Вялікі трыумф маленькіх аніматараў

- 11:21Навіны рэгіёнаў

Гісторыя ведае мноства прыкладаў, калі яшчэ ў юным узросце людзі праяўлялі надзвычайныя таленты і дасягалі вяршынь. Сёння такіх прыкладаў становіцца ўсё больш, таму што для выспявання талентаў ствараюцца спрыяльныя ўмовы, як, напрыклад, у дашкольным цэнтры развіцця дзіцяці Барысава, выхаванцы якога ўдзельнічаюць і перамагаюць у міжнародных конкурсах.

У ДЦРД Барысава дзейнічае дзіцячая студыя анімацыі “Мультыфокус”. Дзеці ствараюць анімацыйныя фільмы і паспяхова ўдзельнічаюць з імі ў розных конкурсах. Так, іх работы атрымалі прыз “Малы крыштальны аловак” і спецыяльны дыплом пераможцы ў намінацыі “Самаму юнаму стваральніку анімацыйнага фільма” на XX Міжнародным фестывалі анімацыйных фільмаў “Анімаёўка-2017”. А нядаўна прыйшлі добрыя весткі з Казані, дзе праходзіў Міжнародны дзіцячы кінафестываль “Савяня”.

Кінафестываль “Савяня” — гэта комплекснае педагагічнае, культурна-асветніцкае мерапрыемства, якое заклікана спрыяць узбагачэнню духоўнай, інтэлектуальнай, творчай сферы дзяцей і падлеткаў, выхаванню глядацкай культуры. Сёлета фестываль праводзіўся другі раз і запрашаў юных творцаў да ўдзелу ў некалькіх намінацыях: “Ігравы фільм”, “Неігравы фільм”, “Тэлевізійны сюжэт”, “Рэклама (у тым ліку сацыяльная)”, “Музычны кліп”, “Анімацыя”, “Мабільнае відэа”. Дзве работы юных барысаўчан былі заяўлены да ўдзелу ў намінацыі “Анімацыя”. Журы высока ацаніла арыгінальнасць задумкі, сэнсавую завершанасць работы, працаёмкасць, якасць прапрацоўкі кадра, стыль, эмацыянальнае ўздзеянне. У выніку работа “Экалогія Зямлі — экалогія душы” заняла першае месца ў намінацыі, прытча “Зайздрослівая жаба” — другое.

У юных мультыплікатараў яшчэ шмат творчых ідэй і імкнення іх увасобіць, таму можна смела чакаць ад іх новых дасягненняў.

Дар’я РЭВА.