Вяртанне “Славянкі”

Пасля 6-гадовага перапынку Віцебск зноў прыняў прэстыжны міжнародны турнір. 10—11 лютага ў Віцебскім лядовым палацы спорту 240 гульцоў у складзе 40 каманд з Беларусі, Расіі, Чэхіі і Казахстана змагаліся за права прыняць удзел у чэмпіянаце свету па гульні “Што? Дзе? Калі?”, што адбудзецца ў лістападзе ў Арменіі.

Унікальнасць “Славянкі” ў тым, што яна з’яўляецца адзіным беларускім турнірам па інтэлектуальных гульнях, якому неаднаразова прысвойваўся статус этапу Кубка свету. У розныя гады ў ёй бралі ўдзел такія вядомыя знаўцы, як Аляксандр Друзь, Максім Паташоў, Анатоль Васерман, Ілья Новікаў, Аляксандр Лібер і многія іншыя. Арганізатарамі “Славянкі-2018” выступілі Віцебскі інтэлектуальны клуб і абласны камітэт БРСМ пры падтрымцы галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі аблвыканкама, абласнога Савета дэпутатаў і АСБ “Беларусбанк”.

— Планка, зададзеная “Славянкай”, вельмі высокая, — адзначыў сертыфікаваны рэдактар Міжнароднай асацыяцыі клубаў арганізатар чэмпіянатаў Беларусі і студэнцкіх чэмпіянатаў Еўропы па інтэлектуальных гульнях Яўген Міроцін. — Сёлета ў нас прадстаўлена некалькі каманд экстракласа, якія ўваходзяць зараз у топ-10, і 8 каманд з топ-30 сусветнага рэйтынгу. Акрамя заяўленых каманд з чатырох краін, у Віцебск прыехалі асобныя гульцы з Украіны і Ізраіля. Прымаюць удзел каманда Барыса Белазёрава ў поўным складзе, Міхаіл Карпук, Дар’я Шаўцова, Юлія Архангельская, Мікалай Крапіль, Станіслаў Мерамінскі. У цэлым склад вельмі моцны.

Галоўнае адрозненне спартыўнага “Што? Дзе? Калі?” ад гульняў, якія мы бачым па тэлевізары, у тым, што ў зале многа каманд, яны ўсе слухаюць адны і тыя ж пытанні, абмяркоўваюць іх і здаюць адказы на картках. У фармаце тэлегульні колькасць пытанняў параўнальна невялікая — да 10 ці ў рэдкіх выпадках крыху больш. Падчас “Славянкі” за два дні камандам было прапанавана 90 пытанняў. Пасля напружанай барацьбы перамогу заваявала расійская каманда “Ксеп”, за якую выступаюць уладальнік “Брыльянтавай савы”, двухразовы ўладальнік “Хрустальнай савы” Ілья Новікаў, чэмпіён тэлевізійнай “Сваёй гульні” Станіслаў Мерамінскі, а таксама адзін з укладальнікаў пытанняў для “Сваёй гульні” Ілья Бер. Другое месца таксама ў расіян: толькі крыху саступілі лідарам іх не менш знакамітыя канкурэнты з “Механізма рэакцыі”. У беларускай каманды “Хранічна разумныя United” — 3-е месца. У “Эрудыт-квартэце” і пісьмовай “Сваёй гульні” перамаглі “Адушаўлёныя аэрасані”. Па выніках “Мазгавога штурму” ў прызавую тройку ўвайшлі “Радыеактыўны бойскаўт and the Baseballs”, “Ксеп” і “Мясныя смартфоны))00”.

Таццяна БОНДАРАВА.
Фота аўтара.