Захаванню памяці аб падзеях Вялікай Айчыннай вайны прысвячае вольны час настаўнік хіміі і біялогіі Вендаражскай сярэдняй школы імя Героя Савецкага Саюза М.Я.Раманькова Магілёўскага раёна Андрэй Турэмскі. Падрабязнасці — у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.

— Я вырас у Буйнічах, што, канечне, адыграла пэўную ролю ва ўзнікненні цікавасці да ваеннай гісторыі. Але ўсур’ёз захапіўся гэтай тэмай у студэнцтве. Вырашыў прасачыць баявы шлях свайго прадзеда Гаўрыіла Майсеенкі. Танкістам франтавымі дарогамі ён дайшоў да Берліна. Нягледзячы на тое, што Гаўрыіл Міхайлавіч вярнуўся дадому, у сям’і была толькі ўрыўкавая інфармацыя аб яго подзвігах.
Даследаванне адкрытых баз даных дазволіла даведацца аб узнагародах прадзеда. За доблесць і адвагу ён быў узнагароджаны медалём “За баявыя заслугі”, ордэнам Чырвонай Зоркі І ступені, медалём “За Перамогу над Германіяй”. Аднаўленне біяграфіі прадзеда стала першым пошукавым поспехам. А неўзабаве даведаўся пра клуб “ВІККРУ”. З’ездзіў аднойчы ў экспедыцыю і зразумеў, што мне блізкая такая праца, — расказаў Андрэй Юр’евіч.
У шэрагі Магілёўскага абласнога гісторыка-патрыятычнага пошукавага клуба “ВІККРУ” Андрэй Турэмскі ўваходзіць 5 гадоў. На рахунку настаўніка ўжо нямала пошукавых экспедыцый. Кожная з іх была па-свойму запамінальнай. Асабліва выключнай стала праца каля вёскі Апалонаўкі ў Шклоўскім раёне.
— Раскоп рабілі каля сельскагаспадарчых угоддзяў. Там, дзе аграрыі зараз мірна вырошчваюць ураджай, у 1941-м ішлі жорсткія баі, — адзначыў настаўнік. — Байцы 53-й Саратаўскай дывізіі мужна супрацьстаялі элітнай фашысцкай дывізіі СС “Рэйх”. Многія воіны загінулі ў тым баі. Нам удалося ўстанавіць імёны і прозвішчы некаторых з тых, хто раней лічыўся прапаўшым без вестак. Па астанкі прыехалі сваякі. Мне запомніліся словы ўнука аднаго з салдат. Мужчына паведаміў, што дзеда чакалі яго бабуля, потым маці, шукаў і ён сам.
У адрас беларускіх пошукавікаў прагучала мноства падзяк. Тады і ўсвядоміў значнасць нашай працы, бо ўсіх безыменных герояў да гэтай пары чакаюць з вайны іх блізкія.
Да пошукавай работы Андрэй Турэмскі актыўна далучае навучэнцаў. Ён аб’яднаў вакол сябе захопленых старшакласнікаў, стварыў вучнёўскую пошукавую групу “Аўрора”, у складзе якой 15 юнакоў і дзяўчат. Сумесна яны здзейснілі ўжо не адно даследаванне. Не так даўно школе было прысвоена імя Героя Савецкага Саюза Міхаіла Раманькова. І менавіта пошукавая група сабрала неабходную біяграфічную інфармацыю аб выбітным земляку.
— Знакавым стала стварэнне на прышкольнай тэрыторыі сцяны Памяці. На сімвалічнай стэле размяшчаем фатаграфіі ўраджэнцаў Вендаражскага сельсавета — удзельнікаў вайны. Пастаянна ходзім у паходы па месцах баявой славы, даглядаем воінскія пахаванні. Але найбольш падлеткаў захапляюць пошукавыя экспедыцыі, бо вывучаць вайну па падручніку — гэта адно, а непасрэдна сутыкнуцца з мінулым — зусім іншае. Моладзь пачынае яскрава ўсведамляць, якімі неймавернымі ахвярамі і намаганнямі нам дасталася Перамога, — расказаў Андрэй Турэмскі.
Галоўныя пошукавыя знаходкі Андрэя Юр’евіча — так званыя смяротныя медальёны, па якіх былі расшыфраваны імёны трох чырвонаармейцаў. Знаходзіў ён і ўнікальныя прадметы побыту, абмундзіравання салдат, элементы ўзбраення. Усе артэфакты педагог старанна збірае ў адзіную экспазіцыю ў школьным музеі. У найбліжэйшых планах — зрабіць у адным з вучэбных кабінетаў музейны пакой, прысвечаны Вялікай Айчыннай вайне.
Ганна СІНЬКЕВІЧ
Фота з архіва Андрэя Турэмскага





