Выбірай, каб працаваць з усмешкай

- 8:28Выбар прафесіі

“Згараючы сам, свяці заўсёды іншым”, — сказаў задоўга да нашай эры бацька медыцыны Гіпакрат. З таго часу сплыло нямала вады, урачэбная справа значна прасунулася наперад, але погляды на асобасныя якасці дастойнага спецыяліста не змяніліся. Старшакурснікі-медыкі паспяхова спраўляюцца з другой часткай запавета славутага папярэдніка, але ведаюць, што згараць на працы трэба не ў прамым сэнсе: варта адчуваць прафесію з самага пачатку.

Студэнтка Гомельскага дзяр­жаўнага медыцынскага ўніверсітэта Іна Аўдзейчык (спецыяльнасць “Лячэбная справа”) у школьныя гады цягнулася да матэматыкі і думала пайсці па слядах бабулі-эканаміста. Але, як кажа сама дзяўчына, жыццё расставіла ўсё па сваіх месцах.

— Упершыню жаданне дапамагаць людзям узнікла, калі захварэла мама. Усведамленне бездапаможнасці не давала спакою. Таксама на мой выбар паўплывала сітуацыя, якая здарылася са мной у 13 гадоў: сястра перакуліла на сябе кубак з гарбатай і апяклася. Тады я не разгубілася і, як высветлілася па прыездзе “хуткай дапамогі”, правільна аказала першую дапамогу. І з медыцынай было вырашана канчаткова, — расказвае студэнтка. — Родныя спачатку былі крыху шакіраваны, бо яны, як некалі і я, думалі, што буду развівацца ў матэматыцы (у галіне эканомікі ці ў банкаўскай сферы). Але падтрымалі.

Дзяўчына прызнаецца, што галоўны арыенцір у яе жыцці — бацькі, якія з усімі жыццёвымі цяжкасцямі спраўляюцца разам. У прафесіі сярод многіх выбітных дактароў, што сустрэліся Іне падчас вучобы, яна (не толькі як будучы медык, але і дачка) вылучае загадчыка нейрахірургічнага аддзялення РНПЦ неўралогіі і нейрахірургіі акадэміка Арнольда Фёдаравіча Смеяновіча. Спецыяліст, які ў 81 год працягвае праводзіць высокатэхналагічныя аперацыі, некалі вярнуў да паўнавартаснага жыцця яе маму.

— Для мяне самым складаным стала планаванне часу. Як і ў любога студэнта, бывалі выпадкі, калі даводзілася падчас напружанай сесіі не спаць пару-тройку дзён. На шчасце, гэта ўжо засталося ў мінулым, — гаворыць Іна. — На першых курсах шмат з таго, што вывучалі, было незразумелым. Нешта даво­дзілася завучваць на памяць, як верш. Але з цягам часу тое, што здавалася неабдымным і незразумелым, аказвалася простым і лёгказапамінальным. Стала відавочна: “Усё ў тваіх руках”.

Разважаючы наконт прафесійнага выгарання, дзяўчына гаворыць, што яму найменш падвяргаюцца тыя, хто ўсвядомлена падыходзіць да свайго выбару. Іна лічыць, што, калі чалавек прысвячае нечаму значную частку жыцця, яно павінна прыносіць задавальненне. Сама ж у складаныя перыяды ўспамінае словы матулі, сказаныя ў абітурыенцкую пару: “Выбірай так, каб на працу і з яе ты ішла з усмешкай”. Мабыць, студэнтцы з гэтым лягчэй, дзякуючы мяккаму характару: яна нечым нагадвае ката Леапольда з яго любімым выразам “Ребята, давайте жить дружно!”. Бывае, як і любімаму дзіцячаму персанажу, ёй даводзіцца згладжваць канфліктныя сітуацыі.

Зараз дзяўчына шмат часу прысвячае навуцы. Найбольш прывабліваюць Іну даследаванні ў галіне гематалогіі (раздзел медыцыны, які вывучае кроў, органы крывя­тварэння, захворванні крыві).

— Па меры сталення і набыцця практычных ведаў погляды на прафесію мяняюцца, але мэта, з якой паступала (дапамагаць людзям, чым магу), застаецца ранейшай. Лічу, што добры ўрач павінен быць добрым псіхолагам, бо лячэнне пачынаецца менавіта са слова. Безумоўна, гэта чалавек адказны, гуманны, уважлівы, мэтанакіраваны, паважлівы, сумленны, інтэлігентны і бескарыслівы, — малюе вобраз медыка будучы доктар.


Студэнт 5 курса лячэбнага факультэта Гомельскага дзяржаўнага медыцынс­кага ўніверсітэта Максім Мядзведзеў за гады атрымання адукацыі навучыўся цаніць працу ўрача, аддзяляць галоўнае ад другараднага, асэнсаваў той факт, што галоўнае ў жыцці не матэрыяльныя каштоўнасці, а здароўе блізкіх. Прафесійная гісторыя хлопца пачалася ў 4 класе, калі ён з гордасцю заяўляў: “Буду доктарам”. Мара так ахапіла падлетка, што іншых варыянтаў выбару спецыяль­насці не ўзнікала.

Першыя яркія ўспаміны пра ўніверсітэт засталіся ў хлопца пасля заняткаў па анатоміі. З выкладчыкам Віталем Ждановічам ён пазнаёміўся ў 11 класе, і менавіта гэты спецыяліст запаліў у юнаку агеньчык любові да прафесіі, які з цягам часу перарос у вогнішча.

— Я баяўся хадзіць да яго на пары, узмоцнена рыхтаваўся. І разам з тым вельмі паважаў Віталя Мікалаевіча. Гэтыя пачуцці трансфармаваліся ў хваляванне, якое прасочвалася нават пры адказах. Але з часам яны пера­тварыліся ва ўпэўненасць, якая дапамагае мне зараз, — расказвае хлопец.

Максім заўсёды раўнуецца на значных для яго людзей. Зараз гэта ўрачы аддзялення сасудзістай хірургіі Гомельскага шпі­та­ля інвалідаў Вялікай А­йчыннай вайны — Дзмітрый Банцэвіч, Аляксей Стральчэня, Аляксей Талканіца, Павел Матусаў і Дар’я Сурсаева. Яны, па словах пяцікурсніка, дапамагаюць браць новыя прыступкі ў прафесіі. Яшчэ адзін аўтарытэт для яго — трэнер Іван Яраслаўцаў, прыклад стальной волі, моцнага характару і ўпартасці.

Самым складанам для хлопца ў пачатку вучобы стала пра­вільная расстаноўка прыярытэтаў, размеркаванне часу такім чынам, каб яго хапала на вучобу, захапленні, сям’ю, а на старшых курсах яшчэ і на працу. Пасля, як і ва ўсіх, студэнцкае жыццё пацякло ў звыклым рытме.

На 2 курсе студэнт зацікавіўся навуковай дзейнасцю. Яму хацелася паспрабаваць калі не ўсё, то многае: Максім імкнуўся пісаць артыкулы і высту­паць з імі.

— Жаданне быць заў­важаным, па шчырасці, нікуды не дзелася, — прызнаецца малады чалавек. — З часам я вызначыў зону сваіх інтарэсаў і зараз мэтанакіра­вана займаюся хірургіяй.

На 4 курсе пачалі з’яўляцца прыметы выгарання: студэнт якраз пачаў працаваць з сярэднім медыцынскім персаналам.

— Праблема звязана з тым, што сутыкаешся з чужым болем, сітуацыямі на мяжы паміж жыццём і смерцю. Такія выпадкі знясільвалі нервовую сістэму, бо не заўсёды можна пераключыцца. Але ўвесь негатыў дапамаглі адолець спорт (хлопец зай­маецца каратэ-кёкусінкай, лёгкай атлетыкай) і змена абстаноўкі, — дзеліцца пяцікурснік.

Максім параўноўвае сябе з Мішкам з мультфільма “Маша і мядз­ведзь”. Будучы ўрач жартуе, што нагадвае пра сябе прозвішча — Мядз­ведзеў. Але падабенства не толькі ў гэтым, іх аб’ядноўваюць галоўныя якасці персанажа: дабрыня, гаспадарлівасць і цярпенне.

— Быць сапраўдным урачом для мяне — значыць з поўнай аддачай адносіцца да прафесіі, жыць ёй, хацець пастаянна развівацца і разам з калегамі рабіць свет крыху дабрэйшым і прыгажэй­шым, — разважае студэнт.

“Медыцынскі мішка” лічыць, што спецыяліст у яго галіне павінен мець шырокі кругагляд, ве­даць фізіку і валодаць псіхалагічнымі навыкамі для камунікацыі з людзьмі. Таксама важны складнік — начытанасць, каб з медыкам можна было пагутарыць не толькі на прафесійныя тэмы.

— Не трэба баяцца размеркавання на раён — там таксама жывуць лю­дзі, якім неабходна медыцынская дапамога. У маленькіх бальніцах можна атрымаць значны вопыт, — перакананы Максім Мядзведзеў.


Шасцікурсніца Наталля Галамбоў­ская (спецыяльнасць “Медыка-прафілактычная справа”) вырашыла пасту­паць у Беларускі дзяржаўны медыцынскі ўніверсітэт у 10 класе. У медыцыне працавала яе маці, і з дзяцінства гэты свет прыцягваў дзяўчыну. Таму падрыхтоўка да паступлення ішла мэтанакіравана.

Было непрывычна падчас вучобы хутка пераключацца з адной дысцыпліны на другую, успрымаць і засвойваць шмат матэрыялу. Учарашнім школьнікам цяжка спраўляцца і з эмоцыямі, калі яны атрымліваюць першыя адзнакі, паколькі веды ва ўніверсітэце ацэньваюцца інакш. Няпроста таксама сумяшчаць вучобу з адпачынкам: у лексіконе з’яўляюцца новыя словы, даводзіцца шмат працаваць з навуковай літаратурай.

— Вольны час я адводзіла на вывучэнне матэрыялу: разумела, што, калі нешта ўпусціць, нагнаць будзе праблематычна. Мне дапамагло тое, што я жыла ў інтэрнаце і навакольныя падтрымлівалі — аднагрупнікі, аднакурснікі, сябры, — успамінае Наталля. — Запомнілася, што на першых занятках па “Нармальнай анатоміі” мы працавалі з косткамі. Спачатку ты сядзіш у бялюткім халаце і ўсе думкі пра тое, што вось, я буду доктарам. А пасля, калі разбіраешся з дамашнім заданнем і разумееш маштабы, у галаве праносіцца: “Ого-го-го колькі інфармацыі! І як гэта запомніць?”. Маўчанне і стан шоку, — успамінае Наталля.

Дзяўчына прызнаецца, што пераломны момант падчас вучобы наступае на сярэдзіне навучання — пасля 3 курса. Большасць студэн­таў задаецца пытаннямі: “А можа я памыляюся? А можа не тое выбраў?”. Не апускац­ь рукі шасцікурсніцы дапа­магло асэнсаванне таго, што паўдарогі пройдзена і варта дзейнічаць, незалежна ад сітуацыі.

— З такімі праблемамі сутыкаюцца многія студэнты медуніверсітэтаў, — кажа Наталля. — Усе цяжкасці трэба перажываць, ад іх не збяжыш. І, канечне, без падтрымкі нікуды: каб нехта супакойваў, даваў парады. Падчас сесій варта ездзіць дадому — сваё месца надае сіл. І важна ўмець адключацца: мозг павінен адпачываць.


Міфы пра дактароў:

  • Урачы не хварэюць і спецыяльна пішуць неразборлівым почыркам.
  • Медыкі сядзяць у сваіх кабінетах, выпісваюць рэцэпты і за гэта атрымліваюць высокую зарплату.
  • Дактары не ўспрымальныя да болю пацыентаў.

“Супер”-пытанні для будучых медыкаў:

  • А ты будзеш сама сабе выпісваць бальнічны?
  • Баішся крыві?
  • Ці можна рану або перасечаны сасуд злучыць суперклеем?

Ірына ІВАШКА.
Фота з асабістага архіва герояў.