Вялікі падарунак для маленькіх магіляўчан

Адкрыццём плавальнага басейна і вялікім спартыўным святам адзначылі заканчэнне будаўніцтва дзіцячага садка № 117 у Магілёве. Першая чарга комплекснай дашкольнай установы, размешчанай у мікрараёне абласнога цэнтра, які развіваецца, была ўведзена ў строй у сярэдзіне снежня 2017 года. Яркі і ўтульны садок на 240 месцаў стаў сапраўдным падарункам для маленькіх магіляўчан у рамках святкавання 750-годдзя Магілёва і 80-годдзя з дня ўтварэння Магілёўскай вобласці. Усяго праз 2 месяцы ў садку стаў працаваць паўнавартасны басейн.

Паводле слоў старшыні Магілёўскага гарвыканкама Уладзіміра Цумарава, кошт праекта склаў каля 7 млн рублёў. У першую чаргу будаўніцтва ўвайшлі трохпавярховы будынак з дзвюма спартыўнымі і актавай заламі, прасторнымі дзіцячымі групамі, сучасным кухонным блокам, абсталяваным параканвектарам і печчу, медыцынскай часткай з асобнымі кабінетамі масажу, фізія- і парафінатэрапіі, інгаляцый, святлолячэння.

— Такі дзіцячы сад быў вельмі патрэбны гэтаму мікрараёну, — адзначыў кіраўнік абласнога цэнтра. — Я ведаю, колькі тут сем’яў стаіць на чарзе, каб аддаць сваё дзіця ў дашкольную ўстанову. Многім бацькам даводзілася вазіць дзяцей у іншыя мікрараёны, таму было прынята рашэнне аб закладцы ў Казіміраўцы сучаснага дзіцячага сада — комплекснай дашкольнай установы, арыентаванай на актыўнае фізічнае развіццё дзяцей.

Завяршальным этапам будаўніцтва аб’екта стаў увод у эксплуатацыю басейна, які размясціўся ў асобным будынку і злучаны з асноўным корпусам галерэяй. Для камфортных заняткаў плаваннем тут створаны ўсе неабходныя ўмовы з захаваннем усіх норм бяспекі. Басейн абсталяваны сучаснымі датчыкамі і ўнікальнай сістэмай ачысткі, якая працуе ў аўтаматычным рэжыме і дазваляе мяняць ваду ўсяго адзін раз у год.

Дарэчы, басейн змогуць наведваць не толькі выхаванцы новай дашкольнай установы, але і ўсе жадаючыя, у тым ліку дзеці з абмежаванымі магчымасцямі: плавальны комплекс абсталяваны спецыяльнымі поручнямі і стацыянарным пад’ёмнікам. Платныя секцыі для дзяцей ва ўзросце ад 2 да 7 гадоў, а таксама для іх бацькоў будуць функцыянаваць на базе ўстановы на працягу ўсяго рабочага тыдня ў другой палове дня.

— Фізічная культура — гэта неад’емная частка здароўя дзяцей, а значыць, беларускай нацыі ў цэлым, — адзначыла загадчыца дашкольнай установы Ірына Стражэвіч. — Дзеці будуць плаваць, у іх будзе ўмацоўвацца сардэчна-сасудзістая, мышачная і нервовая сістэмы. Басейн — гэта не толькі жыццёва неабходны навык трымання на вадзе, але і істотнае ўмацаванне здароўя дзяцей. Важна, што сёння мы імкнёмся да інклюзіўнай адукацыі, і асаблівыя дзеткі таксама змогуць бесперашкодна займацца плаваннем. Мы да гэтага гатовы.

Па словах суразмоўніцы, з запускам дашкольнай установы створана больш як 60 рабочых месцаў для педагогаў, інструктараў па плаванні, медыцынскага і тэхнічнага персаналу. Толькі з уводам басейна на работу запрасілі 8 спецыялістаў.

На цяперашні момант дзіцячы сад № 117 — самы сучасны ў абласным цэнтры. Яго наведваюць 305 дзяцей. Такім чынам, на сёння ў гэтай частцы горада знята праблема з месцамі ў дзіцячых дашкольных установах. У найбліжэйшых планах развіцця мікрараёна — будаўніцтва сярэдняй школы, якое плануецца пачаць ужо ў гэтым годзе. Вырашаецца пытанне аб неабходнасці ўводу тут яшчэ аднаго дзіцячага садка і паліклінікі.

Дарэчы, да ўрачыстага адкрыцця басейна была прымеркавана спартакіяда, у якой прынялі ўдзел выхаванцы дашкольных устаноў адукацыі мікрараёнаў Спадарожнік і Казіміраўка — пяць каманд па восем чалавек. Для дзяцей былі падрыхтаваны цікавыя выпрабаванні на хуткасць і кемлівасць. Пераможцаў узнагародзілі спецыяльнымі дыпломамі і салодкімі падарункамі.

Юлія БАЧКАРОВА.
Фота аўтара.