Вялікі крок да новых перамог

- 15:02Актуальна, Апошнія запісы

Міністр адукацыі Ігар Карпенка 18 ліпеня прыняў удзел у мерапрыемствах Дня моладзі на XXIX Міжнародным фестывалі мастацтваў “Славянскі базар у Віцебску”.

Важнай падзеяй у жыцці горада і рэгіёна стала адкрыццё мадэрнізаванага стадыёна ў Віцебскім дзяржаўным універсітэце імя П.М.Машэрава. Гатовы прымаць спаборніцтвы самага высокага ўзроўню, новы спартыўны аб’ект ўключае трэніровачныя пляцоўкі для баскетбола 3 ´ 3, класічнага баскетбола 5 ´ 5 з траўмабяспечным маналітным гумовым пакрыццём і валейбольныя пляцоўкі з пашыранымі зонамі бяспекі, а таксама сучаснае футбольнае поле са штучным газонам, якое поўнасцю адпавядае правілам аматарскага футбола ў фармаце 8 ´ 8 чалавек, пляцоўкі для сілавых практыкаванняў з вулічнымі трэнажорамі і для заняткаў варкаўтам, бегавыя дарожкі з сертыфікаваным пакрыццём, сектар для скачкоў у даўжыню. Другое нараджэнне стары ўніверсітэцкі стадыён атрымаў дзякуючы рашэнню Міністэрства адукацыі і падтрымцы мясцовай улады. Дызайн-праект аб’екта і яго напаўнення — распрацоўка мастацка-графічнага факультэта. Тэрыторыя мае вулічнае асвятленне, што дае магчымасць паўнавартасна выкарыстоўваць спартыўныя пляцоўкі ў цёмны час сутак. З улікам асаблівасцей адукацыйнага працэсу вучэбныя заняткі тут бу­дуць праходзіць з 8 раніцы да 17.30 вечара, у больш позні час плануюцца трэніровачныя заняткі са студэнтамі факультэта фізічнай культуры і спорту. Усталяваны на стадыёне шматфункцыянальны святлодыёдны экран дазваляе як суправа­джаць спартыўныя мерапрыемствы, так і трансліраваць прэзентацыйныя і вучэбныя відэаматэрыялы.

Падзяліць радасць свята са студэнтамі і педагогамі ўніверсітэта разам з Ігарам Карпенкам на мерапрыемства завіталі старшыня Віцебскага аблвыканкама Мікалай Шарснёў, кіраўнік абласнога дэпутацкага корпуса Уладзімір Цярэнцьеў, памочнік Прэзідэнта — інспектар па Віцебскай вобласці Анатоль Ліневіч, кіраўнікі гарвыканкама і гарадскога Савета дэпутатаў, структурных падраздзяленняў аблвыканакама, адміністрацыі Першамайскага раёна Віцебска, рэктары ўстаноў вышэйшай адукацыі і ўдзельнікі рэспубліканскага маладзёжнага цягніка “#Беларусь. Моладзь. Натхненне”. Яркі, экспрэсіўны старт урачыстасці дало выступленне ансамбля мажарэтак “Макстон” гімназіі № 7 абласнога цэнтра, узорнага харэаграфічнага калектыву “Акцэнт” гарадскога цэнтра дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі і зводнага творчага калектыву ВДУ. Віншуючы прысутных са знамянальнай падзеяй, Мікалай Шарснёў акцэнтаваў увагу на вялікай рабоце, якая праводзіцца ў рэгіёне па стварэнні спрыяльных умоў для аздараўлення моладзі і дарослага насельніцтва, арганізацыі трэніровак прафесійных спартсменаў, каб яны праслаўлялі свой край. Увядзенне ў эксплуатацыю новых спартыўных аб’ектаў штогод — добрая традыцыя. У кожным раёне, горадзе будуюцца і мадэрнізуюцца стадыёны, спартыўныя залы, басейны, летнія пляцоўкі, міні-пляцоўкі — і самае важнае, што ўсе яны поўнасцю задзейнічаны. Адпаведна ёсць вынік: менавіта каманда Віцебшчыны за апошнія 2 гады прывозіць з міжнародных спаборніцтваў больш за ўсіх медалёў. Некалькі гадоў назад месца для ўзвядзення ў Віцебску Цэнтра па скачках на батуце (залаты медаль Уладзіслава Ганчарова — першая ў гісторыі Беларусі алімпійская ўзнагарода ў гэтым відзе спорту, прыгажун цэнтр адкрылі ў сакавіку мінулага года) выбралі побач з ВДУ імя П.М.Машэрава. Практычна адначасова паўстала задача па мадэрнізацыі стадыёна ўніверсітэта, якую ўдалося вырашыць пры фінансавай падтрымцы Міністэрства адукацыі. Старшыня аблвыканкама перадаў рэктару ВДУ Валянціне Багатыровай сертыфікат на набыццё спартыўнага інвентару і абсталявання і адзначыў: “Мы павінны думаць на перспектыву. Побач знаходзіцца аўтастаянка — у наступным годзе гэта будзе ваша тэрыторыя, падумайце, як правільна яе выкарыстаць на карысць калектыву, горада, рэгіёна”.

— У Рэспубліцы Беларусь фізічнае выхаванне і спорт з’яўляюцца аднымі з найважнейшых прыярытэтаў дзяржаўнай сацыяльнай палітыкі, — падкрэсліў у прывітальным слове Ігар Карпенка. — Заканамерна, што ініцыіраваныя кіраўніком дзяржавы Аляксандрам Рыгоравічам Лукашэнкам новыя падыходы да сістэмы фізічнага выхавання паслужылі стымулам для далейшага развіцця фізічнай культуры і спорту сярод студэнцкай моладзі. З кожным годам студэнцкі спорт у нашай краіне набірае ўсё большую папулярнасць, перад маладымі беларусамі адкрыты шлях да выступленняў на спартыўных спаборніцтвах самага высокага ўзроўню. Мы па праве можам ганарыцца сваімі студэнтамі, іх спартыўнымі вынікамі — у цэлым гэта 95 медалёў чэмпіянатаў свету і 25 алімпійскіх медалёў. Надзейная база для студэнцкага спорту — школьны спорт. Па ініцыятыве Міністэрства адукацыі і пры падтрымцы Міністэрства спорту і турызму, Нацыянальнага алімпійскага камітэта Рэспублікі Беларусь, абласных і Мінскага гарадскога выканаўчых камітэтаў створана і актыўна дзейнічае Беларуская асацыяцыя школьнага спорту. Толькі з 2013 года на чэмпіянатах свету сярод школьнікаў прадстаўнікі нашай краіны заваявалі 13 медалёў. Беларусь захоўвае і падтрымлівае статус спартыўнай дзяржавы. Літаральна ў чэрвені пры санаторыі-прафілакторыі Беларускага нацыянальнага тэхнічнага ўніверсітэта “Палітэхнік” адбылося адкрыццё лыжа­ролернай трасы. Сённяшні дзень па праве стане датай нараджэння новага многафункцыянальнага спартыўнага комплексу ў Віцебскім дзяржаўным універсітэце імя П.М.Машэрава — установе адукацыі са слаўнай, амаль 110-гадовай гісторыяй. Сучасны шматпрофільны стадыён будзе выдатным падарункам не толькі для выкладчыкаў і студэнтаў да юбілею ўніверсітэта: тут будуць займацца школьнікі, навучэнцы іншых устаноў адукацыі, выхаванцы спартыўных школ і жыхары прылеглага мікрараёна, будуць праводзіцца разнастайныя спартыўныя мерапрыемствы.

Кіраўнік ведамства ўручыў Валянціне Багатыровай сімвалічны ключ ад спартыўнага аб’екта і перадаў студэнтам у падарунак да свята спартыўны інвентар. Рэктар універсітэта падзякавала ганаровым гасцям і вялікаму дружнаму калектыву ўстановы вышэйшай адукацыі за дапамогу, падтрымку і праведзеную работу. За гады існавання факультэт фізічнай культуры і спорту ВДУ падрыхтаваў больш за 5 тысяч спецыялістаў. У іх ліку нямала вядомых спартсменаў, якія сваімі перамогамі ўславілі Радзіму, алімпійскіх чэмпіёнаў.

— З адкрыццём стадыёна мы набылі неабходныя рэсурсы, каб заявіць пра сябе як сучасны цэнтр прафесійнай падрыхтоўкі мола­дзі, — расказала Валянціна Васільеўна. — Фізкультура і спорт — важны элемент вучэбнай праграмы побач з прафесійнымі дысцыплінамі, толькі так мы зможам выхаваць гарманічна развітую асобу. Сёння ўсе мы сталі сведкамі новай старонкі ў гісторыі ВДУ. Упэўнена: яна дасць пачатак новым дасягненням і перамогам, што асабліва знакава ў юбілейны год
75-годдзя перамогі савецкага народа над нямецка-фашысцкімі захопнікамі. Пра гэта я зараз кажу зусім не выпадкова. У гонар падзеі мы падрыхтавалі для нашых гасцей падарунак: вынік унікальнага праекта ўніверсітэта — створаны на філалагічным факультэце альбом “75 слоў-помнікаў, народжаных Вялікай Перамогай”. Работа прызнана пераможцай сёлетняга конкурсу на лепшы інавацыйны праект універсітэта.

Пасля ўрачыстай цырымоніі адкрыцця першы гол у вароты новага стадыёна запісаў на свой рахунак Мікалай Шарснёў. На новых пляцоўках адбыліся паказальныя выступленні па варкаўце і кросфіце, таварыскія матчы па футболе, валейболе і баскетболе.

Таццяна БОНДАРАВА.
Фота аўтара.