Выберы будучыню сёння

- 11:29Спецыяльная адукацыя

Сёлета на Х Рэспубліканскім конкурсе “Камп’ютар. Адукацыя. Інтэрнэт” Аксана Пятроўна Пракапенка, педагог-псіхолаг Гродзенскай спецыяльнай адукацыйнай школы-інтэрната для дзяцей з парушэннямі зроку, за распрацоўку электроннага адукацыйнага рэсурсу “Выберы будучыню сёння” атрымала дыплом І ступені. Мэта дзейнасці Аксаны Пятроўны — стварэнне спрыяльных умоў, пры якіх навучэнцы могуць рабіць самастойны ўсвядомлены выбар сваёй будучай прафесіі. У скарбонцы педагога ўжо шмат уласных напрацовак у гэтым кірунку.

Суадносіць жаданні з магчымасцямі

У Гродзенскай спецыяльнай агульнаадукацыйнай школе-інтэрнаце для дзяцей з парушэннямі зроку займаюцца 103 выхаванцы, 13% з іх — дзеці, якія татальна не бачаць, 16% — дзеці, якія часткова бачаць або маюць глыбокае слабабачанне. Цяжкасці, якія пастаянна ўзнікаюць перад навучэнцамі школы, асабліва ў старшых класах, тычацца іх сацыяльнай адаптацыі, прафесійнага самавызначэння і жыццеўладкавання.
— Абмежаванні пры выбары прафесіі ў нашых дзяцей існуюць па прычыне іх здароўя, — адзначыла Аксана Пятроўна. — Я працую ў школе ўжо 13 гадоў. Памятаю, як у першы год маёй работы прыйшла з 11-класнікамі ў кабінет МРЭК на кансультацыю па прафарыентацыі. Многія выпускнікі мелі дакладна акрэсленыя планы, але спецыялісты далі “адбой” іх марам, упэўнілі, што дзеці не змогуць вучыцца і працаваць па выбраных спецыяльнасцях па стане здароўя.
Што проціпаказана нашым навучэнцам? Перш за ўсё цяжкая фізічная праца, работа з рухомымі механізмамі, якая да таго ж суправаджаецца вібрацыяй, не дазваляецца нагрузка на зрок, дзейнасць з яркім святлом са шматкаляровай гамай, а таксама кантакт з таксічнымі рэчывамі. Аднак, калі ёсць рэшткі зроку, магчымы некаторыя дапушчэнні. У медыцынскім каледжы, напрыклад, створана група па спецыяльнасці “Лячэбны масаж” спецыяльна для інвалідаў па зроку. Калі ў дзяцей на належным узроўні інтэлект, ім даступны гуманітарныя навукі. Нашы выпускнікі атрымліваюць прафесію псіхолага, настаўніка-дэфектолага, юрыдычныя спецыяльнасці. Амаль ва ўсіх людзей, якія слаба бачаць, ідэальны музычны слых. У школе ёсць класы з вывучэннем прадметаў музычнага кірунку, пасля заканчэння якіх дзеці паспяхова паступаюць у музычны каледж.
Несупадзенне запытаў выпускнікоў з іх магчымасцямі можна патлумачыць пэўнымі прычынамі. Дыягностыка, якая праводзілася ў выпускных класах, паказала, што ў 35% навучэнцаў выбар іх прафесіі і месца далейшай вучобы вызначалі бацькі. У 15% навучэнцаў выбар не супаў з рэкамендацыямі спецыялістаў абласной МРЭК. У школе-інтэрнаце традыцыйна невялікі калектыў навучэнцаў, таму і сяброўскія адносіны паміж імі больш трывалыя і цесныя. Найбольш распаўсюджаная памылка ў многіх з дзяцей — выбар прафесіі “за кампанію”, калі рэкамендацыі аднакласнікаў і былых выпускнікоў установы становяцца больш значнымі, чым парады медыкаў. Дзеці не ацэньваюць рэальна свой прафесійны выбар або ўвогуле забываюцца пра стан свайго здароўя, пра тое, што ён патрабуе больш крытычнага падыходу да ўласных магчымасцей.
Дзеці з парушэннямі зроку, як правіла, маюць абмежаванае кола зносін. Яны пераважна знаходзяцца сярод сабе роўных, і ў многіх фарміруецца завышаная самаацэнка, што таксама можа сур’ёзна перашкодзіць у будучыні. Педагогі ўстановы садзейнічаюць таму, каб іх выхаванцы падтрымлівалі зносіны з дзецьмі са звычайных школ, былі максімальна задзейнічаны ва ўсіх сумесных з агульнаадукацыйнымі школамі конкурсах і праграмах.

Выбар пачынаецца з дыягностыкі

Для навучэнцаў 9-х класаў Аксана Пятроўна выкладае курс “Асновы выбару прафесіі”, які быў распрацаваны з выкарыстаннем праграмы А.М.Прашчыцкай “Маё прафесійнае будучае”. Педагог інфармуе навучэнцаў аб перавагах тых ці іншых спецыяльнасцей, кансультуе, праводзіць псіхадыягностыку па выяўленні іх схільнасці да той ці іншай прафесіі, гатоўнасці да ўсвядомленага выбару, вучыць старшакласнікаў будаваць рэальныя жыццёвыя планы, якія не супярэчаць іх магчымасцям, а таксама мець на ўвазе не толькі адну спецыяльнасць, але і запасныя варыянты.
Спецыяльных дыягнастычных дапаможнікаў, надрукаваных шрыфтам Брайля, пакуль няма, але ў скарбонцы педагога-псіхолага шмат псіхадыягнастычных методык, адаптаваных як да невідушчых дзяцей, так і да дзяцей са слабым зрокам.
З дзецьмі старэйшага дашкольнага ўзросту Аксана Пятроўна пачынае работу з вызначэння іх падрыхтаванасці да школьнага навучання. У 1—4 класах пры дапамозе простага назірання, а таксама тэстаў вывучаецца вучэбная матывацыя школьнікаў. Па выніках даследаванняў вызначаюцца кірункі індывідуальнай карэкцыйна-развіццёвай работы з вучнямі і заняткаў па групах.
Анкеты па вывучэнні прафесійных схільнасцей навучэнцы ўпершыню запаўняюць ужо ў 5—7 класах. У 8—9 класах акцэнт пры дыягностыцы робіцца на вывучэнні параметраў, якія дапамогуць дзецям у далейшым зрабіць асэнсаваны выбар спецыяльнасці. Уся атрыманая інфармацыя аб запытах кожнага школьніка адлюстроўваецца ў прафарыентацыйнай карце. У 7—11 класах прафарыентацыйная работа з вучнямі праводзіцца ў форме гульні з выкарыстаннем мультымедыйных прэзентацый, трэнінгаў. Арганізоўваюцца таксама сустрэчы з былымі выпускнікамі і прадстаўнікамі розных прафесій.
Аксана Пятроўна праводзіць кансультаванне бацькоў. На занятках бацькоўскага клуба “Сям’я”, арганізаванага ў школе, ідзе анкетаванне, абмяркоўваюцца тэмы: “Памылкі выбару прафесіі”, “Жыццёвыя планы і прафесійнае самавызначэнне”, “Медыцынскія паказанні і проціпаказанні пры выбары прафесіі”, “Змест і характар працы людзей з парушэннем зроку”. У ходзе індывідуальных размоў з бацькамі педагог разам з імі разглядае магчымыя варыянты далейшага жыццеўладкавання іх дзяцей, рэкамендуе пэўныя навучальныя ўстановы, у якіх створаны спецыяльныя ўмовы для навучання інвалідаў па зроку, падказвае шляхі пераадолення сямейных канфліктаў.
Выхавальнікі школы разам з Аксанай Пятроўнай стварылі прафесіяграмы, прэзентацыі спецыяльнасцей, якія дэманструюцца кансультантамі кабінета абласнога МРЭК, — эканаміста, псіхолага, дэфектолага, музыканта, лагапеда, прафесій з галіны гуманітарных навук, сацыяльнага работніка, масажыста, бібліятэкара, бармена, работніка Зелянбуда. Матэрыялы ўсіх прэзентацый знаходзяцца ў спецыяльна створаным у школе кабінеце прафарыентацыі.

Электронны дарадца

Ці можна знайсці залатую сярэдзіну паміж “хачу”, “магу” і “трэба” ў выбары прафесіі? У дапамогу навучэнцам 14—16 гадоў, педагогам-псіхолагам, выхавальнікам, класным кіраўнікам і бацькам Аксана Пятроўна Пракапенка распрацавала электронны адукацыйны рэсурс “Выберы будучыню сёння”. Ён створаны ў праграме Auto Play Media Studio 8. Матэрыял, прадстаўлены ў гэтым рэсурсе, уключае 7 раздзелаў: “Стратэгія выбару прафесіі”, “Самадыягностыка”, “Прафесія і здароўе”, “Даведнік прафесій”, “Адукацыя і кар’ера”, “Відэа, прэзентацыі, буклеты”, “Афіцыйныя сайты аб прафесіях, шляхах працаўладкавання”. ЭАР дазваляе самастойна асвойваць матэрыял, прадстаўлены на ім, навучэнцам не толькі са слабым зрокам, але і невідушчым з дапамогай праграмы NVDA або JАWS. Інфармацыя падаецца ў гукавым фармаце на калонкі праз сінтэзатары маўлення або шрыфтам Брайля на брайлеўскі дысплэй.
Рэсурс утрымлівае інфармацыйна-даведачныя дакументы і буклеты, якія спрыяюць фарміраванню тэарэтычных ведаў і ўяўленняў аб магчымых для навучэнцаў з парушэннямі зроку прафесіях; наглядна-ілюстрацыйныя матэрыялы (відэафільмы, прэзентацыі); анкеты, апытальнікі і мадыфікаваныя методыкі; рэкамендацыі па арганізацыі неабходных мерапрыемстваў, выкарыстанні механізмаў і прыстасаванняў для пашырэння кругагляду навучэнцаў аб свеце прафесій і для больш эфектыўнага пошуку і вызначэння свайго месца ў ім; каталог інтэрнэт-рэсурсаў прафарыентацыйнай тэматыкі, які знаёміць не толькі са спецыяльнасцямі, але і са шляхамі працаўладкавання.
Першы раздзел рэсурсу пабудаваны так, каб навучэнцы з парушэннямі зроку спачатку пазнаёміліся з тэарэтычнымі пытаннямі, а потым перайшлі да самадыягностыкі. Адказы на пытанні, якія ўзнікаюць у працэсе работы з раздзелам, ім неабходна шукаць не толькі ў падручніку, але і ў прапанаваным каталогу інтэрнэт-рэсурсу, які арыентуе на больш глыбокае азнаямленне са спецыяльнасцямі і шляхамі працаўладкавання. Работа з электронным дапаможнікам, які распрацавала Аксана Пятроўна, дазваляе навучэнцам сістэматызаваць аб’ём інфармацыі, неабходнай для самавызначэння ў прафесіі, прычым атрымаць яе праз розныя сродкі ўспрымання (праз тэкст, малюнак, гукавое паведамленне). Вельмі важна, што навучэнцы выкарыстоўваюць інфармацыю, падабраную для іх дасведчаным педагогам-псіхолагам школы. Яны самастойна аналізуюць уласныя інтарэсы, здольнасці і суадносяць іх з адметнасцямі выбранай прафесіі, улічваюць і рэкамендацыі рэабілітолагаў абласной МРЭК. У гэтым — галоўная навізна электроннага адукацыйнага рэсурсу Аксаны Пятроўны.
ЭАР будзе пастаянна папаўняцца. Для педагогаў школы плануецца распрацаваць схемы іх найбліжэйшай адукацыйнай дзейнасці, у тым ліку дзелавыя гульні для навучэнцаў, пытанні для іх псіхааналітычнага тэсціравання і тэсціравання па ацэнцы ведаў, кваліфікацыйныя карты.
Для бацькоў жа будуць створаны інфармацыйныя буклеты, аўдыя-, відэаальманах “Арыенцір у свеце прафесій”, дзе будзе сканцэнтравана інфармацыя аб прафесіях, даступных для навучэнцаў з парушэннем зроку. ЭАР папоўніцца новай інфармацыяй і для школьнікаў. Дарэчы, вучні старшых класаў, якія ўжо асвоілі ЭАР, вучаць карыстацца ім малодшых дзяцей.

Паспяховая адаптацыя

— Калі выпускнік нашай школы не паступае ў навучальную ўстанову, то яму часцей за ўсё не ўдаецца ўладкавацца і на работу, нават па месцы жыхарства. Для маладых людзей з парушэннем зроку гэта сур’ёзная праблема, — расказала Аксана Пятроўна. — Многія прадпрыемствы, у тым ліку і прадпрыемства грамадскай арганізацыі “Таварыства інвалідаў па зроку”, не могуць адразу прапанаваць выпускнікам працоўныя месцы (паколькі яны не дасягнулі 18-гадовага ўзросту), як і забяспечыць іх жыллём. Не лепшым чынам уплывае на сітуацыю гіперапека дзяцей бацькамі, якія не жадаюць адпускаць іх на вучобу і на работу ў іншы населены пункт.
Радуе, што ў апошнія гады нашы выхаванцы сутыкаюцца з гэтымі праблемамі ўсё радзей. На падставе аналізу звестак аб паступленні выпускнікоў школы-інтэрната ў ВНУ, ССНУ і ПТНУ мы зрабілі выснову, што сістэма прафарыентацыйнай работы ў нашай навучальнай установе дае станоўчыя вынікі. Нашы былыя вучні (сямёра за перыяд з 2012 па 2014 год) вучацца ў Гродзенскім дзяржаўным медыцынскім каледжы, Гродзенскім дзяржаўным каледжы мастацтваў — з марай аб атрыманні ў далейшым вышэйшай адукацыі. 7 колішніх выпускнікоў паспяхова працуюць педагогамі ў нашай установе. Станоўчыя водзывы прыходзяць да нас з навучальных устаноў і прадпрыемстваў — нашых дзяцей станоўча характарызуюць, імі задаволены. Што можа служыць лепшым доказам іх паспяховай адаптацыі?
Лічу, што наша ўстанова адукацыі можа ганарыцца вопытам сваіх педагогаў і створанай сістэмай псіхолага-педагагічнага суправаджэння і прафесійнага самавызначэння навучэнцаў з парушэннямі зроку, якая накіравана на тое, каб дапамагчы маладым людзям ажыццявіць свае мары ў адпаведнасці з асабістымі здольнасцямі, схільнасцямі і патрэбамі рынку працы.

Надзея ЦЕРАХАВА.