Выбар прафесіі — выбар лёсу

“Правільна выбраная прафесія — гэта не проста ўдала ці няўдала прынятае ў юнацтве рашэнне, а нярэдка шчаслівы або разбіты лёс, актыўнае, творчае, радаснае жыццё або пасіўнае, абыякавае існаванне”. Гэтымі словамі пачынаецца рэзалюцыя, прынятая на VIII Абласным бацькоўскім сходзе, які адбыўся на Міншчыне. “Выбар маладых — выбар будучыні” — так гучыць тэма мерапрыемства. Бацькі і педагогі разам абмяркоўвалі, як дапамагчы школьнікам зрабіць гэты выбар правільна.

Звычайна бацькі прымаюць актыўны ўдзел у вызначэнні жыццёвых і прафесійных планаў сваіх дзяцей і могуць значна на іх паўплываць. Але здараецца, што дарослыя не ведаюць інтарэсаў сваіх сыноў і дачок і не могуць аб’ектыўна ацаніць іх здольнасці. Нярэдка бацькі знаходзяцца ў палоне стэрэатыпаў і іх парады грунтуюцца толькі на “прэстыжнасці” той ці іншай прафесіі або спецыяльнасці. Пры гэтым у іх часта адсутнічае ўяўленне аб сітуацыі на рынку працы, запатрабаванасці і перспектыўнасці тых ці іншых прафесій, якасцях, неабходных сучаснаму прафесіяналу. Атрымліваецца, што бацькам, якія павінны дапамагчы дзецям прыняць правільнае рашэнне, самім патрэбна дапамога. Вось чаму работа з бацькамі — важнае звяно ў сістэме прафесійнага самавызначэння навучэнцаў, і менавіта на гэтую праблему была скіравана ўвага ўдзельнікаў абласнога бацькоўскага сходу.

Сустрэча ў новым фармаце

Сёлета абласны бацькоўскі сход праходзіў у новым фармаце. Раней мамы і таты з усёй вобласці з’язджаліся ў адно месца, каб абмеркаваць найбольш важныя пытанні. У гэтым жа годзе абласны сход праходзіў адначасова ў 21 установе прафесійна-тэхнічнай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі. Гэта дазволіла ў разы павялічыць маштаб мерапрыемства — удзел у ім прынялі больш за 4 тысячы бацькоў, а таксама прадстаўнікі органаў дзяржаўнай улады, грамадскіх арганізацый, арганізацый — заказчыкаў кадраў, духавенства і, зразумела, супрацоўнікі ўстаноў адукацыі. Такі размах арганізатары палічылі неабходным і адпавядаючым тэме і мэтам сходу. Задачу перад сабой паставілі складаную — памяняць меркаванні і ўяўленні людзей. “Мы пачнём сёння руйнаваць ва ўсведамленні людзей стэрэатып аб тым, што неабходна любой цаной паступаць ва ўстановы вышэйшай адукацыі, — кажа Галіна Мікалаеўна Казак, начальнік упраўлення адукацыі Мінаблвыканкама. — Неабходна даць бацькам магчымасць па-новаму паглядзець на сістэму прафесійна-тэхнічнай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі. Многія ўспрымаюць гэтую сістэму як нешта застылае з савецкіх часоў, а рабочыя прафесіі — як непрэстыжныя і неперспектыўныя. А між тым практыка паказвае, што гэта зусім не так. І каледжы, і ліцэі вобласці могуць гэта даказаць”.
Сістэма прафесійна-тэхнічнай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі сёння вельмі гібкая і хутка рэагуе на ўсе змяненні ў розных галінах народнай гаспадаркі. Напрыклад, не хапае ў гаспадарках Смалявіцкага раёна механізатараў — Смалявіцкі дзяржаўны аграрна-тэхнічны прафесійны ліцэй набірае на гэтую спецыяльнасць больш навучэнцаў. З’явілася патрэба ў спецыялістах па вытворчасці марожанага — у Слуцкім дзяржаўным каледжы хутка будуць ладзіць навучанне па новай кваліфікацыі “вытворца марожанага”. З развіццём турызму рэгіён адчувае патрэбу ў пакаёўках, якія б добра ведалі сваю справу, — і адразу ж пачынаюць рыхтаваць такіх спецыялістаў у Вілейскім дзяржаўным каледжы. І гэта толькі некалькі прыкладаў, а сістэма аператыўна рэагуе на змяненні пастаянна, каб ніводзін спецыяліст не застаўся незапатрабаваным. А калі гаварыць пра матэрыяльны аспект, то не сакрэт, што многія людзі, якія атрымалі рабочую прафесію, зарабляюць не горш, а то і лепш, чым спецыялісты з вышэйшай адукацыяй. Трэба адзначыць, што ўстановы прафесійна-тэхнічнай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі робяць усё магчымае, каб рыхтаваць канкурэнтаздольных спецыялістаў. Яны пастаянна працуюць над паляпшэннем матэрыяльна-тэхнічнай базы. Дзейнічаюць рэсурсныя цэнтры, дзе сканцэнтраваны самыя перадавыя тэхналогіі і сучасная тэхніка, з якой давядзецца сустрэцца навучэнцу ў яго далейшай працоўнай дзейнасці. Неабходна, каб пра гэта ведалі бацькі і маглі падзяліцца інфармацыяй са сваімі дзецьмі.

Прафарыентацыйны квест і інтэрактыўныя дайджэсты

У кожнай установе адукацыі, дзе праходзіў бацькоўскі сход, выбралі свой спосаб арганізацыі сустрэчы з мамамі і татамі. Адкрыты дыялог правялі ў Любанскім і Смілавіцкім сельскагаспадарчых прафесійных ліцэях, Чэрвеньскім прафесійным будаўнічым ліцэі. У Мінскім дзяржаўным абласным каледжы адбыўся прафарыентацыйны квест, а ў Слуцкім дзяржаўным каледжы арганізавалі інтэрактыўны дайджэст па тэме сходу. Барысаўскі дзяржаўны каледж, Бярэзінскі аграрна-тэхнічны прафесійны ліцэй, Клецкі сельскагаспадарчы прафесійны ліцэй і многія іншыя выбралі форму дня адкрытых дзвярэй.
Бацькі наведалі майстар-класы, выставы, прэзентацыі, прэс-канферэнцыі з прадстаўнікамі базавых прадпрыемстваў, убачылі выступленні агітбрыгад, сустрэліся з прадстаўнікамі працоўных дынастый і знакамітымі выпускнікамі. Яны атрымалі кансультацыі экспертаў для паспяховага прафесійнага самавызначэння дзіцяці, а таксама ўяўленне аб матэрыяльна-тэхнічнай базе, адукацыйных паслугах устаноў прафесійнай адукацыі, арганізацыі вольнага часу навучэнцаў, запатрабаванасці рабочых прафесій на рынку працы.
У форме дня адкрытых дзвярэй бацькоўскі сход прайшоў у Смалявіцкім дзяржаўным аграрна-тэхнічным прафесійным ліцэі. Госці ў экскурсіі па ліцэі даведаліся, дзе і як хлопцы і дзяўчаты вучацца, жывуць, чым займаюцца ў вольны час. Адправіліся яны і яшчэ на адну экскурсію — віртуальную — па прадпрыемствах і гаспадарках, дзе паспяхова працаўладкоўваюцца выпускнікі ліцэя. Бацькі даведаліся, што тут стараюцца выхоўваць не толькі добрых спецыялістаў, але і добрых людзей: навучэнцы ліцэя арганізоўваюць працоўныя дэсанты і акцыі, актыўна ўдзельнічаюць у валанцёрскім руху. Пазнаёміліся ўдзельнікі мерапрыемства і з навучэнцамі — сённяшнімі і былымі. Аляксандр Яцкевіч, які сёлета заканчвае ліцэй, расказаў, што ўстанова адукацыі не проста дала яму прафесію, але і стала добрай стартавай пляцоўкай у жыцці. Аляксандр удзельнічаў у алімпіядах, конкурсах, спартыўных спаборніцтвах, стаў сакратаром пярвічнай арганізацыі БРСМ і дэпутатам маладзёжнага парламента пры Мінскім абласным Савеце дэпутатаў. Яшчэ адзін выпускнік ліцэя, які прыйшоў на сустрэчу, паспяхова рэалізаваў сябе ў прафесіі. Механізатар Анатоль Генадзьевіч Яскевіч — пераможца рэспубліканскага спаборніцтва “Дажынкі” і ўладар мноства ўзнагарод за сваю працу. Такія выпускнікі — лепшая рэклама для ўстановы адукацыі.
У Нясвіжскім дзяржаўным каледжы імя Якуба Коласа ў час бацькоўскага сходу працавала тэматычная пляцоўка “У пошуках свайго прызвання. Ад прафарыентацыйнай работы да прафесійнага выбару”, мерапрыемствы праходзілі ў форме інтэрактыўнага дайджэста. Госці маглі ўбачыць работы навучэнцаў усіх спецыяльнасцей, па якіх вучаць у Нясвіжскім каледжы. Ля ўваходу ў каледж гасцей сустракалі экскурсаводы, навучэнцы спецыяльнасці “Турызм і гасціннасць”. На пляцоўцы ўнутранага дворыка размясціліся ўдзельнікі анімацыйнага праекта “Нясвіж. Гасцінны двор”. Ля сувенірнай крамы вясёлыя карабейнікі прапаноўвалі прадукцыю, вырабленую навучэнцамі па спецыяльнасцях “Дызайн” і “Пачатковая адукацыя”. Удасканаліць свае веды па замежнай мове ў караоке-класе прапаноўвалі навучэнцы спецыяльнасці “Замежная мова”. Удзельнікі сходу ўбачылі педагагічны флэш-моб педатрада і агітхвілінку “Мы ў адказе за юнае пакаленне” валанцёрскага атрада “Эра міласэрнасці”, а таксама размяліся падчас аздараўленчай гімнастыкі, якую правялі навучэнцы спецыяльнасці “Фізічная культура”. І гэта толькі невялікая частка таго, што ўбачылі госці бацькоўскага сходу ў Нясвіжы. Аб атмасферы, якая пануе ў каледжы, расказалі шматлікія выпускнікі, якія прыйшлі ў гэты дзень на сход. Яны прызналіся, што дагэтуль лічаць сваёй сям’ёй усіх аднакурснікаў, выкладчыкаў і супрацоўнікаў установы.
У Вілейскім дзяржаўным каледжы гасцей больш за ўсё ўразілі майстар-класы, праведзеныя навучэнцамі па слясарнай справе, кухарскім і цырульніцкім майстэрстве, а таксама паказ калекцыі адзення, створанага дзяўчатамі, якія тут вучацца. Многія бацькі прызналіся, што не маглі сабе нават уявіць, наколькі высокі прафесіяналізм навучэнцаў каледжа. Пасля наведвання станцыі тэхнічнага абслугоўвання, цырульні і кафэ, якія дзейнічаюць у каледжы, некаторыя госці шчыра казалі, што яны ў шоку, бо ніколі не маглі б падумаць, што такія шыкоўныя ўмовы могуць быць створаны ў звычайным каледжы. Вынік мерапрыемства ў Вілейцы быў падведзены ў час ток-шоу “Выбар прафесіі — сур’ёзны выбар”.

Лёд крануўся

Зразумела, карэнным чынам перамяніць меркаванне бацькоў наконт устаноў прафесійна-тэхнічнай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі складана адным толькі бацькоўскім сходам. Але мерапрыемства дакладна прыцягнула ўвагу бацькоў да гэтай тэмы, прымусіла іх задумацца і па-іншаму зірнуць на каледжы і ліцэі. І гэта ўжо рух наперад. Работа па павышэнні прэстыжу рабочых прафесій і арыентацыі выпускнікоў школ на паступленне ва ўстановы прафесійна-тэхнічнай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі працягнецца і далей, пакуль дарослыя і дзеці не пазбавяцца стэрэатыпаў і пачнуць аб’ектыўна глядзець на сітуацыю. Але ўжо сёння можна быць упэўненымі, што ўдзельнікі бацькоўскага сходу ведаюць дастаткова, каб дапамагчы сваім дзецям правільна зрабіць лёсавызначальны выбар.

Дар’я РЭВА.
Фота аўтара і з архіва Вілейскага дзяржаўнага каледжа.