Выбаршчыкі ідэнтыфікуюць кандыдата па прозвішчы

- 11:48Выбары 2015

Беларускія выбаршчыкі ідэнтыфікуюць кандыдата па яго прозвішчы, а не па нейкім сімвале, заявіў сакратар Цэнтрвыбаркама Мікалай Лазавік 2 кастрычніка на пасяджэнні ЦВК.

“Калі выбаршчыку называюць прозвішча кандыдата, у галаве ў яго адразу ўзнікае вобраз”, – сказаў Мікалай Лазавік. Паводле яго слоў, асацыяцыя сімвала з партыяй – гэта элемент палітычнай культуры тых краін, дзе праходзяць выбары па прапарцыянальнай сістэме. Для Беларусі гэта не характэрна.
“Паважаныя дамы і спадары, па зразумелых прычынах Чэрчыля мы не змаглі запрасіць на гэта пасяджэнне. Хоць я магу сказаць, што знак “Вікторыя” Караткевіч робіць у канцы кожнага перадвыбарнага выступлення”, – сказала ў сваю чаргу Лідзія Ярмошына, намякаючы пры гэтым, што брытанскі палітык Уінстан Чэрчыль таксама выкарыстоўваў знак “Вікторыя”.
Лідзія Ярмошына прапанавала адхіліць скаргу Караткевіч, прызнаўшы яе неабгрунтаванай. Гэта рашэнне падтрымала ўся Цэнтральная камісія.
Акрамя таго, ЦВК прыняў пастанову аб асаблівым парадку для галасавання будаўнікоў, якія займаюцца ўзвядзеннем Беларускай АЭС. Як было заяўлена на пасяджэнні ЦВК, чарговая змена будаўнікоў заехала на аб’ект 30 верасня і будзе працаваць да 14 кастрычніка. Усяго там занята амаль 4 тыс. чалавек, з якіх амаль 3 тыс. – грамадзяне Беларусі. Яны змогуць прагаласаваць, прад’явіўшы пропуск або службовае пасведчанне з фатаграфіяй.
Член ЦВК з правам дарадчага голасу Ігар Лялькоў, які прадстаўляе інтарэсы Таццяны Караткевіч, заявіў наконт гэтага, што тады трэба мяняць раней прынятую пастанову, што рэгламентуе, па якіх дакументах можна атрымліваць дакументы. Аднак прадстаўнікі ЦВК у адказ растлумачылі, што само галасаванне будзе праходзіць на аснове загадзя складзенага спіса выбаршчыкаў, у якім няма грамадзян Расіі. Пры гэтым у спісе пазначаюць серыю і нумар пашпарта. Для выдачы бюлетэня трэба толькі пераканацца, ці сапраўды гэта той чалавек, які ёсць у спісе.
Наконт гэтага Лідзія Ярмошына таксама адзначыла: “Гэта асаблівы парадак, які датычыцца толькі Беларускай АЭС. Так галасаваць будуць толькі ў адным месцы – у холе адміністрацыі АЭС”.
На пасяджэнні ЦВК давераная асоба Аляксандра Лукашэнкі і кіраўнік яго перадвыбарнага штаба Мар’яна Шчоткіна заявіла, што СМІ не ўзгаднялі з перадвыбарным штабам Аляксандра Лукашэнкі выкарыстанне сімвала ў выглядзе птушкі ў колерах нацыянальнага сцяга.
“Гэтым элементам сёння можа карыстацца любы кандыдат”, – сказала Мар’яна Шчоткіна.
Акрамя таго, яна нагадала, што ў 2010 годзе выбарчая кампанія таксама праходзіла з выкарыстаннем гэтага сімвала. “Ён выкарыстоўваецца заўсёды, і, у прынцыпе, яго мэта – гэта прыцягнуць увагу да выбараў”, – сказала Мар’яна Шчоткіна. Яна звярнула ўвагу, што ў мабільным дадатку “Выбары-2015” выкарыстоўваецца гэты сімвал. “Там ёсць такая агітацыя (з выкарыстаннем птушкі. – Заўвага БелТА.) за Караткевіч, за Улаховіча, за Гайдукевіча. За Лукашэнку гэта адсутнічае”, – падкрэсліла Мар’яна Шчоткіна.
Яна таксама адзначыла, што ніякія вытворцы не ўзгаднялі са штабам Аляксандра Лукашэнкі выраб маек з рознымі заклікамі і сімваламі. Больш таго, Мар’яна Шчоткіна звярнула ўвагу, што штаб першапачаткова адмовіўся ад куплі і распаўсюджвання якіх-небудзь маек, паколькі закон дазваляе раздаваць на пікетах менавіта друкаваную прадукцыю, але не майкі.
Таксама Мар’яна Шчоткіна дадала, што вытворчасць такіх маек – камерцыйная дзейнасць. “Мы ніколі ніякія майкі не заказвалі і заказваць не будзем… Мы ўсе свае намаганні накіравалі на друкаваную прадукцыю”, – сказал яна. Кіраўнік штаба адзначыла, што перадвыбарнай камандзе Аляксандра Лукашэнкі прапаноўвалі ўжо аплаціць такія майкі і выкарыстоіваць іх для агітацыі, але штаб адмовіўся.
Акрамя гэтага, Мар’яна Шчоткіна прапанавала ўстанавіць адказнасць для камерцыйных структур і прадпрымальнікаў адносна выпуску такой прадукцыі. “Любы індывідуальны прадпрымальнік, любая прыватная асоба можа выпусціць майку”, – сказала яна. У гэтым выпадку можна абвінаваціць у злоўжываннях таго кандыдата, чый лозунг на майцы.
Кіраўнік штаба Аляксандра Лукашэнкі адзначыла і той факт, што ў фонды кандыдатаў нярэдка пераводзяцца грошы ад індывідуальных прадпрымальнікаў. Але гэта забаронена. “Мы ўсе гэтыя грошы вярнулі. Толькі юрыдычныя і фізічныя асобы могуць пералічаць”, – сказала Мар’яна Шчоткіна.
У сваю чаргу генеральны дырэктар Беларускага тэлеграфнага агенцтва Дзмітрый Жук растлумачыў, што птушка выкарыстоўваецца для прыцягнення ўвагі да тэмы выбараў ужо даволі даўно. У прыватнасці, ён прадэманстраваў нумар газеты “7 дней” ад 16 снежня 2010 года, дзе ёсць такі сімвал. “Гэта не за нейкага кандыдата, а проста, каб людзі ішлі галасаваць”, – сказаў гендырэктар агенцтва. Ён дадаў, што сімвал выкарыстоўваўся ў СМІ і на парламенцкіх выбарах 2012 года.
“Гэта частка візуальнага алфавіта, які выкарыстоўваюць СМІ”, – адзначыў ён.
Ігар Лялькоў – член ЦВК з правам дарадчага голасу, які з’яўляецца членам перадвыбарнага штаба Караткевіч, адзначыў, што, на думку каманды Караткевіч, выкарыстанне дзяржаўнымі СМІ лагатыпа ў выглядзе “птушачкі”, выкананай у колерах нацыянальнага сцяга, – гэта парушэнне, паколькі на плакатах у падтрымку Аляксандра Лукашэнкі выкарыстоўваецца такі ж сімвал.
У штабе Караткевіч лічаць, што гэта злоўжыванне адмінрэсурсам.
Акрамя таго, Лялькоў заявіў, што футболкі з сімвалам у выглядзе літары “V” і надпісам “За будучыню незалежнай Беларусі”, якія выпускаюцца адным з беларускіх прадпрыемстваіў і прадаюцца ў магазінах, – гэта таксама парушэнне.