Выбар прафесіі — выбар жыццёвага шляху

- 14:50Нам пішуць

Перад сучаснымі старшакласнікамі праблема выбару прафесіі становіцца актуальнай ужо ў 9 класе. Таму адзін з абавязковых кірункаў работы калектыву нашага КПК — дапамога ў выбары прафесіі, якая б падабалася, адпавядала здольнасцям і магчымасцям навучэнцаў.

Для сістэматызацыі і актуалізацыі ведаў, удасканалення форм і метадаў работы па дапрофільнай падрыхтоўцы і профільнага навучання мы праводзілі семінар-практыкум. Паколькі неад’емным кампанентам дапрофільнай падрыхтоўкі і профільнага навучання з’яўляецца прафарыентацыя, мы вырашылі разгледзець арганізацыю работы пачынаючы з малодшых класаў.

Спачатку вызначыліся з паняццем “прафарыентацыя” і заслухалі даклад аб рабоце ў малодшых класах, што арганізоўваецца праз правядзенне гульняў, конкурсаў, прызваных дапамагчы навучэнцам знаёміцца са светам прафесій. Наступным разглядалася пытанне арганізацыі работы ў 5—7 класах. На гэтым этапе прафарыентацыя знаходзіць свой працяг праз дзелавыя і прафарыентацыйныя гульні, гульні-паглыбленні, гульні-падарожжы. Класныя кіраўнікі прапанавалі ўзяць удзел у такіх гульнях.

Да канца 8 класа і ўвесь 9 клас арганізоўваецца работа ў рамках дапрофільнай падрыхтоўкі. Мы разгледзелі тэарэтычныя асновы, мерапрыемствы, якія праводзяць педагогі на гэтым этапе. Вялікую ўвагу ўдзялілі правядзенню сярод дзевяцікласнікаў факультатыва “Мая прафесійная будучыня”. Таксама дзяліліся вопытам правядзення “Прафесійных проб”, якія дазваляюць старшакласнікам прымераць на сябе будучую прафесію.

І апошнім этапам нашай работы было профільнае навучанне. Педагогі дзяліліся вопытам правядзення заняткаў у рамках профілю. Прапанавалі выкарыстоўваць метад “Mind-Map”. Існуе некалькі азначэнняў гэтага метаду, асноўныя — “карта памяці”, “інтэлект-карта”. Прынцып пабудовы любой «інтэлект-карты» — цэнтральны аб’ект і лагічныя асацыятыўныя сувязі, якія разыходзяцца ад яго. Дзякуючы выкарыстанню колераў, малюнкаў і прасторавых сувязей, любая інфармацыя ўспрымаецца, аналізуецца і запамінаецца хутчэй і больш эфектыўна.

Педагогі практыкуюць на ўроках правядзенне прафарыентацыйных гульняў, напрыклад, “Мая прафесія”. Дзеці атрымліваюць наступную інструкцыю: “Напішыце прафесію, якая вам падабаецца больш за ўсё; на кожную літару гэтай прафесіі напішыце якасці, якімі павінен валодаць чалавек гэтай прафесіі; папрасіце суседзяў па парце, каб ахарактарызавалі вас на кожную літару вашай будучай прафесіі; супастаўце свой варыянт з варыянтам суседа па парце; ці ёсць супадзенні? што парадавала? над чым трэба працаваць?”

Семінар-практыкум атрымаўся плённы. Педагогі ўмацавалі веды па тэме, пазнаёміліся з новымі цікавымі формамі работы, якія плануюць выкарыстоўваць у далейшым.

Алена АРЛОВА,
намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце, Ірына Мельнікава, педагог-псіхолаг
Макранскага КПК “дзіцячы сад — сярэдняя школа” Быхаўскага раёна.