Вяртанне артэфактаў

Днямі ў Нацыянальным гістарычным музеі адкрылася выстава “Вайна і мір. Вяртанне”. Яна ладзіцца ў рамках маштабнага праекта “Вайна і мір. Беларусь памятае”, прысвечанага 75-годдзю Вялікай Перамогі, які рэалізоўваецца Міністэрствам інфармацыі і лаўрэатам прэміі “За духоўнае адраджэнне” Уладзімірам Ліхадзедавым пры падтрымцы Міністэрства культуры.

Выстава “Вайна і мір. Вяртанне” аб’ядноўвае сабраныя ў розныя гады прадметы, вялікая частка якіх была вывезена з Беларусі і страчана ў часы бязлітасных і разбуральных войнаў і канфліктаў, што праходзілі на беларускіх землях. Экспазіцыя стала працягам праекта “Вайна і мір. Беларусь памятае”, асноўная ідэя якога — паказаць гістарычнае мінулае беларускай зямлі ў перыяды вайны і міру з 1812 па 1945 год, фарміраванне беларускага духу, які дазволіў паставіць кропку ў войнах і даў падставы для святкавання Вялікай Перамогі.

“75 гадоў Вялікай Перамогі — гэта не проста дата, якую мы ў хуткім часе адзначым. Гэта ўшанаванне подзвігу нашых дзядоў і прадзедаў, які яны здзейснілі ў найскладанейшы перыяд і які мы пастараліся адлюстраваць у гэтым праекце, а таксама прадэманстраваць, што гераізм у нашых продкаў быў сфарміраваны не толькі ў 1941—1945 гадах, — адзначыў намеснік міністра інфармацыі Ігар Бузоўскі. — Гэтая экспазіцыя акцэнтуе ўвагу на нашай глыбіннай гісторыі, унікальных гістарычных момантах і артэфактах, якія захоўваюцца ў прыватных і дзяржаўных калекцыях. Асабліва хачу падкрэсліць ролю Уладзіміра Ліхадзедава, бо без яго не было б і гэтага праекта”. Пасля намеснік міністра ўручыў вядомаму калекцыянеру падзяку міністра інфармацыі за вялікі ўклад у захаванне культурнай спадчыны, шырокую асветніцкую прапаганду гісторыі Беларусі.

“Нацыянальны гістарычны музей — адна з лакацый вялізнага праекта “Вайна і мір. Беларусь памятае”. Мы прадстаўляем экспанаты, многія з якіх былі згублены або адпраўлены за мяжу, але ўсё ж такі вернуты ў Беларусь, — сказаў дырэктар музея Павел Сапоцька. — Наша выстава складаецца з трох блокаў: рэчаў з прыватнай калекцыі У.Ліхадзедава, экспанатаў з фонду Нацыянальнай бібліятэкі і прадметаў з нашага архіва. Усяго больш за сто экспанатаў, якія аб’ядноўвае адна лінія, звязаная з вяртаннем, захоўваннем, вывучэннем і дэманстрацыяй публіцы ўсяго гэта багацця. Наша выстава сапраўды жывая, бо яна знаёміць з паштоўкамі, кнігамі, пісьмовымі прыладамі, сталовымі прыборамі і прадметамі побыту, якімі карысталіся знакамітыя дзеячы, з першымі газетамі”.

На выставе прадстаўлены ўнікальныя рукапісныя дакументы, карты, старадрукі і рэдкія кнігі, перыядычныя выданні: граматы XVI—XVII стст., сярод якіх прывілей караля Рэчы Паспалітай Жыгімонта III Вазы Мінскаму ўніяцкаму кляштару (1617 г.), унікальныя рукапісныя рэгістрацыйныя кнігі культавых устаноў XVIII—ХIХ стст. (метрыкі, кнігі перадшлюбных экзаменаў і інш.), рукапіс беларускіх татар (кітаб), старадрукі XVIII ст. У экспазіцыі дэманструюцца і асобнікі “Гродзенскіх губернскіх ведамасцей” за 1841 год — адной з першых беларускіх газет ХIХ ст.

Частка экспануемых пісьмовых артэфактаў была перададзена Уладзімірам Ліхадзедавым Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі. Акрамя таго, на выставе прадстаўлены прадметы, якія перадаюцца ім у дар Нацыянальнаму гістарычнаму музею. Каштоўнасці, якія папоўнілі калекцыі гэтых устаноў, гарантавана вяртаюцца ў культурнае і навуковае асяроддзе і змогуць служыць беларусам і Беларусі.

Зацікавяць гледачоў і прадметы, звязаныя са значнымі падзеямі беларускай гісторыі і яе выбітнымі асобамі: пісьмовы прыбор князёў Ра­дзівілаў, медаль за ўзяцце Полацка Стэфанам Баторыем у 1579 годзе, памятная чыгунная пліта да 500-годдзя перамогі ў Грунвальдскай бітве, медаль удзельнікаў перагавораў па Брэсцкім міры 1918 года i многае іншае.

Дарэчы, супрацоўнікі музея з 30 сакавіка робяць відэаагляды найбольш значных экспанатаў. “Мы мяняем фармат, пачынаем працаваць аддалена з музейнай аўдыторыяй і запускаем дыстанцыйны цыкл аповедаў пра асобныя прадметы выставы, — патлумачыў Павел Сапоцька. — Хоць музей і працягвае працаваць, мы разумеем, што многія не прыйдуць да нас. Аднак экпазіцыя вельмі цікавая і з ёй варта пазнаёміцца хоць бы віртуальна. Таму нашы відэаагляды вырашылі выкладаць на YouTube-канале і ў нашых суполках у сацыяльных сетках”.

Акрамя таго, Нацыянальны гістарычны музей у хуткім часе плануе выдаць каталог выставы “Вайна і мір. Вяртанне”. “У каталог увойдуць усе тыя артэфакты, якія цяпер знаходзяцца на выставе і ўжо належаць фонду Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі, Нацыянальнаму гістарычнаму музею і ўнікальнай асабістай калекцыі У.Ліхадзедава. Прынамсі, такім праектам мы паказваем і ролю асобы ў захаванні памяці. Ула­дзімір Ліхадзедаў — калекцыянер, які збірае артэфакты, вывучае, адсочвае сітуацыю на замежных аўкцыёнах, ездзіць па антыкварных крамах. Менавіта дзякуючы яму, да нас вяртаюцца шматлікія рарытэты, — дадаў П.Сапоцька. — Мы рады, што нашы наведвальнікі маюць магчымасць прыйсці і пагля­дзець тое, чым мы, беларусы, ганарымся, і тое, чым карысталіся нашы продкі. Такая экспазіцыя дэманструе, як Беларусь памятае, захоўвае, адраджае і паважае гісторыю”.

Нагадаю, напярэдадні святкавання 75-годдзя Вялікай Перамогі, у пачатку мая, плануецца ўсе экспазіцыі праекта “Вайна і мір. Беларусь памятае” аб’яднаць на адзінай пляцоўцы. Кульмінацыяй праекта стане вялікая выстава ў Нацыянальнай бібліятэцы, дзе на 1500 кв.м будзе прадстаўлена звыш 2000 экспанатаў.

А пакуль наведаць экспазіцыю “Вайна і мір. Вяртанне” ў Нацыянальным гістарычным музеі можна да 22 красавіка.

Вольга АНТОНЕНКАВА.
Фота з архіва Нацыянальнага гістарычнага музея.