З 3 па 5 сакавіка ў Мінску прайшлі рэспубліканскія спаборніцтвы сярод дзяцей і падлеткаў па біятлоне, лыжным спорце і стральбе з пнеўматычнай зброі “Снежны снайпер” на прызы Прэзідэнцкага спартыўнага клуба. Сярод арганізатараў “Снежнага снайпера” — Прэзідэнцкі спартыўны клуб, Міністэрства адукацыі, Міністэрства спорту і турызму, Рэспубліканскі цэнтр фізічнага выхавання і спорту навучэнцаў і студэнтаў.
На сённяшні дзень “Снежны снайпер” — адзін з самых масавых турніраў, у якім на працягу некалькіх гадоў прымаюць уд зел лыжнікі і стралкі з усёй краіны. Адметна, што ўдзельнікамі спартыўнага свята з’яўляюцца школьнікі, якія не займаюцца ў спецыялізаваных вучэбна-спартыўных установах.
“Сёлетнія спаборніцтвы былі праведзены ў восьмы раз, — расказвае намеснік дырэктара аддзела па рабоце са спецыялізаванымі вучэбна-спартыўнымі ўстановамі Рэспубліканскага цэнтра фізічнага выхавання і спорту навучэнцаў і студэнтаў Эліна Юр’еўна Сакалоўская. — За гэты час у “Снежным снайперы” прынялі ўдзел больш чым мільён юных спартсменаў. З іх больш чым 122 тысячы юнакоў і дзяўчат прынялі ўдзел у пачатковым этапе сёлетніх мерапрыемстваў. А ў фінальных гонках удзельнічалі 196 лепшых спартсменаў з усіх абласцей краіны і Мінска”.
Фінал спаборніцтваў быў падзелены на два этапы. У першы дзень біятланісты змагаліся ў стральбе з пнеўматычнай зброі. У другі дзень удзельнікі “Снежнага снайпера” сустрэліся на Мінскай лыжаролернай трасе. Менавіта там прайшла рашаючая гонка, падчас якой спартсменам неабходна было прайсці дыстанцыю даўжынёй 3 кіламетры класічным стылем.
У спаборніцтвах прынялі ўдзел спартсмены дзвюх узроставых груп: малодшай (11-12 гадоў) і старэйшай (13-14 гадоў). Для таго каб выступіць у рэспубліканскім фінале, яны на працягу некалькіх месяцаў дэманстравалі майстэрства ў стральбе і лыжных гонках у сваіх рэгіёнах.
Такім чынам, чэмпіёнам сёлетніх групавых спаборніцтваў у дзвюх узроставых групах з’яўляецца каманда Магілёўскай вобласці. Другое месца сярод зборных каманд старэйшых груп было аддадзена камандзе Мінскай вобласці. Трэцімі сталі прадстаўнікі Мінска. Сярод малодшых спартсменаў другое месца занялі прадстаўнікі сталіцы. Трэцяе — было прысуджана навучэнцам Віцебскай вобласці.
Што тычыцца асабістага першынства, то ў старэйшай узроставай групе лепшы вынік паказалі спартсмены Мінскай вобласці Аксана Жалдыбіна і Іван Вільтоўскі. Дарэчы, Іван ужо другі год запар дэманструе самыя высокія рэзультаты і ў стральбе з пнеўматычнай зброі, і ў лыжных гонках. Сярод прадстаўнікоў малодшай узроставай групы лепшымі былі прызнаны Карына Гардзінская і Яўген Волкаў (Магілёўская вобласць).
“Штогод падчас правядзення “Снежнага снайпера” юным аматарам біятлона выпадае магчымасць пазнаёміцца са сваімі кумірамі, — працягвае Эліна Сакалоўская. — На цырымоніі ўзнагароджання ў розныя гады прысутнічалі Дар’я Домрачава, Святлана Парамыгіна, Людміла Ананька, Алег Рыжанкоў, Сяргей Булыгін. Сёлета павіншаваць юных спартсменаў з перамогай прыйшлі Сяргей Мартынаў, Алена Зубрылава і Сяргей Далідовіч”.
Напрыканцы спартыўнага свята ўдзельнікам “Снежнага снайпера”, акрамя кубкаў, медалёў і дыпломаў, былі ўручаны каштоўныя падарункі, сувеніры і камплекты лыжнай формы.