Вялікая сіла тэатра

- 11:23Адукацыйная прастора, Дашкольная адукацыя

Для развіцця маўлення выхаванцаў, раскрыцця іх унутранага свету, змяншэння напружання і трывожнасці я выкарыстоўваю тэатралізаваную дзейнасць.

Вялікую ўвагу мы ўдзяляем афармленню прадметна-развіццёвага асяроддзя. Так быў арганізаваны мастацка-моўны куток “Речевичок”. Для развiцця выразнасцi маўлення дзяцей распрацаваны картатэкі з падборам дыдактычных гульняў, скорагаворак, чыстагаворак, лагарытмічных практыкаванняў, гульняў-пантамім, эцюдаў, міні-сцэнак. Ёсць дапаможнікі для артыкуляцыйнай і дыхальнай гімнастыкі. Для развіцця складнага маўлення выкарыстоўваем дзіцячыя кнігі, сюжэтныя карцінкі і ілюстрацыі да казак, апавяданняў, завучваем вершы i песні. 

Акрамя гульнявога і дыдактычнага матэрыялу ў кутку размешчаны і некаторыя віды тэатра: конусны тэатр, тэатр цацак і карцінак, бібабо, пальчыкавы і рукавічкавы тэатры, тэатр на лыжках. Іх выкарыстанне спрыяе пашырэнню і замацаванню слоўнікавага запасу выхаванцаў, дыялагічнага і маналагічнага маўлення, удасканаленню гукавога боку маўлення. Так, пры расказванні казкі “Калабок” на беларускай мове з выкарыстаннем настольнага тэатра дзецi пазнаёміліся з новымі словамі (засек, свіран). 

Удасканальваюцца слоўнікавы запас, гукавая культура маўлення, а таксама яго інтанацыйны лад у рэжысёрскіх гульнях у тэатр на фланелеграфе, тэатр ценяў і настольны тэатр. Тут дзеці гуляюць з дапамогай лялек і іншых цацак, проста агучваючы іх. Дыялагічнае маўленне развіваецца і праз самастойную тэатральна-гульнявую дзейнасць. Для гэтага выкарыстоўваецца шырма-акенца, якая выступае і дэкарацыяй — фонам, і заслонай для ценявога тэатра, і фланелеграфам. Вельмі ўразіла дзяцей убачанае і перажытае ў інсцэніроўцы апавядання Н.Носава “Жывы капялюш”, казкі “Журавель і чапля”, верша Э.Агняцвет “Саўка за сталом”, А.Клышкі “Шклянка”. Малыя з вялікім натхненнем расказвалі пра свае пачуццi i эмоцыi бацькам.

Дзеці малююць герояў казак і іншых літаратурных твораў. Творчасць малыша выяўляецца ў тым, наколькі праўдзіва ён малюе свайго героя. Каб правільна перадаць эмоцыі, характар героя, трэба зразумець, які ён — станоўчы або адмоўны, чаму ён сябе паводзіць так ці інакш, гэта значыць трэба зразумець яго ўнутраны свет, прааналізаваць яго ўчынкі, мараль твора. Гэтага можна дасягнуць, калі ўважлiва слухаць i ўспрымаць лiтаратурны твор. Так мы даведваемся і пра тое, наколькі дзіця творчая асоба. 

Тэатралізаваная дзейнасць павінна прысутнічаць у жыцці дзіцяці штодня і не толькі ў дзіцячым садзе. Бацькі і дзеці разам могуць аформіць прадметна-прасторавае асяроддзе дома і арганізаваць тэатральныя гульні. 

Алена ДРАЗДОВА,
выхавальніца ясляў-сада № 87 Магiлёва.