Вясновы настрой Прыдняпроўя

- 15:35Магілёўшчына

На Магілёўшчыне сёлетняя зіма была асабліва снежнай і марознай. Пойма Дняпра нават цяпер, у пачатку красавіка, яшчэ ўхутана белай коўдрай. Зіма ніяк не хоча развітвацца з Прыдняпроўем, аднак жыхары гэтага рэгіёна ўжо сказалі ёй “Бывай!” Вясновы настрой даўно ўладарыць у сэрцах педагогаў і навучэнцаў вобласці. На календары — вясна, наўкола — снег, а ў душы — радасць, на тварах — усмешкі. Менавіта так, ветліва, радасна, з усмешкамі, сустракалі нас, удзельнікаў прэс-туру “Настаўніцкай газеты”, ва ўстановах адукацыі Магілёва, Магілёўскага і Круглянскага раёнаў.

У цёплай, сяброўскай атмасферы прайшла і наша першая сустрэча. Начальнік упраўлення адукацыі Магілёўскага аблвыканкама Уладзімір Уладзіміравіч Рыжкоў азнаёміў журналістаў з сучасным станам адукацыі ў вобласці, падзяліўся планамі і перспектывамі развіцця галіны ў рэгіёне. “Сістэма адукацыі Магілёўскай вобласці пастаянна знаходзіцца ў дынаміцы. У рэгіёне створана эфектыўная сістэма павышэння кваліфікацыі і ўзроўню прафесійнага майстэрства педагогаў. Кожны напрамак галіны для нас важны: і вучэбны працэс, і выхаваўчая работа, і дзейнасць устаноў дадатковай адукацыі, і ўстаноў дашкольнай і вышэйшай адукацыі, і ўстаноў прафтэхадукацыі. Змяняецца час, а разам з ім і спецыфіка работы прадпрыемстваў. Таму важна рыхтаваць спецыялістаў у адпаведнасці з патрабаваннямі часу. Значная ўвага ўдзяляецца рабоце з навучэнцамі з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця. Важна не проста выгадаваць такіх дзяцей, а даць ім магчымасць асвоіць пэўныя прафесіі, потым працаўладкаваць. І, канечне, адзін з прыярытэтаў — гэта работа з маладымі кадрамі. З работай сістэмы адукацыі вобласці ў гэтых напрамках мы і прапануем азнаёміцца супрацоўнікам нашай паважанай “Настаўніцкай газеты”, — адзначыў Уладзімір Уладзіміравіч Рыжкоў.

Гэтая шчырая сустрэча і задала тон адкрытасці, душэўнай цеплыні для далейшых знаёмстваў, якіх на працягу прэс-туру было нямала.

Наўкола ляжаў снег, а ў душы была вясна. Вясновы настрой педагогаў і навучэнцаў Магілёўшчыны не падуладны надвор’ю.

Ігар ГРЭЧКА.
Фота аўтара.