Вялікая справа для малой радзімы

- 16:23Нам пішуць

Хлопцы і дзяўчаты з валанцёрскага атрада “Вектар дабра” нашай установы не засталіся ўбаку ад рэспубліканскім суботніка, з задавальненнем далучыліся да працоўнага дэсанту на карысць малой радзімы: чым больш добрых спраў, тым прыгажэйшым стане родны куток.

Няпярэдадні юнакі звярнуліся да Івана Іванавіча Козела, старшыні Пагранічнага сельвыканкама, з прапановай абнавіць дзіцячую гульнявую пляцоўку аграгарадка. Іван Іванавіч падтрымаў ініцыятыву, паабяцаўшы не толькі забяспечыць неабходныя матэрыялы, але і ўзяць актыўны ўдзел у работах на пляцоўцы.

І вось у суботу раніцай школьнікі на чале са старшынёй сельвыканкама выйшлі на працу. Мікіта Рыгосік, камандзір атрада, узяўся за афарбоўку грыбка над пясочніцай, а Алёна Праведнік прыводзіла ў парадак прылеглую тэрыторыю. Ксенія Клімчук, Міхаіл Буеў і Максім Ціунчык падарылі новы выгляд арэлям і кантэйнерам для смецця. Ксенія Журко, Кацярына Мармыш, Вераніка Конік і Ніна Маскалёва размалявалі яркімі фарбамі лаўкі, на якіх будзе прыемна адпачыць і дзецям, і дарослым. Адна з лавак трохі адрозніваецца ад усіх астатніх: на ёй дзеці напісалі назву свайго валанцёрскага атрада.

У памяць пра сябе на тэрыторыі пляцоўкі пасадзілі дрэва, якое будзе не толькі радаваць вока, але і частаваць усіх сакавітымі і смачнымі пладамі.

Валанцёрская акцыя “Новы вобраз дзіцячай пляцоўцы” — адна з добрых спраў сацыяльнага праекта “Вектар дабра: 50 добрых спраў для малой радзімы”, распрацаваная валанцёрамі і педагогамі школы да Года малой радзімы. У рамках праекта праведзена нямала акцый, аперацый, дэсантаў і іншых мерапрыемстваў. У рамках акцыі “Цуды на Каляды” валанцёры падарылі казку і салодкія прызы дзецям з цэнтра карэкцыйна-развіццёвага навучання і рэабілітацыі гарадскога пасёлка В.Бераставіца і дзіцячага сацыяльнага прытулку аграгарадка М.Бераставіца, узялі ўдзел у будаўніцтве хакейнай каробкі на тэрыторыі школы, сумесна з цімураўцамі і валанцёрамі з іншых атрадаў аказалі дапамогу адзінокім пажылым людзям, ветэранам педагагічнай працы падчас працоўнага дэсанту “Пажылыя людзі — наш клопат”, высадзілі каля тысячы саджанцаў бяроз і елак падчас Тыдня лесу, навялі парадак ля помніка загінулым воінам-аднавяскоўцам.

Хлопцы і дзяўчаты з атрада вядуць здаровы лад жыцця і заклікаюць да гэтага кожнага. А яшчэ выступаюць супраць наркаманіі, бо лічаць, што наркотыкі — біч нашага часу. І таму ладзяць дні інтэрактыву ў школе і на вуліцах аграгарадка, распаўсюджваюць буклеты і лістоўкі па прапагандзе ЗЛЖ, арганізоўваюць спартыўныя святы і міні-акцыі. Выступаюць з агітбрыгады па прафілактыцы наркаманіі “Жыццё з наркотыкамі — жыццё пад адхон” перад падлеткамі школы, удзельнікамі маладзёжнага парламента Бераставіцкага раёна. Валанцёры-інструктары роўнага навучання правялі трэнінгавыя заняткі “Наркотыкі — шлях у нікуды”, удзельнікамі якіх сталі старшакласнікі, члены антынаркатычных атрадаў раёна, на І раённым злёце атрадаў антынаркатычнага руху “Стагоддзе”.

У летні перыяд валанцёры пачнуць рэалізацыю міні-праекта “Лета ў кедах”, удзельнікамі якога стануць дзеці, не занятыя арганізаваным адпачынкам, малыя з дзіцячых аздараўленчых лагераў, дзіцячага сацыяльнага прытулку, цэнтра карэкцыйна-развіццёвага навучання і рэабілітацыі г.п. В.Бераставіца.

Валанцёры ўпэўненыя, што крок за крокам, сумеснымі намаганнямі атрымаецца зрабіць нашу малую радзіму яшчэ больш прывабнай.

Таццяна ПАЛАНЕЙЧЫК,
намеснік дырэктара сярэдняй школы аграгарадка Пагранічны
Бераставіцкага раёна Гродзенскай вобласці.