Вялікі карабель у акіяне творчасці

У Віцебску пасля мадэрнізацыі і капітальнага рамонту быў урачыста адкрыты абласны Палац дзяцей і моладзі.

Прасторны і прыгожы будынак на вуліцы Шчарбакова-Набярэжнай, 8 зноў расчыніў свае дзверы для юных творцаў. На працягу васьмі месяцаў тысячы яго выхаванцаў разам з педагогамі жылі ў чаканні гэтай падзеі, і для кожнага з іх яна стала цудоўным падарункам да новага навучальнага года. Нібы вялікі сучасны карабель, палац поўнасцю гатовы да захапляльных падарожжаў па акіяне фантазіі, майстэрства і крэатыву. Будынак, апошні капітальны рамонт якога праводзіўся ў 1989—1990 гадах і частковы — у 2011 годзе, поўнасцю змяніў сваё аблічча. Адноўлены фасад, адрамантаваны залы, кабінеты і студыі, матэрыяльна-тэхнічная база прыведзена ў адпаведнасць з сучаснымі стандартамі: набыты новыя мэбля і аргтэхніка, швейнае абсталяванне і музычныя інструменты, інтэрактыўныя панэлі, праектар, тэхналагічнае абсталяванне для актавай залы і студыі гуказапісу. На рамонт і мадэрнізацыю з абласнога бюджэту было выдаткавана каля 3,2 млн рублёў. Тут створаны ўсе ўмовы для камфортнага і бяспечнага знаходжання, навучання і творчасці, гарманічнага развіцця і рэалізацыі здольнасцей, нараджэння новых ініцыятыў і праектаў, смелых экперыментаў.

Як паведаміў дырэктар палаца Дзмітрый Андрэеў, у гэтым навучальным годзе ў 450 аб’яднанняў па інтарэсах прыйдуць займацца каля 6 тысяч навучэнцаў. Да традыцыйных і знаёмых многім пакаленням віцяблян гурткоў з 1 верасня далучацца новыя. Так, будучыя музыканты пачнуць асвойваць саксафон, а старшакласнікі — вывучаць таямніцы астраноміі. У мінулым годзе ва ўстанове дадатковай адукацыі амаль 35 тысяч навучэнцаў з усёй Віцебшчыны прынялі ўдзел прыкладна ў 200 абласных мерапрыемствах, этапах рэспубліканскіх конкурсаў, фестывалях, аглядах, выставах і спаборніцтвах. Цяпер інфраструктура палаца дазваляе арганізоўваць і праводзіць іх на найвышэйшым узроўні, у тым ліку па фізкультурна-спартыўным, спартыўна-тэхнічным, турысцка-краязнаўчым профілях.

Падзяліць радасць з гаспадарамі палаца завіталі ганаровыя госці — старшыня аблвыканкама Мікалай Шарстнёў, старшыня абласнога Савета дэпутатаў Уладзімір Цярэнцьеў, начальнік галоўнага ўпраўлення па адукацыі аблвыканкама Дзмітрый Хома, старшыні гарадскіх і раённых выканаўчых камітэтаў, кіраўнікі адміністрацый раёнаў Віцебска.

— Установа разнапланавая — пачынаючы з турыстычных гурткоў, пошукавікаў, эколагаў і завяршаючы эстэтычным напрамкам, — адзначыў Уладзімір Цярэнцьеў. — Са светлымі пачуццямі ўручаю падарунак — сертыфікат на набыццё новых інструментаў для ўзорнага цымбальнага аркестра, таму што я сам яго выхаванец. Заўсёды з цеплынёй успамінаю аркестр, заняткі па класе баяна, абласны піянерскі штаб, работу на грамадскіх пачатках намеснікам старшыні абласной піянерскай дружыны і яе сцяганосцам, уд зел у дыскусійных камсамольскіх клубах, адказныя выхады на сцэну падчас гарадскіх і абласных мерапрыемстваў у якасці вядучага. Шчыра ўдзячны палацу і цудоўным людзям, якія ў ім працавалі і працуюць, увайшлі ў яго гісторыю і пішуць яе новыя старонкі. Нездарма сёння побач з намі нашы дзеці і іх бацькі, педагогі і ветэраны педагагічнай працы — мне асабліва прыемна бачыць былых дырэктара Палаца піянераў Вольгу Баранок і начальніка ўпраўлення адукацыі аблвыканкама Івана Шчурка. Многім пакаленням установа дала пуцёўку ў жыццё, а цяпер у поўным сэнсе слова стала палацам.

Кіраўнік вобласці акцэнтаваў увагу прысутных старшыняў гар(рай)выканкамаў: абласны Палац дзяцей і моладзі — варты пераймання ўзор, падобныя палацы, цэнтры для заняткаў па інтарэсах павінны быць ва ўсіх гарадах і раёнах. Мікалай Мікалаевіч выказаў спадзяванне, што са сцен установы дадатковай адукацыі выйдуць творчыя людзі, магчыма, лепшыя з лепшых, якія праславяць нашу Радзіму. І падарыў героям свята відэакамеру — сімвалічны пачатак кінастудыі, дзе навучэнцы будуць не толькі ствараць сваё тэлебачанне, працаваць над дакументальнымі і мастацкімі фільмамі, але і асвойваць папулярны ў маладзёжным асяроддзі відэаблогінг.

— Сёння свята для ўсяго горада: адкрыты ўнікальны аб’ект, — адзначыў Мікалай Шарстнёў. — У гэтым будынку займаецца па інтарэсах некалькі тысяч хлопчыкаў і дзяўчынак штогод. Я лічу, пачатак развіцця нашых дзяцей менавіта тут. Наша задача, улады і педагогаў, — весці дзяцей, вучыць іх і накіроўваць, знайсці на генетычным узроўні тыя творчыя пасылы, якія ёсць у дзіцяці, даць ім развіццё. Тады ім будзе прасцей знайсці сябе ў самастойным жыцці, не змарнаваць час. Трэба адчуць, убачыць і сфарміраваць творчую асобу, не дапускаючы памылак. Мяркую, кожны, хто наведваў палац, праз творчасць і захапленні прыйшоў у прафесію, выбраў дастойны ўласны шлях. Для нас гэта аснова, бо так мы фарміруем будучыню, заўтрашні дзень Віцебшчыны і краіны.

Таццяна БОНДАРАВА.
Фота аўтара.