Вяртанне “Сонечнага зайчыка”

Да сустрэчы з выхаванцамі і іх бацькамі рыхтуецца яслі-сад № 14 Полацка.

Дашкольная ўстанова па вуліцы Францыска Скарыны — амаль у цэнтры горада — мае запамінальную, светлую і крыху гарэзлівую назву: “Сонечны зайчык”. Дзіцячы сад багаты сваёй гісторыяй, што пачалася ў верасні 1963 го­да. Спачатку гэта быў невялічкі будынак з драўлянымі прыбудовамі, якія ў 1991 годзе замянілі вялікія двухпавярховыя карпусы. На працягу дзесяцігоддзяў утульны і прыгожы дзіцячы сад карыстаецца вялікай папулярнасцю ў палачан. Калектыву ўдалося стварыць і падтрымліваць цёплую і амаль хатнюю атмасферу. З 2003 года тут пачаў работу бацькоўскі клуб “Спадчына”. Педагогі вынікова ўдзельнічалі ў шэрагу эксперыментальных і інавацыйных праектаў, спаборніцтвах прафесійнага майстэрства, выступалі на абласных і рэспубліканскіх форумах, давалі майстар-класы; дзеці пад іх кіраўніцтвам рабілі першыя паспяховыя крокі ў даследчай дзейнасці, творчасці.

— З цягам часу мы паўсталі перад неабходнасцю капітальнага рамонту з тэрмарэнавацыяй, — расказала загадчык ясляў-сада Ала Сазонава. — Работы пачаліся 1 верасня 2017 го­да, зараз яны ўступілі ў завяршальную стадыю. Для дзяцей і работнікаў створаны камфортныя бяспечныя ўмовы. Будаўнікі справіліся з задачай па ўзмацненні канструкцыі прыбудоў, была праве­дзена замена камунікацый, адрамантаваны падмурак, фасад, заменены дах, падлога і вокны, набыты новая мэбля і гульнявое абсталяванне, адрамантаваны і пераабсталяваны харчаблок, музычная і спартыўная залы — сучаснае прывабнае аблічча набылі ўсе памяшканні і звонку, і знутры. Непазнавальна змяніліся спальні і групавыя памяшканні — прасторныя, светлыя, утульныя. Цяпер устанаўліваем жалюзі. У рабоце нам дапамагалі прадстаўнікі ўстаноў адукацыі і працоўных калектываў з усяго горада. Поўным ходам ідуць добраўпарадкаванне тэрыторыі, высадка зялёных насаджэнняў. Урачыстае адкрыццё плануем на першы вераснёвы дзень — роўна праз 3 гады, набіраем шэсць груп. З нецярплівасцю чакаем тых цудоўных імгненняў, калі гэтыя сцены зноў напоўняцца радаснымі дзіцячымі галасамі.

Таццяна БОНДАРАВА.
Фота аўтара.