Выбар на карысць рабочай прафесіі

- 11:12Суразмоўца

Па шматгадовай традыцыі 15 чэрвеня ўстановы прафесійна-тэхнічнай адукацыі нашай краіны расчынілі дзверы падлеткам, якія зрабілі свой прафесійны выбар на карысць рабочай прафесіі. Чым сёлетні прыём будзе адрознівацца ад мінулагодняга, нашай газеце расказвае кансультант галоўнага ўпраўлення прафесійнай адукацыі Міністэрства адукацыі Т.Р.АРЦЕМ’ЕВА.

— Таццяна Рыгораўна, колькі ўстаноў прафесійнай адукацыі задзейнічана ў прыёмнай кампаніі гэтага года?

— У гэтым годзе прыём ажыццяўляюць 134 установы прафесійна-тэхнічнай адукацыі па больш чым 250 прафесіях. Акрамя таго, прыём для навучання па рабочых прафесіях будуць ажыццяўляць 48 устаноў адукацыі іншых узроўняў, якія рэалізуюць адукацыйныя праграмы прафесійна-тэхнічнай адукацыі.

— Ці павялічыўся сёлетні прыём? Ці адрозняцца яго лічбы ад леташніх?

— З улікам выканання кантрольных лічбаў прыёму ў 2017 годзе, дэмаграфічнай сітуацыі, вынікаў працаўладкавання выпускнікоў і планаў аптымізацыі сеткі ўстаноў прафесійна-тэхнічнай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі ў 2018 годзе для атрымання прафесійна-тэхнічнай адукацыі плануецца прыняць 31 тысячу чалавек, што складзе 104,3% да факта прыёму 2017 года (на 1,3 тысячы чалавек больш), у тым ліку за кошт сродкаў бюджэту — 30,8 тысячы чалавек (104,2 працэнта). Пры гэтым для атрымання адукацыі ў дзённай форме плануецца залічыць 29 тысяч чалавек (104,8 працэнта да мінулага года), у тым ліку на аснове агульнай базавай адукацыі — 18,2 тысячы чалавек, на аснове агульнай сярэдняй адукацыі — 10,3 тысячы чалавек, на аснове спецыяльнай адукацыі — 0,5 тысячы чалавек. Акрамя таго, прадугледжаны прыём 0,7 тысячы чалавек па завочнай (104,4 % да факта прыёму 2017 года) і 1,3 тысячы чалавек па вячэрняй (95,1 % да факта прыёму 2017 года) формах атрымання адукацыі. Павелічэнне ажыццёўлена за кошт дзённай формы на 1283 чалавекі, або 4,3 % адносна факта прыёму 2017 года, завочнай — на 29 чалавек, або 4,4 працэнта адносна факта прыёму 2017 года.

— У мэтах аператыўнага рэагавання на запатрабаванні рэгіянальных рынкаў працы ці будзе зменена структура падрыхтоўкі кадраў? Якія прафесіі будуць закрыты з-за незапатрабаванасці?

— У 2018 годзе плануецца спыніць (прыпыніць) прыём па 168 (у 2017 годзе — па 216) незапатрабаваных прафесіях і адкрыць падрыхтоўку па 193 (у 2017 годзе — па 145) новых для асобных устаноў прафесійна-тэхнічнай адукацыі. Таксама плануецца пачаць падрыхтоўку па 2 новых прафесіях (раней у краіне па іх падрыхтоўка не ажыццяўлялася): аператар працэсу перапрацоўкі збожжа і мантажнік каркасна-абшытых канструкцый сухога будаўніцтва.

— Ці будуць захаваны тэндэнцыі мінулых гадоў рыхтаваць кадры ў большай меры для рэальнага сектара эканомікі?

— Так, прафесіі для рэальнага сектара эканомікі складуць каля 80%. Пры гэтым прадугледжана павелічэнне прыёму па профілях адукацыі “Мастацтва і дызайн” (на 18 чалавек, або 3,6%), “Камунікацыі. Права. Кіраванне. Эканоміка і арганізацыя вытворчасці” (на 131 чалавека, або 5,1%), “Тэхніка і тэхналогіі” (на 642 чалавекі, або 4,7%), “Архітэктура і будаўніцтва” (на 178 чалавек, або 4,5%), “Грамадскае харчаванне. Бытавое абслугоўванне” (на 174 чалавекі, або 5%), “Службы бяспекі” (на 6 чалавек, або 0,4%).

— Якія змяненні ўнесены ў Правілы прыёму асоб для атрымання прафесійна-тэхнічнай адукацыі?

— Умовы прыёму вызначаны Правіламі прыёму асоб для атрымання прафесійна-тэхнічнай адукацыі, зацверджанымі пастановай урада ад 14 ліпеня 2011 года № 953. Урадам прынята пастанова ад 11 студзеня 2018 года № 19 “Аб унясенні змяненняў і дапаўненняў у пастановы Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 14 ліпеня 2011 года № 953 і ад 19 ліпеня 2011 года № 972”, якая прадугледжвае ўнясенне змяненняў і дапаўненняў у Правілы прыёму асоб для атрымання прафесійна-тэхнічнай адукацыі і Палажэнне аб парадку прагназавання патрэб у працоўных рэсурсах для фарміравання заказу на падрыхтоўку спецыялістаў, рабочых, служачых з улікам практыкі іх прымянення.

Змяненні і дапаўненні накіраваны ў першую чаргу на пашырэнне даступнасці атрымання прафесійна-тэхнічнай адукацыі.

У сістэме прафесійна-тэхнічнай адукацыі на практыцы ў выпадку, калі колькасць пададзеных заяў на асобныя спецыяльнасці меншая, чым вызначаная заканадаўствам мінімальная колькасць навучэнцаў у вучэбнай групе, і пры ўзнікненні дадатковай патрэбы ў арганізацый — заказчыкаў кадраў або ў грамадзян з ліку асоб з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця, дзяцей-інвалідаў, інвалідаў I, II або III груп у атрыманні прафесійна-тэхнічнай адукацыі, у перыяд прыёму дакументаў ад паступаючых узнікае неабходнасць удакладнення ўстаноўленых заснавальнікам установы адукацыі кантрольных лічбаў прыёму. Для рэалізацыі названага выпадку пункт 18 Палажэння аб прагназаванні дапоўнены часткай чацвёртай, якой вызначаецца, што заснавальнікі ўстаноў адукацыі, якія рэалізуюць адукацыйныя праграмы прафесійна-тэхнічнай адукацыі, да 15 жніўня могуць усталёўваць удакладненыя кантрольныя лічбы прыёму на асобныя спецыяльнасці ў дзённай форме атрымання адукацыі, вар’іруючы іх колькасцю па асобных спецыяльнасцях (павялічваючы на больш запатрабаваныя) у межах устаноўленых імі аб’ёмаў кантрольных лічбаў прыёму. Пры гэтым для ўдакладненых планаў прыёму захоўваецца вызначаны Палажэннем аб прагназаванні механізм іх зацвярджэння: наяўнасць патрэбнасці, пацверджанай дагаворамi або заяўкамі на падрыхтоўку кадраў, узгадненне з Міністэрствам адукацыі (па форме згодна з дадаткам 6), зацвярджэнне заснавальнікам.

— У якія тэрміны будзе ажыццяўляцца прыём дакументаў?

— На ўзровень прафесійна-тэхнічнай адукацыі прымаюцца асобы, якія маю ць агульную базавую, агульную сярэднюю або спецыяльную адукацыю. Для атрымання прафесійна-тэхнічнай адукацыі ў дзённай форме прыём дакументаў будзе ажыццяўляцца з 15 чэрвеня па 20 жніўня.

Калі да канца тэрміну прыёму дакументаў колькасць пададзеных заяў на асобныя спецыяльнасці меншая, чым запланаваная колькасць месцаў для прыёму, установа адукацыі па ўзгадненні з заснавальнікам можа прадоўжыць тэрмін прыёму дакументаў і залічэння ў склад навучэнцаў да поўнага ўкамплектавання груп, але не пазней, чым да 15 верасня бягучага года. У вячэрняй форме атрымання адукацыi прыём будзе праходзіць з 15 чэрвеня па 20 жніўня, а па спецыяльнасцях кірунку адукацыі “Сельская гаспадарка” – з 1 кастрычніка па 20 лістапада. На завочную форму навучання можна будзе падаць дакументы з 1 па 10 кастрычніка.

Для замежных грамадзян і асоб без грамадзянства, якія паступаюць для атрымання прафесійна-тэхнічнай адукацыі на платнай аснове, тэрмін прыёму складае з 15 чэрвеня па 10 верасня.

У мэтах рэалізацыі падпункта 1.6 пункта 1 Указа Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 30 жніўня 2014 года № 420 “Аб знаходжанні грамадзян Украіны ў Рэспубліцы Беларусь” у дачыненні да грамадзян Украіны, якія падалі дакументы аб пацвярджэнні іх пражывання і навучання на тэрыторыі Данецкай або Луганскай абласцей Украіны, установы прафесійна-тэхнічнай адукацыі нашай краіны пры наяўнасці вакантных месцаў, устаноўленых планамі прыёму, маюць права прымаць вышэйзгаданых грамадзян для атрымання (працягу) прафесійна-тэхнічнай адукацыі за кошт сродкаў рэспубліканскага і (або) мясцовых бюджэтаў або на ўмовах аплаты, прадугледжаных для грамадзян Рэспублікі Беларусь па выніках субяседавання ў парадку і на ўмовах, якiя вызначаюцца ўстановамі адукацыі.

У сувязі з тым, што пра наяўнасць вакантных месцаў можна меркаваць пасля залічэння, прыём вышэйзгаданых грамадзян для атрымання прафесійна-тэхнічнай адукацыі да правядзення названай працэдуры магчымы толькі на ўмовах прыёму для замежных грамадзян і асоб без грамадзянства на платнай аснове.

— Якія іспыты прадугледжаны пры паступленні? Як будзе адбывацца залічэнне?

— Залічэнне паступаючых ва ўстановы прафесійна-тэхнічнай адукацыі ажыццяўляецца на падставе іх заяў (пры адсутнасці конкурсу) або па конкурсе сярэдняга бала пасведчання аб агульнай базавай адукацыi, або атэстата аб агульнай сярэдняй адукацыі, або пасведчання аб спецыяльнай адукацыі. І толькі для асобных спецыяльнасцей профіляў адукацыі “Мастацтва і дызайн” і “Архітэктура і будаўніцтва” з мэтай выяўлення творчых здольнасцей прадугледжаны ўступныя выпрабаванні, вынікі якіх улічваюцца пры залічэнні.

Тэрміны правядзення ўступных іспытаў і залічэння для атрымання прафесійна-тэхнічнай адукацыі наступныя. У дзённай форме атрымання адукацыі: першы паток — з 5 па 12 ліпеня, другі паток — з 21 па 24 жніўня, залічэнне ў склад навучэнцаў — да 25 жнiўня; у вячэрняй форме атрымання адукацыi — з 21 па 24 жніўня, залічэнне ў склад навучэнцаў — да 25 жніўня, па спецыяльнасцях кірунку адукацыі “Сельская гаспадарка” — з 21 па 24 лістапада, залічэнне ў склад навучэнцаў — да 25 лістапада; у завочнай форме атрымання адукацыі залічэнне ў склад навучэнцаў — з 11 па 13 кастрычніка.

Падрабязную інфармацыю пра магчымасці атрымання прафесійна-тэхнічнай адукацыі можна атрымаць з Даведніка для паступаючых ва ўстановы адукацыі, якія рэалізуюць адукацыйныя праграмы прафесійна-тэхнічнай адукацыі, у 2018 годзе, які будзе размешчаны на сайце Міністэрства адукацыі. Таксама на сайце размешчаны нарматыўныя прававыя акты, якія рэгулююць парадак і правілы правядзення ўступнай кампаніі.

У мэтах аказання дапамогі абітурыентам, бацькам і грамадскасці ў атрыманні інфармацыі па прыёме ў Міністэрстве адукацыі будзе арганізавана работа гарачай лініі (тэлефон: 8 (017) 222-43-12).

Інтэрв’ю падрыхтавала Ала КЛЮЙКО.
Фота аўтара.