Вясёлка іграе, вясёлка спявае…

- 10:38Культура

Над Дзвіной і Віцьбай яна штогод апранаецца ў яркія сцэнічныя касцюмы, танцуе, звініць радаснымі дзіцячымі галасамі, а цяпер навучылася яшчэ і маляваць, здзівіла цудоўнымі ўзорамі дэкаратыўна-прыкладной творчасці.

Удзельнікаў і гасцей фестывалю вітае старшыня Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь па адукацыі, культуры і навуцы Ігар Марзалюк.

Х Міжнародны фестываль-конкурс дзіцячай і маладзёжнай творчасці “Вясёлка над Віцебскам” сёлета адзначыў свой першы юбілей. З адкрытага гарадскога ён вырас да аднаго з самых цікавых і масавых спадарожных мерапрыемстваў“Славянскага базару ў Віцебску”. За час існавання палітра творчай “Вясёлкі” аб’яднала таленты больш як 6500 хлопчыкаў і дзяўчынак з розных куткоў Беларусі, Расіі, Казахстана, Латвіі, Малдовы, Ізраіля і іншых краін свету, якія выступілі на канцэртных пляцоўках фестывальнага Віцебска. “За гады рэалізацыі гэты праект стаў знакавай падзеяй у справе духоўна-маральнага выхавання падрастаючага пакалення, развіцця творчых здольнасцей дзяцей і моладзі, — гаворыцца ў прывітальным адрасе міністра адукацыі Рэспублікі Беларусь Ігара Карпенкі. — У дні правядзення Міжнароднага фестывалю мастацтваў “Славянскі базар у Віцебску” ён арганічна дапаўняе праграму вялікага свята шчырымі і яркімі выступленнямі маленькіх зорачак. У вас ёсць выдатная магчымасць прадэманстраваць сваё майстэрства, рэалізаваць самыя смелыя ідэі, абмяняцца творчымі дасягненнямі, знайсці новых сяброў. Ад усёй душы жадаю ўсім творцам свята яркіх адкрыццяў і ўражанняў, новых перамог! “Юбілейная “Вясёлка над Віцебскам” сабрала звыш за 1000 ўдзельнікаў зБеларусі, Расіі, Латвіі, Польшчы. У склад журы ўвайшлі заслужаныя дзеячы культуры і мастацтваў, прафесійныя педагогі.

Уладальнік гран-пры ў намінацыі “Харэаграфія” ўзорны муніцыпальны харэаграфічны ансамбль “Хрустальные грани” Адзінага сацыяльна-культурнага цэнтра (Гусь-Хрустальны, Расія).

— Феерыя натхнення і радасці, незабыўнае свята, калі дзеці розных краін наладжваюць і ўмацоўваюць сяброўства праз танцы, песні, — падзяліўся фестывальнымі ўражаннямі старшыня Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь па адукацыі, культуры і навуцы Ігар Марзалюк. – Праект запатрабаваны і мае вялікую будучыню, ён наглядна дэманструе, як культура яднае людзей праз памнажэнне сэнсаў, любові, гармоніі і хараства, якое дае творчасць.

Самая юная ўдзельніца фестывалю Дар’я Далідовіч (4 гады, Старасвержанскі цэнтр культуры Стаўбцоўскага раёна Мінскай вобласці, кіраўнік М.І.Рыштоўская).

Традыцыйна фестываль пачынаецца са святочнага тэатралізаванага шэсця – сапраўды нібы вялікая рознакаляровая вясёлка выплёскваецца на гарадскія вуліцы і плошчы! Па задуме арганізатараў праекта — Віцебскага гарадскога цэнтра дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі, Віцебскай ордэна “Знак Пашаны” дзяржаўнай акадэміі ветэрынарнай медыцыны і турысцка-інфармацыйнага цэнтра “Ілва” – маршрут змяніўся. Прычым гэта быў не адзіны прыемны сюрпрыз.

— У нас ёсць пастаянныя ўдзельнікі, а кожнаму – і дзіцяці, і даросламу — заўсёды хочацца адметнага, незвычайнага, — патлумачыла куратар праекта Алена Паднябеснава. – Мы спланавалі новы маршрут па цэнтры Віцебска, уключылі ў яго новыя цікавыя аб’екты, у тым ліку  асноўную пляцоўку фестывалю вулічнага мастацтва “На сямі вятрах” – атрымалася незабыўная творчая сустрэча. Упершыню наш фестываль набыў уласны гімн – мы яго даўно чакалі. Удзельнікі з Латвіі і Польшчы скарысталіся магчымасцю прыезду без афармлення віз. Адзінае – мы збіраемся выйсці з прапановай крыху пашырыць спіс мерапрыемстваў “Славянскага базару ў Віцебску”, наяўнасць білетаў на якія даюць такую магчымасць. Таму што ў нас, напрыклад, была група дзяцей з Латвіі: узрост прыкладна 8 гадоў, на канцэрты ў амфітэатр ім ранавата, па-руску не размаўляюць – набылі білеты ў лялечны тэатр, мова лялек інтэрнацыянальная. І прыйшлося афармляць адпаведныя дакументы. Каб можна было таго пазбегнуць – мне здаецца, было б здорава. Значна павялічылася колькасць фестывальных пляцовак, пашырыліся намінацыі за кошт выяўленчага і дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва. Раней таксама прыязджалі юныя мастакі, яны ўдзельнічалі па-за конкурсам – а сёлета заяўкі падалі каля 70 чалавек. Лічу, што гэта цудоўна: сама сутнасць “Славянскага базару ў Віцебску” – свята творцаў і майстроў, мы нават у наступным годзе плануем прэтэндаваць на адну з гарадскіх выставачных пляцовак. Асноўны фармат фестывалю застаецца нязменным, як мы некалі задумалі разам з Ларысай Мішурнай і Васілём Будкевічам (менавіта ім належыць ідэя праекта). Конкурсы дзяцей і маладых выканаўцаў на “Славянскім базары ў Віцебску” маюць на ўвазе ўдзел аднаго прадстаўніка ад краіны. У нас падобнага абмежавання няма, усе ўдзельнікі могуць прэтэндаваць на ўзнагароду, праявіць сябе, выступіць. Для іх гэта важна – дарэчы, мы рады, што для многіх “Вясёлка над Віцебскам” стала прыступкай да больш значных перамог.

— Годны праект, трэба прыўзнімаць яго статус вышэй, — упэўнена дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Таццяна Старынская. – Многія ідэі і планы па развіцці фестывалю мы ўжо сёння абмяркоўваем з яго арганізатарамі. У прыватнасці, гаворка ідзе аб павелічэнні краін-удзельніц. Думаю, гэта цалкам рэальна. Што да колькасці канкурсантаў, то тут “Вясёлка над Віцебскам”, відавочна, набрала магчымы маштаб. Каб удзельнікаў стала больш, неабходна або наладжваць адборачныя туры (чаго не дужа хацелася б), або павялічваць колькасць дзён фестывальнай праграмы.

Характэрная асаблівасць сёлетняга фестывалю – прыкметна павялічылася колькасць выканаўцаў і дзіцячых калектываў у малодшай узроставай групе. Да конкурсных адбораў па палажэнні дапускаюцца ўдзельнікі ва ўзросце ад 6 гадоў, аднак здараюцца і выключэнні. Арганізатары з пэўнай асцярогай адносяцца да такіх заявак, уважліва праглядаюць дзяцей, бо найперш трэба трымаць узровень фестывалю— тым больш важкім становіцца першы поспех!Захапленне гледачоў і журы выклікала самая маленькая артыстка, чатырохгадовая Дар’я Далідовіч з аграгарадка Стары Свержань Стаўбцоўскага раёна Мінскай вобласці. У намінацыі “Вакальна-харавая творчасць” (эстрадны вакал, сола) дзяўчынка сарвала авацыю з песняй “Цік-так, ходзікі” Эдуарда Ханка на вершы Леаніда Пранчака, у намінацыі “Тэатральная творчасць” (мастацкае слова) шчыра і пранікнёна прачытала “Родную мову” Пімена Панчанкі – і ў абедзвюх заваявала дыпломы, прычым адзін – лаўрэата І ступені. Як расказаў бацька (ён жа – адказны за рэпертуар таленавітай “зорачкі”) Павел Далідовіч, здольнасці дачкі выявіліся вельмі рана, у аб’яднанне пры мясцовым Доме культуры яна прыйшла ў 3,5 года. Педагогі пацвердзілі: патэнцыял ёсць, трэба займацца. Перамога ў Віцебску для Дар’і – першы вопыт вялікай сцэны. Разам з тым узроставы дыяпазон канкурсантаў уключае і 25+. У азначанай групе запомніўся яркі вакальны калектыў “Мы сустрэліся ў сакавіку” з Латвіі. У яго складзе, як потым высветлілася, займаецца многа педагогаў: яны прыглядзеліся да фестывалю і ў наступны раз намерваюцца прывезці сваіх вучняў і сагітаваць да ўдзелу прадстаўнікоў сваіх устаноў адукацыі, гэта не адзін дзіцячы калектыў. Зіхоткую іскрынку далучылі да віцебскай “Вясёлкі” суседзі-палачане.

— Мы прыехалі з інструментальным ансамблем лыжкароў “Калатушкі”, — расказала педагог сярэдняй школы №6 Полацка Ала Скуматава. — У мінулым годзе выступілі першы раз – і сталі лаўрэатамі І ступені. Фантастычная энергетыка фестывалю, настрой натхнення, сяброўства і творчасці адчуваюцца проста фізічна. Як і летась, у нас літаральна тут узнікла мноства ідэй, будзем іх рэалізоўваць. Прынята лічыць, што лыжкі – народны інструмент. Але на іх можна іграць не толькі народныя мелодыі і мы выконваем Вівальдзі, танга, ірландскія мелодыі, песні ваенных гадоў. Стараемся не паўтарацца, падрыхтаваць неардынарныя нумары, штораз асвойваем новыя прыёмы ігры — каб было весела, задорна, гучна і разам!

Акрамя дыпломаў І і ІІ ступені, спецыяльны прыз за развіццё фестывальнага руху папоўніў скарбонку ўзорнага харэаграфічнага калектыву “Акцэнт” пад кіраўніцтвам Настассі Пановай. Самабытны, запамінальны, крэатыўны калектыў Віцебскага гарадскога цэнтра дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі на працягу 10 гадоў удзельнічае ў праекце, гэта своеасаблівы сімвал фестывалю. На дождж пераможных дыпломаў расшчодрылася юбілейная “Вясёлка над Віцебскам” для даўніх сяброў нашага выдання з Чашніцкага раённага цэнтра дзяцей і моладзі — харэаграфічнага калектыву “РЫТМ” пад кіраўніцтвам Наталлі Армянцавай. У сваю чаргу, юныя артысты падрыхтавалі арыгінальны падарунак да свята: у ходзе харэаграфічнага нумара абаяльныя снуснумрыкі падарылі юбіляру велізарны казачны торт. Безумоўна, нельга абысці ўвагай і трыумфатараў фестывалю – уладальнікаў гран-пры. Творчасць кожнага з іх вартая асобнай публікацыі, і не адной. Пакарыў талентамі і майстэрствам вакальны гурт “Сузор’е” заслужанага аматарскага калектыву Рэспублікі Беларусь дзіцячай эстраднай студыі “Вясёлыя ноткі”цэнтра творчасці “Эверэст” (Магілёў). Зарад пазітыву і радасці падарыла выступленне ўзорнага муніцыпальнага харэаграфічнага ансамбля “Хрустальные грани” Адзінага сацыяльна-культурнага цэнтра (кіраўнікі Настасся Корабава і Вольга Кузняцова, Гусь-Хрустальны). І, нарэшце, найярчэйшае —на меркаванне аўтара гэтых радкоў, да якога, думаю, далучацца сотні віцебскіх гледачоў –адкрыццё: выступленні Валгаградскага Дзіцячага сімфанічнага аркестра Валгаградскай абласной дзіцячай філармоніі (кіраўнік Сяргей Грынёў, канцартмайстар Кацярына Ліцвінава).Той выпадак, калі ўсе ўражанні хочацца выказаць адным удзячным “Бравісіма!”

— Наш сімфанічны аркестр быў створаны сем гадоў таму пад патранажам Валерыя Гергіева, — адзначыў Сяргей Грынёў. — Калектыў унікальны, мы не вучнёўскі аркестр — канцэртуючы. Мы не вучым іграць: куратары займаюцца непасрэдна з групамі, а небходную падрыхтоўку дзеці набываюць па месцы вучобы. Групавыя заняткі – тое, чаго не хапае зараз у прынцыпе ў сістэме музычнай адукацыі ва ўсім свеце. Мы сустракаемся, рэпеціруем, як вялікі сімфанічны аркестр, робім праграмы, выступаем у розных канцэртных залах, гастралюем. Аб’ездзілі многа гарадоў, маем многа праграм, заваёўвалі гран-пры фестываляў у Расіі і Вялікабрытаніі, Чэхіі і Латвіі, знакамітай Юрмале. У Беларусі аркестр упершыню, хаця асабіста я падтрымліваю кантакты з беларускімі калегамі. За чатыры дні ў Віцебску штодзень у нас па 2-3 канцэрты, выступілі на ўсіх галоўных фестывальных пляцоўках Віцебска. Перамозе рады, і ў той жа час сама творчасць для нашых дзяцей ёсць перамога, на сцэне яны адчуваюць сябе намнога больш упэўнена і эмацыянальна насычана, чым па-за яе межамі.

Юныя артысты выступалі не толькі на вядучых канцэртных пляцоўках фестывальнага Віцебска, але і далі дабрачынны канцэрт у Віцебскім доме-інтэрнаце для састарэлых грамадзян і інвалідаў. Для пачынаючых мастакоў і майстроў выяўленча-прыкладной творчасці на базе клуба “Востраў надзеі” прайшла спецыяльная праграма “Аранжавы настрой” з майстар-класамі і конкурсамі. Спецыяльныя падарункі пераможцам падрыхтавалі Прадстаўніцтва Рассупрацоўніцтва ў Рэспубліцы Беларусь і Віцебскі абласны Савет дэпутатаў.

Па выніках конкурсных выступленняў уладальнікамі галоўных узнагарод і лаўрэатамі фестывалю І ступені сталі: у намінацыі “Вакальна-харавая творчасць” — ансамбль народнай песні “Кірмаш” (сярэдняя школа № 200 Мінска), Вікторыя Карчагіна (Сочынскі каледж мастацтваў), Кацярына Самсановіч (Віцебскі гарадскі цэнтр дадатковай адукацыі дзяцей моладзі), Анастасія Міронава і Аляксандра Венцкус (абедзве — Культурна-спартыўны цэнтр Віцебскага аддзялення беларускай чыгункі), Алекса Ефішэнка (узорная эстрадная студыя “Трэлькі” сярэдняй школы №6 Полацка), Маргарыта Чарнова (сярэдняя школа №33 Магілёва), Вера Разумейчык (сярэдняя школа № 200 Мінска), ансамбль народнай песні “Забава” (сярэдняя агульнаадукацыйная школа №6 станіцы Пластуноўскай Краснадарскага краю), вакальнае трыа “Натхненне” (сярэдняя школа № 33 Магілёва), Даніла Гаджамура (Дзіцячая музычная школа мастацтваў № 8 імя Р.Р.Шырмы), Марыя Строганава (Валгаградскі дзіцячы сімфанічны аркестр, ДМШ № 14 Валгаграда), Дар’я Далідовіч (Старасвержанскі цэнтр культуры), Данііл Палякоў (эстрадная майстэрня «ReMix», Магілёў), Настасся Чувашкіна (Саратаў), вакальная група “Сузор’е” заслужанага аматарскага калектыву Рэспублікі Беларусь дзіцячай эстраднай студыі “Вясёлыя ноткі” (гран-пры, Цэнтр творчасці “Эверэст”, Магілёў); у намінацыі “Тэатральная творчасць” – Барыс Дэйк (Рэспубліканская гімназія-каледж пры БДАМ), школа-студыя “Міні-лэдзі”; у намінацыі “Харэаграфія” — харэаграфічны калектыў “РЫТМ” Чашніцкага раённага цэнтра дзяцей і моладзі (пераможцы адразу ў дзвюх узроставых групах), дзіцячы калектыў народных танцаў «Sadanceni» (Дом культуры Валміерскай воласці, Буртніекскі край, Латвія), Алена Пятрова (ансамбль народнай песні “Забава” станіцы Дзінскай), узорны харэаграфічны калектыў “Акцэнт” Віцебскага гарадскога цэнтра дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі, узорны муніцыпальны харэаграфічны ансамбль “Хрустальные грани” (гран-пры, Адзіны-сацыяльна культурны цэнтр, Гусь-Хрустальны), студыя ірландскага танца “WillDanceStudio” Цэнтра тэхнічнай і мастацкай творчасці дзяцей і моладзі Фрунзенскага раёна Мінска “Зорка”, узорны самадзейны калектыў танцавальнай студыі “Юнацтва” Чысцікаўскага сельскага дома культуры Руднянскага раёна Смаленскай вобласці, узорны калектыў народнага танца “Задорынкі” Віцебскага гарадскога цэнтра дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі; у намінацыі “Інструментальная творчасць” — Ірына Дубко Ірына (ДШМ № 5 Віцебска), ансамбль цымбалістаў і сола Глеб Бялевіч (абодва ўдзельнікі — ДШМ № 2 Віцебска), ансамбль рускіх народных інструментаў Віцебскага абласнога палаца дзяцей і моладзі, Платон Нікалаеў (Полацкая ДШМ), Марыя Пакшынцава (ДШМ №1 Наваполацка), Аляксей Драздоў (Гомельскі дзяржаўны каледж мастацтваў імя Н.Ф.Сакалоўскага), Настасся Аўчыннікава (ДШМ №9 Валгаграда), дуэт Аліса Кабесас і Ксенія Сцякольнікава, а таксама Фёдар Кіяшкін (у кожнай з дзяўчат яшчэ і дыпломы І ступені за выступленні сола, усе трое — ДШМ № 4 Валгаграда), Марыя Строцкая (сярэдняя школа № 33 Магілёва), Уладзіслаў Грыбаў (ДШМ №1 Валгаграда), Багдан Нікалаеў (ДШМ №1 Наваполацка), Арцём Машкоў (Дзіцячая музычная школа №11 Валгаграда), Валгаградскі Дзіцячы сімфанічны аркестр Валгаградскай абласной дзіцячай філармоніі (гран-пры).

Таццяна БОНДАРАВА.
Фота аўтара.