Вярнуцца на педагагічную сцяжыну

- 9:00Людзі адукацыі

Да вяршынь педагагічнага майстэрства Вадзім Паўлавіч Шпетны ішоў не адзін год. На шляху прафесійнага станаўлення былі і непахісная ўпэўненасць у сабе, і хваляванні, і радасць перамог, і горыч расчараванняў, і ўзлёты, і невялікія падзенні. Гэта адначасова і засмучала, і надавала сілы працаваць лепш, стымулявала да творчасці і падштурхоўвала да няспыннага руху наперад.

Вадзім Паўлавіч — пераможца Рэспубліканскага конкурсу прафесійнага майстэрства педагагічных работнікаў “Настаўнік года — 2001”, выдатнік адукацыі. Завочна скончыў аспірантуру БДПУ імя Максіма Танка. На працягу 2009—2018 гадоў працаваў намеснікам старшыні Маларыцкага райвыканкама па пытаннях сацыяльна-культурнага комплексу, інфармацыйнай работы і сувязях з грамадскасцю. Тройчы выбіраўся дэпутатам Брэсцкага абласнога Савета дэпутатаў ад Маларыцкай выбарчай акругі.

Але вернемся да прафесійных вытокаў. Вадзім Паўлавіч скончыў з адзнакай тагачасны Брэсцкі дзяржаўны педагагічны інстытут імя А.С.Пушкіна па спецыяльнасці “Геаграфія. Біялогія”. Працоўную дзейнасць пачынаў у род­най Ланской сярэдняй школе. Спачатку настаўнікам геаграфіі, потым сацыяльным педагогам і намеснікам дырэктара па выхаваўчай рабоце. За 15 гадоў правёў шмат урокаў. Кожны з іх быў па-свойму цікавым і запамінальным. Настаўнік заўсёды імкнуўся матываваць выхаванцаў да вучобы, будаваў урокі так, каб максімальна зацікавіць вучняў, зрабіць іх актыўнымі ўдзельнікамі адукацыйнага працэсу. Заўсёды адказна падыходзіў да выбару метадаў, прыёмаў і форм работы, каб павысіць якасць адукацыі. Гэта прыносіла заканамерныя вынікі. Выхаванцы В.П.Шпетнага 6 разоў станавіліся пераможцамі заключнага этапу Рэспублікан­скай алімпіяды па геаграфіі.

Сваімі напрацоўкамі Вадзім Паўлавіч не раз дзяліўся на старонках прадметных часопісаў. Ён — аўтар дапаможніка “Геаграфія. У ІІ частках. Частка І. Фізічная геаграфія”, напісанага ў суаўтарстве з Яўгенам Мяшэчкам, кандыдатам геаграфічных навук, прафесарам кафедры геаграфіі Беларусі БрДУ імя А.С.Пушкіна. Як член клуба “Крыштальны журавель” удзельнічаў у семінарах-акцыях “Настаўнік года — адукацыі рэгіёна”, праводзіў майстар-класы, даваў адкрытыя ўрокі для педагогаў краіны. Працуючы намеснікам старшыні райвыканкама, В.П.Шпетны ніколі не забываў пра школу, не губляў з ёй сувязі: праводзіў адкрытыя ўрокі для калег і вучняў.

— Неяк прачытаў, што японцы рэкамендуюць чалавеку кожныя 5—7 гадоў мяняць сферу дзейнасці, — дзеліцца Вадзім Паўлавіч. — Хацелася развівацца далей, паспрабаваць сябе ў іншым напрамку. На новай пасадзе ад школьных спраў не адышоў. Штодзень сустракаўся з настаўнікамі, вырашаў іх пытанні. Вельмі часта хацелася зноў увайсці ў клас, пастаяць ля карты з указкай і з крэйдай ля дошкі, даць урок. А яшчэ — зірнуць у вочы дзяцей, адказаць на іх пытанні і шчыра пагава­рыць пра ўсё на свеце. Педагогіка — мая стыхія. Таму нядзіўна, што праз 9 гадоў я зноў вярнуўся ў школу. Спачатку працаваў у сярэдняй школе № 2 Маларыты, а з верасня мінулага года — у Маларыцкай раённай гімназіі. Жыццё пайшло знаёмай сцяжынай. У прафесію ўвайшоў лёгка і без асаблівага хвалявання. За плячыма быў вопыт, стаж работы, настаўніцкая сям’я. Склалася ўражанне, што ў клас вярнуўся пасля чарговага летняга адпачынку. Праўда, у сельскай школе, дзе працаваў раней, у класах рэдка было больш за 15 вучняў, а ў гімназіі — па 20—25, а то і больш. Але гэта не бянтэжыла.

В.П.Шпетны лічыць, што педагог павінен мець бясспрэчны аўтарытэт сярод вучняў і калег. Прафесіяналізм настаўніка мо­гуць вызначыць яго выхаванцы, якія з’яўляюцца своеасаблівым каталізатарам педагагічнай кампетэнтнасці, і калегі. Прафесiяналiзм — галоўная ўмова якасцi адукацыi.

— Маё крэда — асабісты прыклад і па­стаяннае самаўдасканаленне, — прызнаецца педагог.

Вадзім Паўлавіч збіраецца вярнуцца да актыўнай работы ў клубе “Крыштальны журавель”. Ужо ўдзельнічаў у некалькіх мера­прыемствах. Педагог упэўнены, што дзей­насць “жураўлёў” — гэта крыніца інавацыйнай падпіткі адукацыі, яе развіцця.

Мікалай НАВУМЧЫК,
намеснік дырэктара па вучэбна-метадычнай рабоце Маларыцкай раённай гімназіі.
Фота аўтара.