Вялікая стажыроўка дэлегацыі Узбекістана ў Беларусі

З 22 ліпеня па 5 жніўня ў Беларусі праходзяць стажыроўку прарэктары і кіраўнікі інавацыйных структур адукацыйных і навуковых устаноў Узбекістана. У аўторак з гасцямі сустрэўся міністр адукацыі Беларусі Ігар Карпенка.

Падчас сустрэчы Ігар Карпенка расказаў удзельнікам стажыроўкі пра сучасны стан і перспектывы развіцця навуковай і інавацыйнай дзейнасці ў Беларусі, а таксама адказаў на іх пытанні. Гасцей цікавіла ўсё: функцыянаванне профільных класаў у школах, прыём ва ўніверсітэты, ацэнка ведаў студэнтаў, арганізацыя студэнцкіх практык, размеркаванне выпускнікоў, магчымасці арганізацыі сумесных праграм на розных узроўнях адукацыі і іншыя. Міністр даў многія адказы, але ва ўдзельнікаў стажыроўкі наперадзе два тыдні, каб атрымаць поўнае ўяўленне пра сістэму адукацыі нашай краіны.

“Адметна, што стажыроўка адбываецца напярэдадні Форуму рэгіёнаў Беларусі і Узбекістана і візіту Прэзідэнта Узбекістана ў нашу краіну, — адзначыў Ігар Васільевіч. — Важнае месца ў гэтай стажыроўцы займаюць пытанні прафесійнай падрыхтоўкі кадраў. У нас з Узбекістанам актыўна развіваюцца ўзаемаадносіны, дзейніча­юць сотні прамых дамоў паміж установамі адукацыі, наладжана работа па сумеснай падрыхтоўцы кадраў па прынцыпе “2+2” (два гады ва Узбекістане і два — у Беларусі, пасля чаго выпускнікі атрымліваюць двайныя дыпломы). Абмяркоўваецца пытанне правядзення сумесных навуковых даследаванняў у рамках тых праектаў, што рэалізоўваюцца ў дзвюх краінах”.

У Беларусі вучацца каля 23 тысяч замежных студэнтаў са 108 краін свету. Стаіць задача і далей пашы­раць экспарт адукацыйных паслуг. Так, з гэтага года пачала дзейнічаць праграма прадстаўлення дзяржаўных грантаў найбольш таленавітым замежнікам для навучання ў Беларусі. Сярод першых атрымальнікаў такіх грантаў ёсць і грамадзяне Узбекістана.

Праграма стажыроўкі дэлегацыі з Узбекістана надзвычай насычаная. За два тыдні ў Беларусі госці наведаюць вядучыя ўстановы вышэйшай адукацыі, пабыва­юць ва ўніверсітэцкіх лабараторыях і тэхнапарках, азнаёмяцца з работай інавацыйных прадпрыемстваў, што дзейнічаюць у структуры вышэйшай школы. Напрыклад, учора госці ўвесь дзень правялі ў Беларускім нацыянальным тэхнічным універсітэце. Ім паказалі перадавыя навукова-даследчыя лабараторыі, інавацыйныя плазменныя і лазерныя тэхналогіі, а таксама ўнікальныя (у тым ліку медыцынскія) распрацоўкі навукова-тэхналагічнага парка “Політэхнік”.

Як адзначыла намеснік дырэктара па навуцы Інстытута мікрабіялогіі Акадэміі навук Узбекістана Шахло Міралімава, мэта стажыроўкі — абмен вопытам інавацыйнай дзейнасці. “Мы вельмі спадзяёмся, што вынікі гэтага візіту дапамогуць нам наладзіць дзейнасць у рэчышчы развіцця інавацый”, — заўважыла госця.

Важна, што ўдзельнікі стажыроўкі азнаёмяцца з вопытам інавацыйнай работы не толькі сталічных, але і рэгіянальных устаноў адукацыі. Так, запланаваны іх візіт у Полацкі дзяржаўны ўніверсітэт, а таксама ў Брэсцкі дзяржаўны тэхнічны ўніверсітэт.

Госці наведаюць Рэспубліканскі інстытут прафесійнай адукацыі і Рэсурсны вучэбны цэнтр у галіне экалогіі, энергетыкі і энергаэфектыўнасці “ЭкаТэхнаПарк — Волма” РІПА, што ў Дзяржынскім раёне. Для іх будуць арганізаваны экскурсіі і на беларускія прамысловыя гіганты — Мінскі трактарны завод, Мінскі аўтамабільны завод, а таксама “БелАЗ” у Жодзіне. З вопытам міжнароднага супрацоўніцтва ў сферы інавацыйнай дзейнасці ўдзельнікі стажыроўкі азнаёмяцца на прыкладзе індустрыяльнага парка “Вялікі камень”.

Галіна СІДАРОВІЧ.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.