Вясёлыя канікулы ў зімовай казцы

- 11:13Навіны рэгіёнаў

Для таго каб зімовыя канікулы прайшлі весела і карысна, пастараліся ўсе: і прырода, якая падарыла сапраўднае зімовае надвор’е, і доўгачаканы снег, і супрацоўнікі ўстаноў адукацыі, якія кожны дзень канікул напаўнялі яркімі мерапрыемствамі. Ва ўсіх раёнах Мінскай вобласці працавалі для дзяцей аздараўленчыя лагеры з дзённым знаходжаннем, дзе хлопчыкі і дзяўчынкі маглі палепшыць здароўе і атрымаць станоўчыя эмоцыі.

Так, напрыклад, школьнікі Нясвіжа адправіліся “У госці да Дзядулі Мароза” — менавіта так называлася адукацыйна-гульнявая праграма, якая чакала іх у аграсядзібе “Завітая”. Дзеці сталі ўдзельнікамі паказу, падчас якога казачныя героі прапаноўвалі ім незвычайныя выпрабаванні. Хлопчыкі і дзяўчынкі выраблялі сувеніры на майстар-класах, ласаваліся пачастункамі Дзеда Мароза. Іх запрашалі гульнявыя пляцоўкі, жартоўная латарэя, бодзі-арт. Падчас канікул адбыўся шэраг раённых мерапрыемстваў. Школьнікі паспаборнічалі ў міні-хакеі з супрацоўнікамі РАУС, высветлілі на турніры, хто ў раёне лепш гуляе ў піянербол. Актыўна прайшлі зімовыя канікулы ў Жодзіне. Для дзяцей былі прапанаваны цікавыя зімовыя гульнявыя праграмы, напрыклад, “Заварушки от зимы-старушки”, спартыўная гульня з перамяшчэннем па станцыях “Снежнымі сцяжынамі”, спартыўны лабірынт “Дарога да Снежнай каралевы” і нават зімовыя алімпійскія гульні. У Цэнтры творчасці і экскурсій дзяцей і моладзі хлопчыкаў і дзяўчынак чакалі “Зімовыя забавы” — турыстычна-спартыўнае свята з эстафетамі, гульнямі, падарожжамі па сцяжыне здароўя. Усе наведвальнікі лагераў пакаталіся на каньках на гарадской лядовай пляцоўцы і атрымалі святочны настрой на “Каляднай выставе” работ жодзінскіх мастакоў у гарадской выставачнай зале. У Лагойскім раёне падчас канікул школьнікі і педагогі ўдзельнічалі ў вялікім творчым мерапрыемстве — конкурсе мастацкай самадзейнасці “Зоркі над Гайнай”. Дзеці таксама скрыжавалі шпагі ведаў падчас чэмпіянату па інтэлектуальнай гульні “Што? Дзе? Калі?”. У школьнікаў была магчымасць пабываць на “Воставе скарбаў” — менавіта так называлася гульнявая праграма ў гарналыжным цэнтры “Сілічы”. Знайшлі дзеці і час для добрых спраў, карысных для іншых людзей. Так, вучні сярэдняй школы № 1 Лагойска арганізавалі акцыю “Старасць — у радасць” і наведалі дом састарэлых з падарункамі і віншаваннямі. Валанцёрскай дзейнасцю займаліся і вучні Крайскай сярэдняй школы. Яны віншавалі і аказвалі дапамогу дзецям-інвалідам, ветэранам, адзінокім старым людзям у рамках акцыі “Крылы анёла”.У аздараўленчых лагерах, якія працавалі ва ўстановах адукацыі Любанскага раёна, рэалізоўваліся цікавыя і змястоўныя праекты, такія як “Горад Чараўнікоў”, “Зімовая казка”, “5Д: Делайте Добрые Дела Друг Другу”, “Вясёлыя канікулы”, “Краіна майстроў”. У рамках гэтых і іншых праектаў былі арганізаваны гульня-падарожжа “Дарога да добрага здароўя”, рухавыя гульні на свежым паветры “Зімовы запал”, пазнавальная гадзіна “Мае правілы бяспекі”, танцавальныя, спартыўна-гульнявыя праграмы, конкурсы малюнкаў, загадак, музейныя ўрокі і экскурсіі, тэматычныя дыскатэкі. Дзеці бралі ўдзел у конкурсна-забаўляльнай праграме “Беражы здароўе з маладых гадоў”, турнірах па настольным тэнісе, валейболе, баскетболе, футболе, творчай праграме “Хвіліна славы”, беларускіх народных рухавых гульнях, для іх працавалі гурткі і спартыўныя секцыі.
У кожным раёне арганізатары змаглі падарыць дзецям незабыўныя ўражанні ад часу, праведзенага ў лагерах. Школьнікі займаліся працоўнай, пазнавальнай, экалагічнай, спартыўна-аздараўленчай, мастацкай, грамадзянска-патрыятычнай дзейнасцю. Для іх было праведзена безліч мерапрыемстваў. Яны такія розныя, але ўсіх іх аб’ядноўвае тое, што дзякуючы ім былі створаны спрыяльныя ўмовы для паляпшэння здароўя і арганізацыі вольнага часу, развіцця творчага і інтэлектуальнага патэнцыялу, індывідуальных здольнасцей і талентаў, творчай актыўнасці дзяцей.

Дар’я РЭВА.
Фота аўтара.