Работа для педагога-псіхолага ва ўстанове дашкольнай адукацыі знойдзецца заўсёды, тым больш для спецыяліста-пачаткоўца. У мае абавязкі ўваходзіць не толькі дыягностыка, кансультаванне, правядзенне прафілактычнай работы з дзецьмі і дарослымі, але і суправаджэнне непаўналетніх, якія пражываюць у сем’ях, што знаходзяцца ў сацыяльна небяспечным становішчы (СНС).
Для вызначэння непаўналетніх, якія знаходзяцца ў СНС, кіруюся нарматыўнымі прававымі дакументамі, у першую чаргу “Інструкцыяй аб парадку выяўлення непаўналетніх, якія маюць патрэбу ў дзяржаўнай абароне”. Часцей за ўсё ў дзіцячым садзе сустракаюцца сем’і, у якіх бацькі злоўжываюць спіртнымі напіткамі, адзін з бацькоў не працуе, або дзіця выхоўваецца ў сям’і, якая знаходзіцца ў сітуацыі канфлікту.
За свой невялікі вопыт работы ў дзіцячым садзе мне давялося сутыкнуцца з дзясяткам такіх сем’яў. Усе яны вельмі розныя, у кожнай свае каштоўнасці, парадкі і звычаі. Атрымаўшы інфармацыю пра сацыяльна небяспечнае становішча, пачынаю вывучаць сітуацыю, далучаючы да работы іншыя ведамствы. Падставай для прызнання непаўналетняга дзіцем, якое знаходзіцца ў СНС, з’яўляецца акт абследавання ўмоў яго жыцця і выхавання, які складаецца на момант наведвання сям’і сумесна з сацыяльнай службай сярэдняй школы, якая знаходзіцца ў мікрараёне пражывання сям’і.Рашэнне аб прызнанні непаўналетняга дзіцем, якое знаходзіцца ў СНС, прымаецца педагагічным саветам установы дашкольнай адукацыі. А далей пачынаецца работа па ліквідаванні прычын і ўмоў, якія прывялі да такой сітуацыі. Штомесяц на нарадзе ў загадчыцы дзіцячага сада заслухоўваецца аналіз выканання плана абароны правоў і законных інтарэсаў такога непаўналетняга, прымаюцца канкрэтныя рашэнні па далейшай рабоце з яго сям’ёй. Самая лепшая для мяне навіна — гэта скасаванне рашэння аб прызнанні дзіцяці асобай, якая знаходзіцца ў СНС. Яно прымаецца таксама на педагагічнай нарадзе. Значыць, намаганні спецыялістаў былі недарэмнымі.
Сем’і розныя, але адна з іх выклікала ў мяне незабыўнае ўражанне. Мама і тата не гатовы былі стаць сям’ёй. І хаця ім ужо за 30, дзіця і яго клопаты былі ім нецікавы. А хлопчык у страху блытаўся ў словах, баяўся сказаць лішняе. Няўжо яго ўласныя бацькі так на яго ўплываюць? Пачынаю вывучаць сітуацыю. Сям’я ў хлопчыка поўная, у яго ёсць не толькі бацькі, але бабулі і дзядулі з абодвух бакоў. Першае наведванне сям’і. Усе хвалююцца, у размове адчуваецца напружанне. Яны не адразу пайшлі на кантакт, мне патрабавалася прыкласці намаганні, каб дарослыя маглі з даверам да мяне паставіцца, змаглі паверыць, што я прыйшла з добрымі намерамі.
З чаго ўсё пачалося ў гэтай сям’і? У аднаго — няўдалы першы шлюб, у другога — загінуў блізкі чалавек. Першая чарка… другая чарка… трэцяя… І вось мама і тата чамусьці забылі, не разумеюць або не хочуць разумець, што іх дзіця мае права на нармальнае жыццё, права быць шчаслівым. Спрабавала гаварыць з бацькамі. Вельмі складана зразумець іх матывы і думкі, што імі кіруе, калі яны цягнуцца за бутэлькай. Складана зразумець, а яшчэ складаней дапамагчы. Калі ў чалавека алкагольная залежнасць, то дапамагчы яму зможа толькі ўрач-нарколаг. А што магу зрабіць я адразу пасля заканчэння ўніверсітэта, не маючы вялікага вопыту ў рабоце і тым больш у зносінах з такімі сем’ямі? Я не здавалася, хаця работы з гэтай сям’ёй было многа, прыйшлося прыкласці максімум намаганняў, каб проста выклікаць прыхільнасць дарослых да сабе. Спатрэбіліся і веды, атрыманыя ва ўніверсітэце, і нават тыя, якія набыла на трэнінгах “Рэсурсы залежнасці”. З залежнымі людзьмі мець зносіны няпроста, паколькі ў іх зусім іншыя, чым у звычайных людзей, погляды, інтарэсы, перакананні і каштоўнасці. Да таго ж бацькі гэтага хлопчыка не лічылі сябе залежнымі і былі ўпэўнены, што дапамога ім не патрэбна. Яны былі ўпэўнены, што змогуць спыніцца ў любы момант, калі толькі яны гэтага захочуць. Мне ж хацелася, каб мама і тата разумелі, што іх сям’я, іх лёс, лёс іх дзіцяці мне не абыякавыя. І што мэта мая як спецыяліста не пакараць іх, а дапамагчы, прадухіліць самае сумнае развіццё падзей, у выніку якіх дзіця могуць забраць з сям’і. Я прыйшла да іх з дабром, я сапраўды вельмі хацела дапамагчы, паколькі не магла больш бачыць пастаянны смутак у вачах іх малыша, яго павышаную трывожнасць і замкнутасць. Мой шчыры ўдзел у жыцці дзіцяці і на яго фоне абыякавыя адносіны да яго з боку бацькоў станавіліся ўсё больш відавочнымі.
Наведванне сям’і, тэлефонныя званкі ў выпадку адсутнасці хлопчыка ў дзіцячым садзе — усё гэта стала маім пастаянным абавязкам. Працавала ў цеснай сувязі з аддзелам кадраў па месцы работы бацькоў, з інспекцыяй па справах непаўналетніх, з сацыяльна-педагагічнай і псіхалагічнай службай школы, якая знаходзіцца ў мікрараёне пражывання сям’і. Агульнымі намаганнямі нам удалося змяніць ход падзей у сям’і. Спачатку бацькі проста навучыліся размаўляць са мной, паведамляць пра свае праблемы і нават раіцца па канкрэтных пытаннях. Я правяла з імі шэраг прафілактычных размоў і кансультацый. Яны нарэшце прыйшлі ў дзіцячы сад для таго, каб паўдзельнічаць у трэнінгавых занятках “Шчаслівыя разам” і ў агульнасадавых мерапрыемствах “Дзень сям’і”, “Дзень здароўя” і інш. Маленькімі, але ўпэўненымі крокамі мы рухаліся наперад да поспеху. І аднойчы па вачах мамы і таты я зразумела, што яны мне давяраюць, яны нават хочуць, каб ім дапамаглі справіцца з праблемай. Разам са спецыялістамі сярэдняй школы, інспектарам па справах непаўналетніх нам удалося пераканаць іх звярнуцца па дапамогу да ўрача-нарколага. У выніку мама і тата закадзіраваліся, а тата нават уладкаваўся на новую работу. Супрацоўніцтва з прафсаюзным камітэтам на рабоце мамы таксама дало вынік — сям’і выдзелілі пакой у сямейным інтэрнаце. У бацькоў з’явіліся новыя клопаты, рамонт у новым жыллі. Кожны дзень пасля работы мама і тата адпраўляліся абсталёўваць пакой, фарбаваць падлогі і вокны, купляць мэблю. У сям’ю прыйшло шчасце, радасць сумеснага знаходжання, клопат адно пра аднаго, упэўненасць у заўтрашнім дні. Бацькі змаглі пачаць новае жыццё, у якім няма месца залежнасці ад алкаголю.
Вельмі прыемна рабіць дабро людзям і бачыць, што твая дапамога не дарэмная.
Святлана ГУРЫНАВА,
педагог-псіхолаг ясляў-сада № 70 Магілёва.