Вясна ідзе — вясне дарогу

- 12:54Рэмарка

Шчыра кажучы, для мяне, як і соцень тысяч, а магчыма, і мільёнаў звычайных беларусаў, сакавік асацыіруецца не толькі з дзяржаўным святам — Днём жанчын, але і пачаткам новага сезона. Вясенні дзень год корміць. Гэтая народная мудрасць сёння актуальна, як ніколі. Пасееш своечасова — будзеш узімку і з хлебам, і з агароднінай, і са шматлікімі хатнімі прыпасамі. Праспіш хоць тыдзень — не збярэш належнага ўраджаю.

Думаю, нам усім абсалютна зразумела: мы можам разлічваць сёння толькі на сябе, на свае працавітыя рукі і светлыя галовы. Накарміць краіну здольны толькі сам народ. У нашай крыві спакон веку прысутнічае прага да працы на роднай зямлі. Мы сеем збожжа, садзім бульбу, вырошчваем капусту, агуркі, моркву, буракі, таматы. Ніколі беларус не будзе галадаць, таму што ён так выхаваны — працаваць да сёмага поту, каб было што паставіць на стол. 

Так было ў самыя ліхія часы ваеннага ліхалецця, так ёсць зараз і так будзе заўсёды. 

Беларускія аграрыі нядрэнна падрыхтаваліся да сезона-2022. Нарыхтавана неабходнае для сяўбы насенне, назапашаны ўгнаенні і сродкі для аховы раслін, адрамантавана сельскагаспадарчая тэхніка. Прычым, па словах айчынных хлебаробаў, задзел на багаты ўраджай зроблены яшчэ з восені мінулага года: каля 1,5 млн гектараў засеяны азімымі збожжавымі культурамі. Як мы памятаем, мінулая восень была даволі цёплай і надзвычай вільготнай, а гэта значыць, што глеба добра напіталася вільгаццю і будзе шчодра дзяліцца ёй з насеннем, якое прасынаецца ў зямлі і дае парасткі. Ды і зімы суровай не здарылася. Прырода сёлета падарыла нам выдатныя стартавыя магчымасці для таго, каб вырасціць багаты ўраджай. Мы абавязкова будзем з хлебам. І не толькі з хлебам, зразумела.

Не так даўно прачытала фразу, што любоў да зямлі расце з дзяцінства. Цалкам згодна з ёю. Мая любоў да працы на зямлі нарадзілася ў вёсцы Залессе, што на Смаргоншчыне. Разам з настаўніцай біялогіі Залескай сярэдняй школы Кірай Канстанцінаўнай Радзівонавай мы з аднакласнікамі ўвесну амаль увесь вольны час праводзілі на прышкольна-доследным участку. Рыхтавалі грады пад будучы ўраджай, сартавалі насенне, пасля сеялі яго і даглядалі кволыя расліны. Менавіта ад маёй настаўніцы я даведалася, што існуюць розныя віды капусты і таматаў, што можна, аказваецца, у Беларусі вырасціць брокалі і салодкі перац, а гэта, між іншым, быў канец 80-х гадоў ХХ стагоддзя. І гэта абуджаная ў дзяцінстве любоў да сваёй зямлі не згасне ніколі.

Сёння ў беларускіх школах, часцей у сельскай мясцовасці, вучні разам з педагогамі вырошчваюць ужо не толькі капусту і салодкі перчык. Дзеці вырошчваюць, акрамя асноўнай агародніны, кавуны і дыні, буякі і клубніцы. Нават экзатычную бамію!

І справа не толькі ў тым, што вырашчаная на прышкольных участках агародніна ідзе на харчаванне ў школьнай сталовай, што, зразумела, робіць вучнёўскія абеды значна таннейшымі. 

І не ў тым, што навучэнцы асвойваюць азы аграрных прафесій і на практыцы іх прымяняюць. 

І нават не ў тым, што яны вырошчваюць на беларускіх глебах безліч цікавых, незвычайных для нашага клімату і смачных сельскагаспадарчых культур. 

А ў тым, што так выхоўваецца сапраўдная любоў да роднай зямлі. Любоў, якая з намі ўсё наша жыццё.

Вядучая рубрыкі Наталля КАСТЭНКА.