Вялікі дом вялікай сям’і

Вось такая вялікая сям’я адзначыла наваселле ў двухпавярховым катэджы ў гродзенскім мікрараёне Пагараны-Кашэўнікі. Дзіцячы дом сямейна тыпу, дзе мама Марыя Францаўна і бацька Іван Анатольевіч Найда выхоўваюць 14 дзяцей — дваіх сваіх і дванаццаць прыёмных, атрымаў прапіску ў новым вялікім доме плошчай 280 квадратных метраў.

Гэта самая вялікая прыёмная сям’я ў Гродне. Дарыць любоў, цеплыню і клопат прыёмным дзецям тут пачалі ў 2007 годзе, калі ўпершыню ўзялі на выхаванне пяцярых дзяцей. За гэтыя гады 24 выхаванцы атрымалі сям’ю, некаторыя з іх ужо маюць свае сем’і, у іх нарадзіліся дзеці. І для кожнага прыёмная сям’я застаецца сваёй. Вось і на наваселле разам з іншымі гасцямі прыйшлі былыя выхаванцы Марыі Францаўны і Івана Анатольевіча.

Бойкая васьмікласніца Ліза паказвае новы дом, расказвае пра сваё жыццё і планы. Спачатку гаворыць, што марыць стаць настаўніцай, а потым дадае, што, магчыма, лагістам. Дзяўчынка больш за ўсё любіць на снеданне маміны бліны. “А сёння раніцай быў амлет”, — падключаецца да размовы васьмікласнік Міраслаў. Таксама яны расказваюць, што на агародзе пасадзілі ўжо клубніцы, моркву. Самыя маленькія — пяцігадовы Ілья і шасцігадовая Лера — не адыходзяць ад бацькоў. Але часам цікавасць да новай забавы, якую падарылі шэфы з “Белай Русі” — вялікага батута — перасільвае і дзеці аддаюцца гульні.

Такая значная падзея для вялікай сям’і стала магчымай дзякуючы рэалізацыі сацыяльнага праекта ААТ “АСБ Беларусбанк”. Кошт дома з прысядзібным участкам, лазняй, гаражом абышоўся ў 350 тысяч беларускіх рублёў.

— Вельмі важна, каб усе дзеці мелі магчымасць адчуваць цяпло і клопат, сапраўдную сямейную ўтульнасць, — гаворыць старшыня праўлення ААТ “АСБ Беларусбанк” Віктар Ананіч. — Такі дом ужо шаснаццаты, і рэалізацыя праграмы па будаўніцтве дзіцячых дамоў сямейнага тыпу будзе працягнута.

Гасцей у гэты дзень было шмат. І падарункаў таксама. Сярод самых запатрабаваных — перададзены ў бязвыплатнае карыстанне сям’і Найда аўтобус малога класа беларускай вытворчасці на 16 месцаў. Як паведаміла начальнік аддзела адукацыі, спорту і турызму адміністрацыі Кастрычніцкага раёна Гродна Алена Адамовіч, гэтым падарункам Беларусбанка могуць скарыстацца і яшчэ тры прыёмныя сям’і, якія жывуць у Кастрычніцкім раёне Гродна.

Камп’ютар, грашовы сертыфікат ад Гродзенскага гарвыканкама, спартыўны інвентар, салодкія пачастункі, падарункі-пасылкі ад Белпошты, якія даставілі ў двор на спецыяльным аўтамабілі, сімвалічны ключ ад новага дома, пажаданні здароўя і сямейнага дабрабыту — усё стварала святочны настрой.

— Гэты дом — проста цуд, — гаворыць Марыя Найда. — Мы ўдзячны ўсім, хто дапамог нашай сям’і яго атрымаць. Мы застаёмся сям’ёй для кожнага з нашых дзяцей, нягледзячы на тое, што яны ўжо дарослыя і жывуць асобна. Адчуваць цяпло бацькоўскага дома вельмі важна.

Сімвалічную чырвоную стужку перарэзалі старшыня праўлення ААТ “АСБ Беларусбанк” Віктар Ананіч, старшыня Гродзенскага гарвыканкама Мечыслаў Гой і Іван Найда. Пасля гаспадары запрасілі ўсіх у новы дом.

Надзея ВАШКЕЛЕВІЧ.
Фота аўтара.