Вярнуць са спіса зніклых без вестак. Якім школам Лепельскага раёна за мінулы год прысвоены імёны герояў

- 10:32Образование

Пяці ўстановам адукацыі Лепельскага раёна за мінулы год прысвоены імёны герояў, паведамляе карэспандэнт «Настаўніцкай газеты».

На дзяржаўным узроўні вялікая ўвага ўдзяляецца захаванню гераічнай спадчыны і праўды аб усіх перыядах жыцця нашага народа, – адзначае загадчыца Лепельскага раённага вучэбна-метадычнага кабінета Наталля Каўрыга. – Прысваенне імён герояў Вялікай Айчыннай вайны – гэта даніна памяці, магчымасць выхаваць у моладзі пачуццё патрыятызму, гордасці за людзей, якія падарылі нам мір і свабоду.

Так, у 2022 г. Старалепельскай базавай школе прысвоена імя партызана-падпольшчыка кавалера ордэна Леніна Анатоля Марунько, Старалядненская базавая школа атрымала імя баявога лётчыка поўнага кавалера ордэна Славы Фёдара Занько, Полсвіжская базавая школа цяпер носіць імя камандзіра танкавай брыгады Героя Савецкага Саюза Мікалая Тамашэвіча, а Бароўская сярэдняя школа – імя Героя Савецкага Саюза Георгія Жукава.

Спынімся на асобе лётчыка-знішчальніка Мікалая Пшонкі, чыё імя ў жніўні мінулага года было прысвоена Слабадской сярэдняй школе.

– Толькі ў 2013-м нам удалося даведацца пра лёс М. Пшонкі, вярнуць яго са спіса зніклых без вестак, – гаворыць дырэктар школы Аляксандра Хацкевіч. – Адбылося гэта дзякуючы пошукавай рабоце ваенна-патрыятычнага клуба «Подзвіг» з Геленджыка. Па фрагментах самалёта – на адной з канструкцый фюзеляжа быў нумар 6646 – удалося апазнаць той самы І-153, якім кіраваў М. Пшонка.

Што нам вядома пра героя? Звернемся да настаўніка гісторыі, кіраўніка па ваенна-патрыятычным выхаванні і кіраўніка школьнага краязнаўчага музея Валерыя Тухты, які разам з калегай Маргарытай Анікей выдаў кнігу пра лёс лётчыка «Вяртанне з небыцця».

– Перад вайной М. Пшонка быў курсантам лётнага вучылішча, – адзначае педагог. – У 1947 г. яго маці атрымала пахавальны ліст, у якім значылася, што Мікалай знік без вестак 19 лістапада 1942 г. Доўгі час вёўся пошук даных пра нашага земляка. Дзякуючы электроннай базе было вызначана, што М. Пшонка меў званне старшага сяржанта, з’яўляўся пілотам 931-га знішчальнага авіяцыйнага палка 236-й авіядывізіі 5-й паветранай арміі.

Было ўстаноўлена, што 19 лістапада 1942 г. экіпаж некалькіх І-153 атрымаў загад камандавання ляцець на штурм наземных цэлей праціўніка. Па гэтым маршруце самалёты рухаліся ўздоўж узбярэжжа Чорнага мора. Раптам наляцелі нямецкія самалёты. Увагу ворага Мікалай адцягнуў на сябе, даўшы магчымасць адысці на аэрадром сваім таварышам. Ён уступіў у няроўны бой з некалькімі варожымі нямецкімі самалётамі. Расстраляў увесь боекамплект і, паранены, накіраваў расстраляную сотнямі куль «Чайку» на нямецкую батарэю. Не даляцеў некалькі дзясяткаў метраў і ўпаў каля падножжа гары Камяністая. Загінуў МПшонка як сапраўдны герой.

19 лютага 2014 г. жалобны картэж з Краснадара з астанкамі МПшонкі сустрэлі жыхары Лепеля. Герой быў пахаваны побач з магілай маці. Адбыўся мітынг, у якім прынялі ўдзел прадстаўнікі адміністрацыі і грамадскасці горада, а таксама аднавяскоўцы лётчыка жыхары вёскі Слабада, выкладчыкі і навучэнцы школы.

Памяць аб герою захоўваецца ў Слабадской сярэдняй школе, дзе створана экспазіцыя ў гонар Мікалая Пшонкі, а вучні даглядаюць месца яго пахавання. На працягу двух дзясяткаў гадоў школьнікі пад кіраўніцтвам настаўніка В. Тухты праводзяць вялікую навуковую работу. Яны вярнулі з небыцця дзясяткі прозвішчаў абаронцаў Айчыны, звесткі пра якіх збіраюць з розных архіўных крыніц. На некалі безыменных магіл партызан на тэрыторыі Слабадскога сельсавета стала меней. У архівах педагог адшукаў прозвішчы 12 партызан, пахаваных у запаведнай вёсцы Цярэшкі. У вёсцы Новыя Валосавічы слабадскія следапыты адшукалі невядомую магілу партызан брыгады «Чэкіст», а з дапамогай архіўных даных былі ўстаноўлены імёны 12 партызан. У вёсцы Свядзіца адшукалі магілу пяцярых партызан брыгады «Дубава».

Да таго ж школа сёння прымае ўдзел у рэспубліканскім інавацыйным праекце «Укараненне мадэлі фарміравання эмацыянальна-каштоўнасных адносін вучняў да гераічнага мінулага беларускага народа праз выкарыстанне гісторыка-культурных рэсурсаў рэгіёна ў вучэбнай і пазакласнай рабоце ўстаноў агульнай сярэдняй адукацыі і дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі».

Надзея ЦЕРАХАВА