары. Для нас гэта магчымасць паўдзельнічаць у цікавых фестывалях і святах, гульнях і конкурсах, а часам проста сабрацца, каб падзяліцца сакрэтамі выхавання, атрымаць параду, юрыдычную дапамогу ці абмеркаваць рэцэпты ў кулінарным блогу, заняткі фітнесам і г.д. Калі ж у каго-небудзь з групы ўзнікае нейкая праблема, ад усіх яе ўдзельнікаў ідзе падтрымка”.

Жыццё ў сям’і Вольгі Сенькінай з раніцы да вечара б’е ключом. І ва ўсім гэтым ёсць свой парадак. “Мой дзень пачынаецца ў 5 гадзін раніцы. Я прачынаюся, гадзіну-паўтары правяраю сшыткі, пішу планы, рыхтуюся да ўрокаў, — адзначае педагог. — Адначасова з гэтым раблю снеданне. Звычка гатаваць толькі раніцай у мяне ад маёй бабулі. Добра, што сучасная бытавая тэхніка палягчае гэты працэс. Да таго ж я загадзя замарожваю нарыхтоўкі. Перад тым як ісці на работу, буджу дзяцей з інтэрвалам у 5—10 хвілін: першую Аліну, потым Антона, затым Лёшу. Так не ўзнікае мітусні, кожны ведае, дзе яго адзенне, партфель, усё прыгатавана з вечара. Не забываем і аб узаемадапамозе: калі адзін з нас нешта забыўся дома, той, хто яшчэ з дому не выйшаў, захопіць гэтую рэч з сабой у гімназію. Кожны памятае, на які гурток або секцыю яму сёння ісці. Вядома, і я на ўсялякі выпадак нагадваю ім. Старэйшы сын вывучае дадаткова замежныя мовы, раней яшчэ займаўся акрабатыкай на батутах, сярэдні — вывучае праграмаванне, англійскую мову, наведвае сустрэчы клуба “Што? Дзе? Калі?”, дачка ходзіць на баскетбол і маляванне. Кожнай маме, колькі б дзяцей у яе ні было, трэба пакідаць час на сябе. Як мінімум, 15—20 мінут у дзень або на працягу тыдня я выдзяляю некалькі гадзін, каб сустрэцца з сяброўкай, зрабіць манікюр ці прычоску, паглядзець фільм, схадзіць у магазін па новую сукенку і г.д. І ва ўсіх гэтых імгненнях — вялікае шчасце сям’і”.

Як быць паспяховым настаўнікам? Трымаць руку на пульсе часу, ведаць, чым цікавяцца яго вучні, спрабаваць нешта новае ў прафесіі.

“У кожным, нават самым звычайным, класе заўсёды ёсць 2—3 дзяцей, якія захоплены матэматыкай. Іх трэба своечасова заўважыць і развіваць іх цікавасць, прапаноўваць ім нестандартныя задачы, — гаворыць настаўніца. — У нашай гімназіі практычна ўсе дзеці настроены на вучобу, удзел і перамогі ў алімпіядах. Ім і прапаноўваць не трэба складаныя задачкі, самі просяць мяне аб гэтым. І вынік ёсць — штогод мае вучні перамагаюць на гарадскіх алімпіядах па матэматыцы. Апошнія гады я ў асноўным працую са старшымі класамі, у нашай гімназіі гэта фізіка-матэматычны і хіміка-біялагічны профільныя класы. Усе мае вучні ведаюць, кім хочуць стаць і што ім для гэтага трэба. Педагогу з імі, з аднаго боку, проста, а з другога — складана, бо трэба сур’ёзна рыхтавацца да ўрокаў”.

У залежнасці ад тэмы ўрока Вольга Віктараўна выкарыстоўвае элементы развіццёвага навучання, тэхналогіі крытычнага мыслення, модульнай тэхналогіі і нават гульні. Ёсць гульні, дзе трэба праявіць логіку і пралічыць крокі наперад. Праўда, гульні павінны быць асучасненыя, звязаныя з папулярнымі ў дзяцей камп’ютарнымі гульнямі, каб у іх былі вядомыя ім персанажы. Самыя складаныя для вучняў тэмы па трыганаметрыі і стэрэаметрыі здадуцца больш зразумелымі аматарам камп’ютарных гульняў накшталт Minecraft.

Часам у ход ідуць старая добрая крэйда і дошка, асабліва калі трэба адпрацаваць вучэбны матэрыял. Вучні Вольгі Віктараўны не баяцца ісці да дошкі. Узнікае нават канкурэнцыя за тое, хто пойдзе “лавіць зоркі”. Вучні бачаць, што педагог да іх ставіцца як да дарослых, і самі імкнуцца стаць больш сур’ёзнымі, не спрабуюць адсядзецца за плячыма аднакласнікаў.

“Я класны кіраўнік 10 фізіка-матэматычнага класа, дзе вучацца ў асноўным хлопчыкі, у тым ліку мой сын Лёша, і толькі чатыры дзяўчынкі, — расказала Вольга Віктараўна. — Мая задача — згуртаваць клас, каб дзеці мелі зносіны ўжывую, сябравалі і каб аб школьных гадах у іх засталіся толькі добрыя ўспаміны. Мы ўсе разам падарожнічаем, ходзім у музеі, тэатры, на выставы. Калі доўга кудысьці не выбіраемся, вучні нагадваюць аб гэтым самі. Нашы ўрокі матэматыкі — гэта яшчэ і ўрокі выхавання, перш за ўсё чалавечых якасцей, калі, напрыклад, няўпэўнены вучань выходзіць да дошкі, а ўвесь клас яго маральна падтрымлівае. Узаемадапамога выхоўваецца і пры рабоце ў групе і парах. Прасцей за ўсё разгаварыць і раскрыць дзяцей менавіта ва ўзаемаадносінах з аднагодкамі. Перад настаўнікам вучань не заўсёды ўпэўнена сябе адчувае. І зусім іншая справа, калі дзеці паміж сабой абмяркоўваюць тэму ўрока, а педагог у гэты момант слухае і назірае за імі, бачыць іх сапраўдных, ацэньвае іх уменні пераконваць і аргументаваць, не перабіваць адно аднаго, а выслухоўваць усе меркаванні, рабіць высновы пра спосабы і метады рашэння пэўнай задачы”.

У гімназіі праходзяць пазакласныя мерапрыемствы, якія дазваляюць зразумець, што матэматыка, як і іншыя дакладныя навукі, — гэта не заўсёды цяжка, гэта цікава, а часам нават весела. Ладзіцца тыдзень дакладных навук “МІФБАХ” (матэматыкі, інфарматыкі, фізікі, біялогіі, астраноміі, хіміі), падчас якога гімназісты ўдзельнічаюць у конкурсах, выконваюць заданні і зарабляюць грошы “міфунтыкі”, за якія можна набыць, напрыклад, дадатковы бал да самастойнай работы або абмяняць на прысмакі падчас кірмашу, прымеркаванага да тыдня дакладных навук. З інсцэніроўкамі і вершамі праходзіць Міжнародны дзень ліку “Пі” ў сакавіку.

“25 гадоў я ў прафесіі, і атрымліваю ад работы сапраўднае задавальненне. Мяне заўсёды перапаўняе радасць ад поспехаў маіх вучняў, — адзначае педагог. — Напрыклад, калі мае выпускнікі паступаюць у прэстыжныя ўніверсітэты на добрыя спецыяльнасці, прычым без рэпетытараў. Як настаўнік я ўпэўнена ў якасці свайго навучання. Калі дзіця добрасумленна вучыцца, то і вынік абавязкова будзе. Упэўнена, што старанны і ўседлівы вучань, нават калі ён гуманітарый, можа атрымаць па матэматыцы цвёрдыя 8 балаў.

Сваім родным дзецям і ўсім сваім вучням хочацца пажадаць, каб яны знайшлі сваё месца ў жыцці, каб у іх усё склалася так, як яны мараць. Шануйце кожны дзень, заўважайце шчаслівыя моманты. Любіце жыццё, яно такое хуткацечнае”.

Надзея ЦЕРАХАВА.