Другі дзень у сталіцы працуе Рэспубліканскі педагагічны савет, удзельнікамі якога з’яўляюцца прадстаўнікі ўсіх узроўняў сістэмы адукацыі рэспублікі. Сёння ў рабоце педсавета плануе прыняць удзел Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка.
У цэнтры абмеркаванняў — асноўныя задачы і канцэптуальныя падыходы да развіцця сістэмы адукацыі Рэспублікі Беларусь, новыя вучэбныя праграмы, падручнікі, пераход на ўсеагульную сярэднюю адукацыю, магчымая платная завочная адукацыя і іншыя актуальныя пытанні.
Сёння ўдзельнікі пленарнага пасяджэння маюць магчымасць паглядзець выставу эфектыўнага педагагічнага вопыту, творчых дасягненняў педагогаў, вучэбнай і вучэбна-метадычнай літаратуры, узораў новых тэхналогій у адукацыі.
У першы дзень (23 жніўня) педагагічнага савета працавалі 9 секцый, чатыры з якіх былі арганізаваны на базе Акадэміі паслядыпломнай адукацыі. Тут спецыялісты абмяркоўвалі вопыт, праблемы і перспектывы сучасных падыходаў да павышэння якасці дашкольнай адукацыі, традыцыі і інавацыі сучаснай адукацыі. У адной з секцый гаворка ішла пра адукацыю без межаў (інтэграцыю і інклюзію ў адукацыі). Асобна працавала секцыя “Актуальныя аспекты сацыяльнай, выхаваўчай і ідэалагічнай работы ў сучасных умовах”.
У зале пасяджэння савета БДУ працавала секцыя “Асноўныя напрамкі развіцця вышэйшай школы і навуковага кадравага патэнцыялу”. Нацыянальны цэнтр мастацкай творчасці дзяцей і моладзі стаў рабочай пляцоўкай для абмеркавання грамадска значных ініцыятыў навучэнскай моладзі ў адукацыйным працэсе.
У Беларускім дзяржаўным педагагічным універсітэце імя Максіма Танка сабраліся спецыялісты, якія прааналізавалі вопыт, тэндэнцыі і перспектывы развіцця ў галіне падрыхтоўкі педагагічных кадраў. А ў сярэдняй школе № 51 Мінска працавалі ўдзельнікі секцыі “Лічбавая трансфармацыя сістэмы адукацыі: асноўныя задачы і напрамкі развіцця”.
Больш падрабязна пра работу Рэспубліканскага педагагічнага савета чытайце ў спецыяльным выпуску “Настаўніцкай газеты”, які выйдзе 26 жніўня.
Вольга ДУБОЎСКАЯ.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.