Вясёлыя практыкаванні

- 15:07Портфолио

Працуючы з дзецьмі ранняга дашкольнага ўзросту і вывучаючы іх псіхалагічныя і фізіялагічныя асаблівасці, вялікую ўвагу ўдзяляю пальчыкавым гульням, якія развіваюць дробную маторыку пальцаў рук, а таксама стымулююць развіццё маўлення. З гэтай мэтай распрацавала комплекс спецыяльных гульняў і рэкамендыцый па іх выкарыстанні.

Пальчыкавыя гульні — гэта вясёлыя практыкаванні, падчас якіх інсцэніруюцца пэўныя гісторыі, вершы і казкі, што адлюстроўваюць навакольную рэальнасць: лю­дзей, жывёл, з’явы прыроды, прадметы… Нервовыя канчаткі рук уздзейнічаюць на дзіцячы мозг, у выніку чаго актывізуецца мазгавая дзейнасць. Чым лепш працуюць пальцы і ўся
кісц­ь рукі, тым лепш дзіця гаворыць. 

Акрамя таго, пальчыкавыя гульні ствараюць на занятках станоўчы эмацыя­нальны настрой, могуць прымяняцца пры перахо­дзе з аднаго віду дзейнасці да іншага, добра ўплываюць на агульнае развіццё дзяцей і дапамагаюць ім стаць больш самастойнымі і ўпэўненымі ў сабе. 

На карэкцыйных занятках звяртаюся да гульняў з прагаворваннем слоў, з лічылкамі, скорагаворкамі, вершамі і казкамі, рознымі шарыкамі, гузікамі, пацеркамі, газетамі, замочкамі, коркамі, крупамі, сашчэпкамі, шнуроўкамі, пальчаткамі і пальчыкавымі фарбамі, а таксама да пальчыкавага тэатра і імітацыйных гульняў з пальчыкамі.

Каб прыцягнуць увагу дзяцей, даволі часта выкарыстоўваю музычнае суправаджэнне. У кабінеце ранняй комплекснай дапамогі аформлены тэатралізаваны куток, аснашчаны рознымі пальчыкавымі тэатрамі. Малышы могуць у любы час падысці туды і выбраць з іх той, які найбольш даспадобы. Акрамя таго, сабраны і сістэматызаваны інфармацыйна-наглядныя матэрыялы для бацькоў. 

 Пры развучванні пальчыкавай гульні спачатку паказваю яе дзіцяці, затым далучаю маніпуляцыі яго пальцамі і рукой, пасля чаго адначасова з ім выконваю рухі, прагаворваючы тэкст. Потым дзіця само выконвае рухі і прагаворвае тэкст. Я падказваю і дапамагаю пры неабходнасці.

Прытрымліваюся пэўных метадычных рэкамендацый. Так, падчас пальчыкавых гульняў варта садзіцца насупраць адно аднаго, каб твары дарослага і дзіцяці былі на адной вышыні і гульцы добра бачылі адно аднаго. Перад пачаткам практыкаванняў малышу трэба разагрэць далоні лёгкімі пагладжваннямі да прыемнага адчування цяпла. Усе практыкаванні выконваюцца павольна, ад 3 да 5 разоў, спачатку правай рукой, затым левай, а потым дзвюма рукамі разам. Па магчымасці трэба задзейнічаць усе пальцы.

Падчас практыкавання варта абавязкова паказ­ваць уласную зацікаўленасць гульнёй. Трэба дабівацца, каб практыкаванні выконваліся лёгка і прыносілі радасць, а мышцы рукі празмерна не напружваліся. Усе ўказанні неабходна да­ваць спакойным і добразычлівым тонам, дакладна, без лішніх слоў.

Пальчыкавыя гульні і практыкаванні трэба праводзіць штодзень па некалькі мінут, паступова замяняючы іх новымі. Нельга прымушаць дзіця гуляць, калі яно не хоча. У такім выпадку можна прапана­ваць іншае практыкаванне па развіцці дробнай маторыкі.

У рабоце ўлічваю асноўны прынцып дыдактыкі (ад простага да складанага), а таксама ўзроставыя, індывідуальныя і фізіялагічныя асаблівасці дзяцей, іх эмацыянальны стан.  

Дзякуючы пальчыка­вым гульням, дзеці сталі больш актыўнымі ў зно­сінах, уважлівымі і сканцэнтраванымі. Палепшылася зрокава-рухальная каардынацыя. Пальцы і кісці сталі больш рухавымі і гібкімі, знікла скава­насць рухаў. Павысілася ціка­васць да карэкцыйных заняткаў і гульняў з дробнымі прадметамі.

Валянціна САГАЙДА,
настаўнік-дэфектолаг ЦКРНіР Ляхавіцкага раёна.