Вяршыня айсберга: хто дапаможа ахвярам дамашняга гвалту?

- 14:34Сацыяльны ракурс

Гвалт у сям’і адбываецца за зачыненымі дзвярыма. У нас сорамна прызнаваць яго існаванне: кажуць, не трэба выносіць смецце з дому, лепш моўчкі цярпець. Прынамсі, у большасці выпадкаў атрымліваецца менавіта так.

Але ці заўсёды гэта правільна?

Гвалт у сям’і — найбольш распаўсюджаная форма насілля ў адносінах да жанчын. Паводле даследаванняў, што былі праведзены Сусветнай арганізацыяй аховы здароўя, у большасці краін у адносінах да 70% жанчын хоць раз у жыцці прымяняўся фізічны гвалт. Для таго каб чарговы раз звярнуць увагу на актуальнасць праблемы, не адмаўляць яе, а шукаць новыя спосабы дапамогі тым, хто пакутуе ад гэтай з’явы, у краіне праводзіцца акцыя “Дом без насілля”.

Прафілактычныя мерапрыемствы падчас акцыі “Дом без насілля” ў нашай краіне праводзяцца кожную вясну. Іх асноўная мэта — інфармацыйная падтрымка насельніцтва ў пытаннях прафілактыкі гвалту. Акрамя праблем, звязаных непасрэдна з вырашэннем наступстваў гвалту, “Дом без насілля” накіраваны на тое, каб прыцяг­нуць увагу як мага большай колькасці людзей да ўмоў, прыкмет праяўлення насілля. Важна, каб яны зразумелі, якія з’явы можна аднесці да гвалту, у якіх формах ён існуе і як яго вырашаць.

Псіхалагічны гвалт — гэта абразы, шантаж, пагрозы, запалохванне, кантроль над жыццём ахвяры, прымус да якіх-небудзь непажаданых дзеянняў. Гэта самы распаўсюджаны тып сямейнага гвалту. Калі іншыя віды гвалту вызначыць лёгка, то прыкметы псіхалагічнага заўважаюцца рэдка, але яго наступствы часта бываюць вельмі цяжкімі. Акрамя гэтага, псіхалагічны гвалт звычайна праяўляецца ў сукупнасці з іншымі відамі гвалту.

Часта прыкметы псіхалагічнага гвалту праяўляюцца ў адносінах бацькоў з дзецьмі. Гэта могуць быць варожае стаўленне, абыякавасць, прыніжэнне, у выніку чаго адбываецца зніжэнне самаацэнкі ў дзіцяці або падлетка. З часам у маленькага чалавека мацнее ўпэўненасць у тым, што ён дрэнны, нікчэмны, не варты любові і ўвогуле нічога сабой не ўяўляе. Такое дзіця вырастае з нізкай самаацэнкай, няўпэўненасцю ў сабе і мноствам іншых комплексаў, якія будзе пераносіць на сваіх блізкіх — жонку (мужа) і дзяцей.

“Дом без насілля” — гэта сумесная акцыя Міністэрства працы і сацыяльнай абароны, Міністэрства адукацыі і інш. Алена Комлік, галоўны спецыяліст упраўлення народанасельніцтва, гендарнай і сямейнай палітыкі Міністэрства працы і сацыяльнай абароны, заўважыла, што мэта рэспубліканскай акцыі — далучыць насельніцтва да аказання дапамогі і садзейнічання вырашэнню праблем гвалту ў сям’і і зрабіць так, каб да асоб з асацыяльнымі паводзінамі прымаліся меры індывідуальнай прафілактыкі правапарушэнняў.

Дзейнасць Міністэрства працы і сацыяльнай абароны ў сферы прафілактыкі насілля ў сям’і вядзецца па некалькіх кірунках. У першую чаргу гэта ўзмацненне сацыяльнай абароны сям’і, дзе выхоўваюцца дзеці, са­дзейнічанне працаўладкаванню бацькоў, аказанне дапамогі грамадзянам, што пакутуюць ад насілля, і развіццё ўстаноў сацыяльнага абслугоўвання.

У сістэме органаў па працы і сацыяльнай абароне насельніцтва функцыянуюць 146 рэгіянальных цэнтраў сацабслугоўвання сям’і і 2 цэнтры сацыяльнага абслугоўвання сям’і і дзяцей. Тут можна атрымаць псіхалагічную кансультацыю, аформіць патранатныя паслугі, паслугу часовага прытулку і інш. А на сайтах тэрытарыяльных камітэтаў па працы, занятасцi i сацыяльнай абароне створаны раздзелы, банеры па прафілактыцы гвалту ў сям’і, а таксама размешчаны QR-код “Пацярпелым ад дамашняга гвалту”.

Сярод тых, хто пакутуе ад насілля ў сям’і, папулярнай з’яўляецца паслуга часовага прытулку. З мэтай яе аказання развіваецца сетка крызісных пакояў. Са слоў А.Комлік, сёння іх у краіне ўжо 138.

“У мінулым годзе былі адкрыты два пакоі ў Гродзенскай вобласці, — заўважыла спецыяліст Міністэрства працы і сацыяльнай абароны. — Большая частка крызісных пакояў размяшчаецца ў тэрытарыяльных цэнтрах, але ёсць і тыя, што знаходзяцца ва ўстановах адукацыі, установах аховы здароўя і інш.”.

Прытулак на ноч

Бяспека — гэта тое, дзеля чаго ў крызісныя пакоі збягаюць ахвяры гвалту. Каб забяспечыць спакойныя ўмовы знаходжання ў цэнтрах, усе пакоі часовага знаходжання абсталёўваюцца трывожнымі кнопкамі.

А для таго каб як мага хутчэй засяліцца ў тое месца, дзе можна быць спакойным за сябе і сваіх дзяцей, былі максімальна спрошчаны ўмовы: забяспечаны кругласутачны доступ непасрэдна ў сам пакой, а ў цэнтрах вызначаны спецыялісты, што адказваюць за яго кругласутачную работу. Паслуга аказваецца ўсім, незалежна ад месца рэгістрацыі і пражывання. У выпадку экстраннай неабходнасці, калі сітуацыя ў доме прымушае пакідаць яго не азіраючыся, пакой можа быць выдзелены без дакументаў, што сведчаць асобу чалавека.

“У такім выпадку чалавек піша заяву, каб яму далі прытулак, але з умовай прадастаўлення пашпарта ў найбліжэйшыя 3 дні, — тлумачыць А.Комлік. — Калі дакумент згублены, дапамагаем звярнуцца ў адпаведныя органы з мэтай яго аднаўлення. Тэрмін пражывання ў крызісных пакоях неабмежаваны: можа быць працягнуты ў залежнасці ад сітуацыі”.

Эмацыянальны гвалт — гэта пастаянная крытыка з боку партнёра, прыніжэнне на людзях. З мэтай маніпуляцыі мужчына можа падманваць, падхарошваць рэчаіснасць. Муж бярэ пад свой кантроль сямейны бюджэт, і, каб купіць якую-небудзь дробязь, трэба заўсёды пытаць яго дазволу. Партнёр ці муж забараняе жанчыне мець зносіны са сваякамі і сябрамі без яго прысутнасці. Ён увесь час нагадвае жанчыне, што без яго яна ніхто і нішто, і інш. Тое самае можа праяўляцца ў адносінах да дзяцей.

Дарэчы, у 2020 годзе ў крызісных пакоях паслуга часовага прытулку была прадастаўлена 661 чалавеку, у тым ліку 384 пацярпелым ад гвалту ў сям’і, а гэта 203 жанчыны, 166 дзяцей і 15 мужчын.

Правакацыя і канфлікты

За тымі, хто пакутуе ад гвалту, вядзецца кантроль: калі чалавек аднойчы сышоў з дому, значыць, сітуацыя ў сям’і не самая аптымістычная. Але нагляд з боку кампетэнтных органаў вядзецца і за тымі, хто хоць аднойчы дазволіў сабе справака­ваць канфліктнае асяроддзе і, як вынік, прымяніць гвалт у адносінах да родных. Сёння, згодна са статыстыкай, пад такім кантролем знаходзяцца больш чым 8 тысяч чалавек. А з пачатку года ў краіне задакументавана больш за 650 прэвентыўных крымінальных спраў: тых, якія не ўяўля­юць вялікай грамадскай небяспекі, але дазваляюць прадухіліць цяжкія і асабліва цяжкія злачынствы. Таксама было зафіксавана звыш 10 тысяч адміністратыўных правапарушэнняў у сферы гвалту ў сям’і. У адносінах да тых, хто здзяйсняе гвалт, прымяняюцца меры індывідуальнай прафілактыкі. Адзін з найбольш дзейсных метадаў уз­дзеяння — прымяненне ахоўных прадпісанняў. Як паведамілі адказныя асобы, практычна ў дзевяці з дзесяці выпадкаў такой прафілактыкі адбываецца высяленне таго, хто дапусціў гвалт у сям’і, з жылога памяшкання тэрмінам да 30 сутак.

Мяркуецца, што за гэты час можна пераасэнсаваць свае паводзіны і каштоўнасці. Але ці вырашыць гэта праблему? Ці зменіць чалавека, асоба якога фарміравалася не ­адзін дзень? Відавочна, што не: агрэсар заўсёды застанецца сабой, панізіцца толькі градус кіпення. Але адзіная зачэпка, што можа вывесці з сябе, ­дасць падставу да чарговых замахаў на жыццё блізкіх.

Тым не менш кампетэнтныя асобы ка­жуць, што меры, якія прымяняюцца ўжо на працягу даволі доўгага часу, дазваляюць трымаць сітуацыю ў гэтай сферы пад кантролем. Спецыялісты прыводзяць факты: калі параў­наць сёлетні перыяд з аналагічным мінулагоднім, то на працягу трох месяцаў бягучага года назіраецца зніжэнне цяжкіх і асабліва цяжкіх злачынстваў у бытавой сферы — са 109 да 78 выпадкаў (за першы квартал). Але самае галоўнае — знізілася колькасць тых, хто загінуў ад рук блізкіх: год назад за тры месяцы іх было 27, сёлета — 22. Так, паказчыкі лепшыя, але не настолькі, каб імі можна было ганарыцца. Гвалт у сем’ях існуе, і гэта трэба прызнаць.

Ахвяра: мама ці дзеці?

Ідэальны “Дом без насілля” — гэта сям’я, у якой дзяцей прымаюць такімі, якія яны ёсць, не патрабуючы больш, чым яны мо­гуць. Папрокі, параўнанні з іншымі і з сабой маленькім у тым ліку нано­сяць дзіцяці раны. Яны траўміруюць і зніжа­юць каштоўнасць дзіцяці як асобы. Гэта як вада, што камень точыць: адзін раз папракнуў ці прынізіў, потым другі і трэці, і ў выніку дзіця перастае адчуваць сваю ўнікальнасць і неабходнасць. Яно як бы ёсць, але ім ніхто не ганарыцца, ніхто не праяўляе да яго сваю любоў, а значыць, як бы намякае на непатрэбнасць. Гэта ўсё прыкметы псіхалагічнага гвалту. Нямала прыкладаў на гэты конт прывяла намеснік дырэктара па навуковай рабоце РНПЦ псіхічнага здароўя доктар медыцынскіх навук Таццяна Васільеўна Дакукіна: “Здараецца, што прыхо­дзяць бацькі з хворым дзіцем, але прымаюць сябе як ахвяру, лічаць, што гэта яны пакараны на ўсё жыццё. У такіх выпадках адносіны да дзіцяці могуць прымаць палярны характар: бязмежная любоў мяжуе з бясконцым раздражненнем. Адназначна, гэта сведчыць пра тое, што малыш падвяргаецца псіхалагічнаму гвалту. Што тычыцца выхавання, то бацькі ў такой сітуацыі займаюцца ім, але робяць гэта не да канца, не зусім правільна. Таксама псіхалагічнаму гвалту дзіця можа падвяргаць мама. Напрыклад, тата злоўжывае алкаголем, прыніжае маму — яна ад гэтага раздражняецца, нервуецца і ўвесь негатыў пераносіць на дзіця”.

Гэта, лічыць спецыяліст, можа прывесці да расстройства адаптацыі і паводзін дзіцяці, а ў будучыні, калі яно вырасце, — да дэфармацыі яго асобы, ужо дарослага чалавека. Не дапусціць гэтага і спыніць факты агрэсіўных паводзін і псіхалагічнага ціску на дзяцей — галоўная задача, якую ставяць перад сабой спецыялісты, што працуюць з сям’ёй.

Так, на працягу года ў РНПЦ псіхічнага здароўя рэалізуеца праект, накіраваны на асоб з аг­рэсіўнымі паводзінамі і сіндромам залежнасці. Згодна са статыстыкай, кожнае чацвёртае злачынства, у сям’і ў тым ліку, адбываецца пасля ўжывання псіхаактыўных рэчываў.

“Наш праект заснаваны на Дулуцкай мадэлі прафілактыкі сямейнага гвалту, а таксама на прынцыпах мадэлі айсберга, — тлумачыць вядучы навуковы супрацоўнік аддзела наркалогіі РНПЦ псіхічнага здароўя Інеса Грыгор’ева. — Згодна з данымі Сусветнай арганізацыі аховы здароўя, 1 з 5 жанчын ці 1 з 13 мужчын паведамля­юць, што мелі ў дзяцінстве наступствы насілля і сексуальнага гвалту. Таму мы сёння заўважаем, што тыя, хто падвяргаўся пэўным відам гвалту ў дзяцінстве, сёння ма­юць расстройствы ў паводзінах, якія, калі іх не купіраваць, могуць пераходзіць у іншыя расстройствы. Яшчэ адзін важны момант: гэта можа кланіравацца, гэта значыць, той, хто падвяргаўся гвалту, можа прымяняць такія ж устаноўкі ў адносінах да сваіх дзяцей.

У Еўропе 55 мільёнаў дзяцей (усяго 204 мільёны) падвяргаюцца розным відам гвалту. 30% становяцца ахвярамі псіхалагічнага прэсінгу, 23% — фізічнага насілля і больш чым 9% — ахвяры сексуальнага гвалту. Больш чым 700 непаўналетніх штогод становяцца ахвярамі забойстваў.

Фізічны гвалт — гэта не толькі рука­прыкладства, але і аплявухі, плясканні і інш. Прычым у адносінах як да дарослых, так і да дзяцей. Пасля першага ж збіцця трэба звяртацца да радыкальных мер, інакш пабоі будуць паўтарацца ўсё часцей і часцей і могуць прывесці да цяжкага стану ахвяры.

Працуючы над праектам, мы ўзялі пад увагу ўвесь сусветны вопыт, разгледзелі праблему гвалту пачынаючы ад дзяцін­ства, калі малыш яму падвяргаецца, да даросласці, да моманту дэфіцыту рэальнасці, які падштурхоўвае да ўжывання псіхаактыўных рэчываў. Не сакрэт, што актыўная работа і інфармаванне прыводзяць да тых вынікаў, якія якасна ўплываюць на працэс самасвядомасці. Увогуле, кожны, хто сутыкнуўся ці сутыкаецца з насіллем, павінен разумець, што і як яму рабіць, як праца­ваць над сабой, каб не стала яшчэ горш”. 

Наталля САХНО.