Вясёлая фізкультура для дарослых і дзяцей

- 15:46Нам пішуць

У дашкольным цэнтры развіцця дзіцяці Свіслачы выкарыстоўваюцца розныя формы фізкультурна-аздараўленчай работы з дашкольнікамі: вольныя гадзіны, святы, дні здароўя, паходы, фізкультурныя заняткі.


Бацькі таксама ўдзельнічаюць у аздараўленні і навучанні: зрабілі нестандартнае фізкультурнае абсталяванне, атрыбуты для рухомых гульняў. Аднак, правёўшы анкетаванне бацькоў, выявілі, што ў сям’і недастаткова часу надаецца сумесным гульням, у тым ліку рухомым і спартыўным. З мэтай стымулявання сумеснай рухальнай дзейнасці праведзены фізкультурныя заняткі “Вясёлая фізкультура”. Выхаванцы старшай групы і іх бацькі паказалі, як умацоўваць паставу, змагацца з плоскаступнёвасцю і выкарыстоўваць мяч у сумесных гульнях.

Бацькі ў парах з дзецьмі выконвалі розныя практыкаванні (“Бярозка”, “Елачка”, “Вецер”, “Лавачка”, “Пераправа”, “Злаві камара”), гулялі ў рухомыя гульні (“Гарачы мяч”, “У каго менш мячоў”, “Мяч у кошык”). Сумесныя практыкаванні даставілі задавальненне бацькам, зблізілі іх з дзецьмі. Дашкольнікі выконвалі ўсе заданні з асаблівым стараннем, бо разам з імі былі іх мамы.

У інтэрв’ю пасля заняткаў бацькі з натхненнем гаварылі, што сумесныя гульні з дзецьмі будуць практыкаваць дома, бо выкананне практыкаванняў у парах прынесла ўзаемную радасць.

Такое аб’яднанне педагогаў, дзяцей, бацькоў павышае цікавасць да заняткаў фізічнай культурай, спрыяе фарміраванню здаровага ладу жыцця, усталяванню даверлівай атмасферы, стымулюе рухальную актыўнасць дзяцей.

Святлана ПЯСНЯК,
намеснік загадчыка па асноўнай дзейнасці
Дашкольнага цэнтра развіцця дзіцяці Свіслачы.