Утульны клас ткацтва адкрыўся ў Дарапеевіцкім сельскім доме культуры. Пераступаючы яго парог, госці нібы трапляюць у пачатак ХХ стагоддзя. Макет печы, ложак, лаўкі, абразы — усё нагадвае звычайную вясковую хату часоў нашых бабуль. Тут сучаснікі аднаўляюць майстэрства, якім заўсёды славілася Маларытчына.
Пад дахам СДК з верасня мінулага года дзейнічае гурток ткацтва, якім кіруе Валянціна Гатоўчыц. Дачка народнага майстра Беларусі Сцепаніды Сцепанюк дзеліцца ткацкімі сакрэтамі з 5 юнымі вучаніцамі. Вось такая пераемнасць пакаленняў атрымліваецца.
Сцены класа ўпрыгожваюць ручнікі, сатканыя Сцепанідай Аляксееўнай. Тут жа вісяць касцюмы, якія дарапеевіцкія жанчыны насілі больш за 100 гадоў назад. Бачым і рэчы, якія некалі выкарыстоўвалі нашы продкі ў штодзённым жыцці. А вось двое кроснаў…
Дарэчы, у тым жа, падобным на вясковую хату, памяшканні займаецца і дарослы фальклорны калектыў Дарапеевіцкага СДК, якім кіруе Анатоль Дзямянка. У яго рэпертуары ёсць аўтэнтычныя пастаноўкі, легенды, паданні, песні, танцы, гумарыстычныя пастаноўкі, абрады Дарапеевічаў (Піліпаўскія і Калядныя вячоркі, попрады, запоіны, бабуліна скрыня і інш.). Усе сцэнарыі фальклорных мерапрыемстваў мастацкі кіраўнік піша на мясцовым дыялекце.
— Спадзяёмся, з часам у нас з’явіцца і дзіцячы фальклорны калектыў. Мы хочам навучыць сённяшніх дзяцей усяму, што ўмеем самі, каб яны адчулі, як жылі іх продкі, — гаворыць дырэктар Маларыцкага раённага цэнтра народнай творчасці Валянціна Струнец. — Ёсць ідэя прыцягнуць да вывучэння народнай творчасці і нашых юных ткачых.
Сапраўды, спрадвеку праца аб’ядноўвала дарослых і дзяцей, а беларускія майстрыхі ніколі не працавалі без песні.
У дзень адкрыцця класа ткацтва ў раённым Цэнтры народнай творчасці адбыўся круглы стол па абмене вопытам аддзелаў ідэалагічнай работы Брэсцкага і Маларыцкага райвыканкамаў. Паездку ў Дарапеевічы ўдзельнікі запланавалі невыпадкова: сярод іх былі таксама прадстаўнікі Брэсцкага раённага дома рамёстваў, якія ўжо даўно марылі пераняць сакрэты ткацтва ў майстроў Маларытчыны. Хутка на базе Цэнтра народнай творчасці Валянціны Струнец Сцепаніда Сцепанюк правядзе першы майстар-клас. За сваю добрасумленную працу, значны ўклад у адраджэнне, захаванне і папулярызацыю народных традыцый вобласці яна ўшанавана Ганаровай граматай упраўлення ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Брэсцкага аблвыканкама.