Вясёлае свята

Масленіца — свята, якое мае глыбокія карані. У народзе яго любяць і называюць ласкавымі мянушкамі: “чэсная Масленіца”, “касатачка”, “перепёлачка”, “перабяруха”, “ясачка”. На Масленіцу праганяюць зіму, тым самым абуджаючы прыроду. Кожны дзень масленічнага тыдня мае сваю назву. Напрыклад, панядзелак — гэта “Сустрэча”, серада — “Ласункі”.

15 лютага ў сярэдняй школе № 5 Навагрудка дзеці бралі ўдзел у свяце “Праводзіны Масленіцы”. Галоўны атрыбут — румяныя і прыгожыя блінцы, што сімвалізуюць сонца, якое павінна своечасова ўступіць у свае ўладанні. Духмяныя, смачныя блінцы на гэтым тыдні ядуць не толькі дома або ў гасцях, але і непасрэдна на вуліцы.

На святкаванні разам праводзілі зіму і сустрэлі вясну. Усе з радасцю развіталіся з лютымі маразамі і сумётамі да наступнага года. Гэтым днём дзеці з настаўнікамі ад усёй душы весяліліся: вадзілі карагоды вакол Масленіцы, удзельнічалі ў гульнях і конкурсах, спявалі песні і чыталі вершы. Напрыканцы свята дзеці частавалі адно аднаго смачнымі блінамі. Як цудоўна, што вясна ўжо на парозе!

Ала НОРЫК,
настаўніца сярэдняй школы № 5 Навагрудка.