“Выбары могуць толькі ўмацаваць усе фарматы нашай садружнасці”

- 11:42Інфармацыйная гадзіна

Вынікі прэзідэнцкіх выбараў у Расіі не паўплываюць на адносіны з Беларуссю. Такое меркаванне выказаў Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Расіі ў Беларусі Аляксандр Сурыкаў.

Пасол не думае, што вынікі выбараў у Расіі могуць нейкім чынам паўплываць на адносіны з Беларуссю. “У нас даўнія брацкія адносіны. Мы даўно вызначыліся са сваімі перавагамі, утварылі Саюзную дзяржаву, рухаемся ў яе рамках”, — сказаў Аляксандр Сурыкаў. Ён назваў Саюзную дзяржаву самым паспяховым і развітым інтэграцыйным аб’яднаннем на постсавецкай прасторы. Саюзныя адносіны распаўсюджваюцца не толькі на эканоміку, як у ЕАЭС, але і на міжнародную дзейнасць, абаронную, ваенна-тэхнічную сферу, ахову здароўя, адукацыю, культуру. Саюзная дзяржава па сваёй інтэграцыйнай сіле больш магутная, чым любое інтэграцыйнае аб’яднанне на прасторах былога Савецкага Саюза, адзначыў дыпламат.

“Іскры паміж намі бываюць, асабліва ў галіне эканамічных узаемаадносін. Але нічога сур’ёзнага, што магло б паўплываць на фармат нашых адносін, я не бачу, — дадаў ён. — Выбары могуць толькі ўмацаваць усе фарматы нашай садружнасці”.

Каменціруючы апошнія спрэчкі па пастаўках беларускай прадукцыі ў Расію, Аляксандр Сурыкаў падкрэсліў, што такія іскры павінны гасіцца сумеснымі кансультацыямі расійскіх і беларускіх службаў і пошукам кансэсусу ў вырашэнні таго ці іншага пытання па якасці прадукцыі. Пры гэтым дыпламат прызнаўся, што сам аддае перавагу беларускай малочнай прадукцыі, напрыклад, сырам, у якіх гарантавана няма пальмавага, соевага алею.

Прэзідэнцкія выбары ў Расіі пройдуць 18 сакавіка.