Вясну пачаў Наўруз

Студэнты дзевяці ўніверсітэтаў краіны прынялі ўдзел у фестывалі “Наўруз Байрам”, які адбыўся ў Гродзенскім дзяржаўным універсітэце імя Янкі Купалы.

Наўруз — свята вясновага раўнадзенства і пачатку новага года ў многіх народаў. У верасні 2009 года яно было ўключана ў рэпрэзентатыўны спіс ЮНЕСКА як нематэрыяльная культурная спадчына чалавецтва, а ў 2010 годзе Генеральная Асамблея ААН абвясціла 21 сакавіка Міжнародным днём Наўруза.

У Гродзенскім універсітэце ўпершыню маштабна адзначылі свята ў мінулым годзе па ініцыятыве зямляцтваў замежных студэнтаў. Тады ўдзел у ім прынялі прадстаўнікі пяці ўстаноў. У гэтым годзе спіс пашырыўся, як і праграма фестывалю. Наўруз адзначалі студэнты ГрДУ, Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта, Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта фізічнай культуры, Беларускага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта імя Максіма Танка, Гродзенскага філіяла “БІП — Інстытут правазнаўства”, Віцебскага філіяла Міжнароднага ўніверсітэта “МІТСО”, гродзенскіх медыцынскага і аграрнага ўніверсітэтаў, Палескага дзяржаўнага ўніверсітэта.

— У нашым універсітэце вучыцца звыш 700 замежных студэнтаў больш чым з 30 краін, — расказвае начальнік Цэнтра інтэрнацыяналізацыі адукацыі ГрДУ імя Янкі Купалы Алена Белакоз. — Сярод іх пяць краін, дзе Наўруз з’яўляецца дзяржаўным святам. І прадстаўнікі гэтых краін складаюць каля 60 працэнтаў ад усіх замежных студэнтаў універсітэта.

— Туркменскія студэнты пачалі вучыцца ў нас з 2008 года. Зараз на факультэце вучацца 150 чалавек з Туркменістана, — расказвае дэкан юрыдычнага факультэта Святлана Чабуранава. — Яны адразу ўключаюцца ў жыццё ўніверсітэта, актыўна ўдзельнічаюць ва ўсіх мерапрыемствах.

Удзельнікаў фестывалю вітала рэктар Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы Ірына Кітурка і падарыла ім вялікі святочны торт з надпісам “Шчаслівага Наўруза”.

Папярэднічаў фестывалю конкурс творчых работ “Новы дзень” (менавіта так перакладаецца слова “наўруз”) — фотаздымкаў, відэаролікаў, эсэ. Усе яны былі размешчаны на старонцы фестывалю “УКантакце”, дзе і выбіралі пераможцаў.

Праграма фестывалю ўключала работу інтэрактыўных пляцовак з нацыянальнай кухняй, майстар-класамі па роспісе хной “Мехендзі”, арабскай каліграфіі. Была арганізавана работа фотазоны “Нацыянальнае адзенне краін свету”. Можна было прайсці кароткі курс туркменскай мовы і павучыцца плесці традыцыйныя туркменскія ўпрыгажэнні-абярэгі, убачыць нацыянальныя касцюмы і прадметы побыту. Спартыўную частку прадстаўлялі спаборніцтвы па туркменскай барацьбе гарэш і нацыянальныя гульні на спрыт і хуткасць.

— Так прыемна адчуць атмасферу дома, свята Наўруз, паказаць свае традыцыі беларускім сябрам, — дзеліцца ўражаннямі пяцікурсніца філалагічнага факультэта ГрДУ Джанэт Мамедава.

Завяршыўся фестываль канцэртам і ўзнагароджаннем пераможцаў шматлікіх конкурсаў фестывалю.

Надзея ВАШКЕЛЕВІЧ.
Фота аўтара.