Вялікі кастынг у “Спамаш”

- 12:14Культура

У год свайго 15-годдзя найбуйнейшы ў Беларусі прадзюсарскі цэнтр “Спамаш” аб’явіў вялікі кастынг артыстаў і музычных калектываў. Да 7 красавіка 2019 года любы малады выканаўца або музычны калектыў ва ўзросце ад 16 да 35 гадоў, які гатовы стаць новай зоркай Беларусі, можа падаць заяўку на ўдзел у кастынгу і атрымаць унікальны шанc стаць часткай каманды цэнтра “Спамаш”.

Дырэктар прадзюсарскага цэнтра Анжаліна Мікульская адзначае: “Мы не шукаем гатовых артыстаў, мы шукаем тых, хто гатовы разам з намі прайсці няпросты шлях і заняць сваё месца на сцэне. Ад новай асобы нашага цэнт­ра мы чакаем жадання працаваць і развівацца. А вось рэпертуар, здымкі кліпаў, запісы, работу са сродкамі масавай інфармацыі, канцэрты і ўсё, што звязана з “раскруткай”, мы бяром на сябе і гаран­туем вынік!”

На працягу ўсёй сваёй гісторыі пра­дзюсарскі цэнтр “Спамаш” займаўся пошукам таленавітых беларускіх маладых выканаўцаў, іх падтрымкай і прамоўшнам. Сярод выпускнікоў і тых, з кім супрацоўнічаў “Спамаш” у розныя гады, самыя запатрабаваныя артысты і аўтары краіны: заслужаная артыстка Рэспублікі Беларусь Алёна Ланская, Іван Вабішчэвіч, Аляксей Грос, Іван Буслай, Юрый Вашчук (Тэа), Дарыя, Герман, Леанід Шырын, Яўген Алейнік, Юлія Быкава, Уладзімір Кандрусевіч і многія іншыя.

А адкрыццё ў канцы 2018 года новай культурнай прасторы цэнтра значна пашырыла магчымасці паспяховай падрыхтоўкі і работы з новымі артыстамі. Бо “Спамаш”, акрамя прадзюсар­скай, мае і рэжысёрскую, а таксама сту­дыю мастацтваў і гуказапісвальную — самую сучасную ў Беларусі. “Спамаш” класна абсталяваны тэхнікай! Хоць зараз тут адкрывай “фабрыку зорак”!” — не хавае эмоцый на сваёй старонцы “УКантакце” Алёна Лан­ская. Разам з ёй сёння ў камандзе пра­дзюсарскага цэнтра “Спамаш” працуюць заслужаная артыстка Рэспублікі Беларусь Наталля Тамела, кампазітар Леанід Шырын і іншыя таленавітыя прафесіяналы сваёй справы, і яны гатовы падзяліцца сваімі ведамі і сакрэтамі майстэрства з маладымі талентамі.

Мікола ЧЭМЕР.