Вясёлка творчасці

Першы год у Гнезнаўскім ВПК дзіцячы сад — сярэдняя школа Ваўкавыскага раёна Гродзенскай вобласці працуе аб’яднанне па інтарэсах “Вясёлка творчасці” для вучняў сярэдняга звяна, дзе дзяўчынкі вучацца вышываць. Вышыўка — адзін з самых любімых і распаўсюджаных відаў рукадзелля. У нашы дні важна адрадзіць і захаваць лепшыя традыцыі вышыўкі крыжыкам. Вывучэнне, развіццё і ўдасканаленне гэтага мастацтва — адна з актуальных задач работы нашага аб’яднання.

Дзяўчынкі выбралі гэты кірунак таму, што, паспрабаваўшы аднойчы пару шыўкоў на ўроках абслуговай працы, цвёрда вырашылі навучыцца гэтаму мастацтву, займаючыся ў аб’яднанні па інтарэсах “Вясёлка творчасці”. Для мяне, кіраўніка, вельмі важна, што дзеці не застаюцца ўбаку ад вытокаў нашых народных традыцый, свят. Дзяўчынкі вырашылі, што будучыя работы, выкананыя сваімі рукамі, падораць сваім блізкім. Працуючы над вырабам, дзеці ўкладаюць часцінку душы, індывідуальнасці. Першыя крыжыкі клаліся не зусім роўна, але потым, з часам, пачалі атрымлівацца ўсё больш акуратна і прыгожа.

На занятках па вышыўцы дзеці даведваюцца шмат новага і цікавага. Вывучаючы старадаўнія віды вышывак і швоў і параўноўваючы іх з тымі, якія можна ўбачыць на гатовых вырабах, прапанаваных у продажы, дзяўчынкі ведаюць, што лепшыя традыцыі народа перадаюцца з пакалення ў пакаленне. Нароўні з вядомымі швамі вышыўка ўзбагацілася новымі ўзорамі, прыёмамі вышывання.

Займацца вышываннем надзвычай цікава. Любы выраб з вышыўкай выглядае прыгожа, індывідуальна. “Я — будучая майстрыха!” — так называюць сябе мае працавітыя, творчыя, крэатыўныя маленькія сябры. Будзем далей працягваць гэтую карысную і цікавую справу.

Люцыя АЛЕНДАР,
настаўніца абслуговай працы Гнезнаўскага ВПК дзіцячы сад — сярэдняя школа Ваўкавыскага раёна Гродзенскай вобласці.