Вясёлы і добры сябар маленькіх дзяцей

“Рыгор Аляксандравіч”, — з павагай звяртаюцца да свайго педагога выхаванцы ясляў-сада № 4 “Залаты ключык” Заслаўя. Яшчэ з ясельнай групы ён прывучае дзяцей быць ветлівымі, хаця ў глыбіні душы зусім не супраць, каб яго называлі проста — дзядзька Грыша. За 10 гадоў работы ва ўстанове Рыгор Аляксандравіч Полазаў даказаў, што спраўляецца з выхаваннем маленькіх дзяцей не горш за сваіх калег-жанчын. Свой прафесіяналізм педагог пацвердзіў і падчас раённага конкурсу “Настаўнік года — 2017”, дзе заняў 1-е месца.

“Родам я з расійскага горада Казань. У школьныя гады з сям’ёй перабраўся ў Заслаўе да сваякоў, — паведаміў Рыгор Аляксандравіч. — Калі прыйшоў час вызначацца з прафесіяй, за кампанію з сябрам-аднакласнікам Антонам падаў дакументы на факультэт псіхалогіі ў БДПУ імя Максіма Танка. Аднакласнік паступіў, а мяне экзаменацыйная камісія “пераманіла” на факультэт дашкольнай адукацыі — па колькасці набраных балаў я туды праходзіў. На той момант нават не ўяўляў, што такое работа ў дзіцячым садзе. Асабістых яркіх успамінаў аб дашкольным перыядзе жыцця ў мяне не было, паколькі ў дзіцячы сад адмовіўся хадзіць і бацькі, якія працавалі, пакідалі мяне дома з бабуляй.

Пасля заканчэння ўніверсітэта па размеркаванні трапіў у яслі-сад № 4 Заслаўя. З’яўленне ў калектыве ўстановы мужчыны-педагога спачатку здзівіла калег, пасля яны прывыклі і сталі аказваць мне ўсю неабходную падтрымку. Больш як два гады працаваў педагогам-псіхолагам. Затым была спроба змяніць прафесію і я ўладкаваўся на работу ў прыватную арганізацыю. Але хутка зразумеў, што сядзець у офісе і размаўляць з кліентамі па тэлефоне — занятак не для мяне, і вярнуўся назад у дзіцячы сад, толькі ўжо выхавальнікам”.

Рыгор Аляксандравіч вельмі сціплы чалавек, якога не так проста разгаварыць. Каб зразумець, які ён на самай справе, трэба паназіраць за яго непасрэднай работай з дзецьмі. Адразу заўважаеш, што выхавальнік добра адчувае дзяцей, быццам ведае, што ім патрэбна ў кожны канкрэтны момант. У яго групе пануе атмасфера спакою і свабоды. На занятках ціха, педагог ніколі не павышае голасу, расказвае і тлумачыць усё роўным тонам, дзеці добра яго разумеюць. Некаторыя малышы па-асабліваму цягнуцца да яго, як да другога таты. Для кагосьці ён, як вядомы персанаж дзядзька Сцёпа, — моцны, вясёлы і добры сябар-велікан. Дзеці дзеляцца з ім чымсьці патаемным, просяць пачытаць казку або пагуляць у цікавую гульню, дапамагчы вырашыць праблемы. І ў Рыгора Аляксандравіча для кожнага знаходзіцца асаблівы падыход, адказ на ўсе “чаму?” і “навошта?” і рэцэпт ад усіх дзіцячых праблем. У чым жа сакрэт цудоўнага псіхалагічнага кантакту педагога з дзецьмі? Вытокі сакрэту — ва ўнутраным спакоі педагога, душэўнай раўнавазе, якія памножаны на разуменне псіхалогіі дзяцей і на індывідуальны падыход да кожнага з іх.

Адна маленькая дзяўчынка з групы Рыгора Аляксандравіча імкнецца адасобіцца ад іншых дзяцей і пабыць у сваіх думках. З самых першых заняткаў выхавальнік дазволіў ёй быць самой сабой. Дзяўчынка магла сядзець за асобным столікам, маляваць алоўкамі тое, што яна жадала, а не тое, што малявалі астатнія ў групе, брала столькі белых лісцікаў, колькі хацела… І малюнкі ў яе атрымліваліся цудоўныя! Паступова, без прымусу, дзяўчынка далучалася да агульных спраў групы.

Выхаванцы Рыгора Аляксандравіча маюць права адмовіцца ад удзелу ў тэатральнай пастаноўцы, якая арганізуецца ў групе, і нават ад яе прагляду. Малыш, які не пажадаў быць артыстам або гледачом, займаецца іншай карыснай справай, напрыклад, лепкай, выразаннем і г.д. Гэта той выпадак, калі педагог не навязвае дзецям пэўных стэрэатыпаў і гатовых сцэнарыяў паводзін, але адукацыйнаму працэсу такі падыход не перашкаджае, заняткі не ператвараюцца ў хаос.

…Калі я завітала ў групу да Рыгора Аляксандравіча, дзеці інсцэніравалі казку “Воўк і сямёра казлянят”.

“Воўк пагрукаў у дзверы і папрасіў… Што ён папрасіў?” — задаў пытанне выхавальнік. “Булачку”, — нечакана выказаў здагадку хлопчык. Педагог добразычліва прыняў адказ, таму што паважае імкненне кожнага дзіцяці да праяўлення фантазіі, затым выслухаў іншыя думкі выхаванцаў, сярод якіх быў і правільны адказ. Казка прадоўжылася. Некалькі дзяцей з групы не пажадалі прымаць удзел у агульнай справе, яны сядзелі за столікамі і выразалі карцінкі. Гэтае права малышоў Рыгор Аляксандравіч таксама паважае. А вось шумных гледачоў іншы раз даводзіцца супакойваць. Але не строгім загадам, а проста папярэджаннем, што той, хто будзе вельмі гаманлівым, не даведаецца, чым закончыцца казка.

“Мне цікава размаўляць з дзецьмі, адказваць на іх пытанні, слухаць іх расказы пра сябе, пра іх інтарэсы і ўражанні, — гаворыць выхавальнік. — Я вучу малышоў самастойнасці, прычым не толькі ў вырашэнні бытавых пытанняў, але і псіхалагічных. Заклікаю, каб яны спраўляліся з міжасабовымі канфліктамі самі, а не беглі скардзіцца да мяне. Пытаюся, напрыклад, у выхаванца, які пасварыўся з аднагрупнікам: “А ты паспрабаваў па-іншаму пагаварыць з сябрам і даведацца, што на самай справе адбылося?” Чым больш самастойнымі будуць дзеці, тым больш камфортна ім будзе ў будучыні”.

Аднойчы ў дашкольнай установе праводзілася апытанне наконт найбольш распаўсюджаных фраз, якія ўжываюць педагогі, каб данесці да дзяцей пэўную інфармацыю-просьбу (сабраць цацкі, не сварыцца, не бегаць, ісці спаць, збірацца на вуліцу і г.д.). У якасці кропкі адліку прапаноўваліся непрымальныя загады: “Дзеці, цішэй!”, “Дзеці, збірайце цацкі!”, “Дзеці, не бегайце!”, “Не сварыцеся!”, “Засынайце, ціхая гадзіна!”, “Дзеці, пара на абед!”, “Садзіцеся за сталы!”, “Апранайцеся, ідзём на вуліцу!”, “Слухайце толькі мяне!”, “Перастаньце! Як вы сябе паводзіце?!” Адказы педагогаў былі вельмі розныя. Сустракаліся і не зусім дарэчныя фразы, і больш-менш талерантныя, і вельмі арыгінальныя. Рыгор Аляксандравіч умее дзяжурныя фразы-загады абыграць. Напрыклад, каб супакоіць дзяцей, ён можа сказаць: “Гуляем у падводнікаў. У адсеках падводнай лодкі павінна быць цішыня!” На неабходнасць прыбраць цацкі ён зверне ўвагу дзяцей наступным чынам: “Нашы цацкі вельмі сумныя, таму што ляжаць не на сваіх месцах. Давайце ўзнімем ім настрой!” Выхаванцаў, якія пачалі бегаць па групе вельмі хутка, што даволі небяспечна, ён папросіць, напрыклад, паказаць, як ходзяць чарапашкі.

З калегамі-жанчынамі ў Рыгора Аляксандравіча склаліся добрыя адносіны. Ён пераймае іх вопыт і дзеліцца сваімі напрацоўкамі, наведвае адкрытыя заняткі педагогаў.

“Адзін выхавальнік дасягае сваёй мэты строгасцю, іншы свае патрабаванні можа завуаліраваць казачным сюжэтам, — разважае Рыгор Аляксандравіч. — Жанчыны па натуры сваёй больш гаваркія, чым мужчыны. Яны ўмеюць падрабязна растлумачыць дзецям важную інфармацыю, могуць “разжаваць” яе, каб малышы дакладна ўсё засвоілі. Такога шматслоўя мне, мабыць, не хапае, асабліва ў рабоце з самымі маленькімі дашкольнікамі, якім у двух словах не раскажаш новую тэму. А яшчэ мой недахоп, смешна сказаць, — коскі дзяўчынкам не ўмею плесці так прыгожа, як мае калегі-жанчыны”.

Супрацоўнікі ўстановы гаварылі вельмі цёплыя і добрыя словы аб Рыгору Аляксандравічу, адзначылі яго адказнасць і жаданне працаваць. Ён заўсёды прыходзіць на дапамогу, калі трэба змайстраваць дапаможнік або дыдактычную гульню, прыняць удзел у тэатральнай пастаноўцы, ранішніку або выступіць у складзе творчай групы падчас раённага мерапрыемства, прыняць удзел у конкурсе. І на музычных занятках у Вольгі Анатольеўны Зеньчык ён незаменны памочнік. Дапамагае спраўляцца з заданнямі дзецям, якія нядаўна прыйшлі ў сад або доўга яго не наведвалі з-за хваробы.

Некалькі гадоў назад у яслях-садзе № 4 Заслаўя Рыгор Аляксандравіч сустрэў сваю будучую жонку, у той час выхавальніка Таццяну Фёдараўну, а зараз намесніка загадчыка ўстановы. У 2013 годзе Таццяна Полазава заняла 2-е месца падчас абласнога конкурсу “Настаўнік года”. Можна сказаць, што яе прыклад натхніў і Рыгора Аляксандравіча, які заняў 1-е месца ў раённым этапе конкурсу ў 2017 годзе.

У Рыгора Аляксандравіча ёсць свае выпускнікі — група дзяцей, якіх ён вёў з ясельнага ўзросту. У апошнія гады ён працуе са старшымі дашкольнікамі, якіх штогод выпускае. Бывала, што мамы выхаванцаў — будучых школьнікаў ледзь не са слязамі на вачах угаворваюць выхавальніка пайсці за іх дзецьмі ў групу прадоўжанага дня. У сваю чаргу мамы, якія рыхтуюцца прывесці дзяцей у сад, цікавяцца ў Рыгора Аляксандравіча, ці не набірае ён ясельную групу. Сёлета ў верасні педагог пачаў працаваць з 29 выхаванцамі старшай групы.

***

Рыгор Аляксандравіч прайшоў перападрыхтоўку ў Інстытуце павышэння кваліфікацыі і перападрыхтоўкі БДПУ імя Максіма Танка па спецыяльнасці “Менеджмент у дашкольнай адукацыі”, атрымаў першую кваліфікацыйную катэгорыю (абагульняў вопыт работы з дзецьмі ў кірунку пазнавальна-практычнай дзейнасці). У наступным годзе плануе атрымаць вышэйшую катэгорыю. Выхавальнік прымяняе на занятках інфармацыйна-камунікацыйныя тэхналогіі, стварае маляўнічыя слайд-шоу, якія дэманструе малышам на мультымедыйнай устаноўцы, у вольны час дадаткова развівае дзяцей, напрыклад, вучыць гульні ў шашкі, прыдумвае з імі казкі.

З верасня 2018 года ва ўстанове пачаў рэалізоўвацца педагагічны праект “Фарміраванне камунікатыўных уменняў дзяцей дашкольнага ўзросту сродкамі анімацыйнай дзейнасці”, які будзе доўжыцца да мая 2020 года. Яго рэалізацыя прадугледжвае распрацоўку анімацыйных праграм для дзяцей дашкольнага ўзросту і актыўнае іх выкарыстанне педагогамі ў адукацыйным працэсе. Рыгор Аляксандравіч у найбліжэйшы час плануе працаваць у кірунку камп’ютарнай і мультыплікацыйнай анімацыі.

“Самы просты прыём, накіраваны на развіццё маўлення і фантазіі дзяцей, — работа з мультфільмамі, — гаворыць педагог. — Паспрабуем уключыць мультфільм без гуку і прапанаваць дзецям на яго аснове стварыць свой арыгінальны мультфільм, змайстраваць яго герояў з пластыліну або з паперы, а ў далейшым агучыць”.

Надзея ЦЕРАХАВА.
Фота аўтара.

Пакінуць каментарый

Ваш электронны адрас не будзе апублікаваны. Абавязковыя палі пазначаны *