Вялікі гонар

- 11:49Актуально, Апошнія запісы

Раніцай 4 ліпеня ў калоннай зале Цэнтральнага Дома афіцэраў Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь з удзелам міністра адукацыі Ігара Васільевіча Карпенкі, прадстаўнікоў Міністэрства абароны, Міністэрства па надзвычайных сітуацыях і Міністэрства ўнутраных спраў адбылася ўрачыстая цырымонія ўганаравання ўдзельнікаў зводнага параднага разліку навучэнцаў кадэцкіх вучылішчаў і спецыялізаваных ліцэяў МУС і МНС, якім выпаў гонар прыняць удзел у ваенным парадзе войск Мінскага гарнізона, прысвечаным Дню Незалежнасці Рэспублікі Беларусь і 75-годдзю вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў.

Упартай працай, поспехамі ў вучобе кожны з юных удзельнікаў урачыстасці заслужыў права прадстаўляць на ваенным парадзе сваё кадэцкае вучылішча. Паўтара месяца напружаных трэніровак, падчас якіх удасканальвалася страявое майстэрства, а таксама сіла волі, жаданне быць лепшым, падтрымка і высокі прафесіяналізм афіцэраў і педагогаў прынеслі плённы вынік — юнакі годна прадставілі свае ўстановы адукацыі ў складзе зводнага параднага разліку навучэнцаў кадэцкіх вучылішч і спецыялізаваных ліцэяў МУС і МНС.

— У першую чаргу хачу павіншаваць вас з галоўным дзяржаўным святам — Днём Незалежнасці і 75-годдзем вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Святы абавязак кожнага беларуса — захоўваць памяць пра вялікі подзвіг нашых продкаў, шанаваць іх прыклад, доблесць, мужнасць і сілу духу. Вельмі важна, каб гераічнае мінулае заставалася ў нашым жыцці як частка непарушнай гісторыі Бацькаўшчыны. Захоўваючы гісторыю, мы закладваем трывалую аснову нашай сувязі з будучымі пакаленнямі, выхоўваючы маладых людзей у духу сапраўднага патрыятызму, павагі і любові да сваёй Радзімы. Учора адбыўся ваенны парад войск Мінскага гарнізона, у якім вы прымалі самы актыўны ўдзел. Ваш удзел у парадзе мае асаблівае значэнне, таму што вы будучыя абаронцы Айчыны. Вы ўжо вызначыліся з вашай прафесійнай будучыняй служыць Айчыне. Упэўнены, што ваенны парад стаў для вас не проста падзеяй, а яркім запамінальным святам, удзелам у якім вы будзеце ганарыцца ўсё сваё жыццё, — звярнуўся да ўдзельнікаў урачыстасці міністр адукацыі Ігар Васільевіч Карпенка.

Па словах начальніка 2-га аддзела ўпраўлення маральна-псіхалагічнага забеспячэння галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы Міністэрства абароны палкоўніка Фёдара Уладзі­міравіча Яфіменкі, праведзены парад войскаў — гэта найважнейшае дзяржаўнае мерапрыемства, якое прадэманстравала, што нам усім ёсць што абара­няць. Гэта незалежнасць, суверэнітэт, стабільнасць і бяспека на нашай зямлі. Парад паказаў, што ў нас ёсць і чым абараняць гэтыя галоўныя каштоўнасці беларускага народа. Гэта ваенная арганізацыя дзяржавы, Узброеныя Сілы, найноўшая тэхніка, у тым ліку вырабленая на айчынных прадпрыемствах ваенна-прамысловага комплексу. Але галоўнае, што для абароны мірнай працы беларускага народа ёсць людзі. Гэта ваеннаслужачыя беларускай арміі, наша выдатная моладзь, нашы будучыя абаронцы — навучэнцы кадэцкіх вучылішчаў і спецыялізаваных ліцэяў МУС і МНС. Сваёй працай, удзелам у пара­дзе яны паказалі, што працягваюць традыцыі пакалення пераможцаў. Гэтым можна і трэба ганарыцца.

За высокі прафесіяналізм, умелыя ініцыятыўныя дзеянні, праяўленыя пры падрыхтоўцы і ў ходзе правядзення ваеннага парада ў гонар Дня Незалежнасці Рэспублікі Беларусь, памятным знакам удзельніка парада, па­дзякай удзель­ніку парада, падзякай Міністэр­ства адукацыі, а таксама памятнымі падарункамі аб удзеле ў ваенным пара­дзе войск Мінскага гарнізона ўзнагароджаны навучэнцы Брэсцкага абласнога кадэцкага вучылішча, Віцебскага кадэцкага вучылі-­шча, Полацкага кадэцкага вучылішча, Гомельскага кадэцкага вучылішча, Гро­дзенскага абласнога кадэцкага вучылішча, Мінскага гарадскога кадэцкага вучылішча, Мінскага абласнога кадэцкага вучылішча, Магілёў­скага абласнога кадэцкага вучылішча. Асобныя ўзнагароды і падзякі былі ўручаны ад сілавых міні­стэрстваў прадстаўнікам кадэцкіх вучылішчаў, спецыялізаваных ліцэяў МУС і МНС. Акрамя таго, аб’яўлены падзякі міністра адукацыі з уручэннем каштоўных падарункаў выхавальнікам Мінскага гарадскога кадэцкага вучылішча, Брэсцкага абласнога кадэцкага вучылішча, Мінскага абласнога кадэцкага вучылішча, Гомельскага кадэцкага вучылішча.

— Мяне, як і маіх таварышаў, перапаўняе асаблівае пачуццё. Прыняўшы ўдзел у ваенным парадзе, мы ганарымся аказаным даверам з боку кіраўніцтва нашай краіны, што сталі часцінкай дэманстрацыі магутнасці Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь. Дзякуй нашым камандзірам, што паверылі ў нас, мы, спадзяюся, апраўдалі ўсе іх намаганні і спадзяванні. Дзякуй усім, хто быў побач з намі на ўсіх этапах падрыхтоўкі да парада. Мы ўсведамляем адказнасць за сучаснасць і будучыню нашай краіны, гатовы да выканання грамадзянскага і воінскага абавязку па абароне інтарэсаў нашай любімай Радзімы. Хачу пажадаць усім дабра, шчасця, і няхай збываюцца ўсе мары! — выступіў ад імя юных удзельнікаў ваеннага парада войск Мінскага гарнізона навучэнец 10 класа Брэсцкага абласнога кадэцкага вучылішча Пётр Кузьміцкі.

Ігар ГРЭЧКА.
Фота аўтара.