Выбіраць прафесію ўсвядомлена

- 10:20Планёрка ў рэгіёне

“Мы пастаянна праводзім прафарыентацыйную работу з бацькамі і дзецьмі, каб сабраць у раёне педагогаў, якія сапраўды імкнуцца працаваць у выбранай сферы, — расказала начальнік аддзела адукацыі Гарадоцкага райвыканкама Віцебскай вобласці Наталля Сушко. — З гэтай мэтай у раёне ствараюцца класы і групы педагагічнай накіраванасці”.

— Раскажыце, калі ласка, пра ўстановы адукацыі раёна. Ці шмат маладых спецыялістаў у іх працуюць?

— У раёне 17 устаноў адукацыі, якія наведваюць 2024 вучні, а таксама 610 дзяцей дашкольнага ўзросту. Сёння ў нас працуе 21 малады педагог са стажам работы да трох гадоў. Восем з іх прыступілі да работы 1 верасня 2021 года. Па добрай традыцыі напярэдадні новага навучальнага года райвыканкам, аддзел па адукацыі, прафкам работнікаў адукацыі і навукі правёў сустрэчу са спецыялістамі розных сфер, на якой былі агучаны пытанні, што цікавяць мо­ладзь. За кожным з маладых педагогаў замацаваны вопытны настаўнік, які дапамагае яму. На базе сярэдняй школы № 1 Гарадка імя І.Х.Баграмяна працуе раённая школа маладога педагога “Дыялог”. Радуе, што сёння маладыя спецыялісты не баяцца задаваць пытанні і прасіць парады ў старэйшых калег. Мо­ладзь матываваная, многія прыхо­дзяць з мэтавымі накіраваннямі, якія аддзел па адукацыі выдае абітурыентам штогод.

— Наталля Уладзіміраўна, чым адметны вашы педагагічныя калектывы?

— Сярэдняя школа № 1 Гарадка імя І.Х.Баграмяна ў 2018 годзе стала першай у краіне і Віцебскай вобласці школай міру. Тут рэалізуецца сумесны праект з абласным фондам міру, што дазваляе раёну праводзіць міжнародныя і абласныя злёты міратворцаў. На тэрыторыі першай школы ў рамках рэалізацыі міжнароднага праекта “4 сезоны здароўя” былі абсталяваны спартыўныя і іміджавыя пляцоўкі. У загарадным аздараўленчым лагеры “Арыён” адкрыўся вяровачны парк. У сярэдняй школе № 2 Гарадка імя А.П.Сабалеўскага створаны скаладром, а таксама ў 2021 годзе за кошт сродкаў, прадугледжаных пагадненнем аб пазыцы паміж Рэспублікай Беларусь і Міжнародным банкам рэканструкцыі і развіцця, у рамках рэалізацыі праекта “Школа будучыні” ажыццёўлены капітальны рамонт на суму звыш 2200 млн рублёў. З 1 верасня тут арганізавана работа раённага міжшкольнага цэнтра дапрызыўнай падрыхтоўкі.

Нядаўна ў рамках рэспублі­канскага праекта “Марафон алімпійскай адукацыі” намеснік загадчыка ясляў-сада № 2 Гарадка М.М.Аўсяннікава стала ўдзельніцай I Рэспубліканскай канвенцыі для педагогаў устаноў дашкольнай адукацыі, якая праходзіла ў НАК Беларусі. Сярод іншых дасягненняў — перамогі вучняў сярэдняй школы № 1 Гарадка імя І.Х.Баграмяна: Ільі Міралюбава (на заключным этапе Рэспубліканскай алімпіяды па фізкультуры ўзяў дыплом III ступені), Уладзіслава Маршалкава (у Рэспубліканскім тэлевізійным праекце “Я ведаю”) і Юстыны Арцюховай (дыплом III ступені на Рэспубліканскім конкурсе відэаролікаў “Грошы маюць значэнне”).

— Сёння якаснае навучанне немагчыма без сучаснага абсталявання. Ці паспяваеце абнаўляцца?

— Нашы школы аснашчаны камп’ютарнымі класамі, персанальнымі камп’ютарамі, інтэр­актыўнымі дошкамі, мульты­медыйнымі праектарамі і мультыбордамі. У трох установах у апошнія гады абсталяваны кабінеты хіміі і фізікі, у адной — кабінет біялогіі (плануецца пастаўка яшчэ аднаго). Набыта сучаснае абсталяванне і сродкі навучання ў кабінеты абслуговай і тэхнічнай працы. Школы на 100% забяспечаны лыжным інвентаром, што дазваляе якасна праводзіць заняткі па лыжнай падрыхтоўцы. Абсталяваны дзве комплексныя пляцоўкі са штучным пакрыццём для міні-футбола, два лёгкаатлетычныя ядры і дзве сучасныя пляцоўкі для заняткаў варкаўтам.

— Што дапамагае ў праф­арыентацыі школьнікаў?

— У школах рэалізуецца абласная праграма прафарыентацыйнай работы, якая дапамагае вучням вызначыцца са сферай прафесійнай дзейнасці або варыянтам навучання. У рамках дапрофільнай і профільнай падрыхтоўкі шэраг прадметаў вывучаецца на павышаным узроўні. Самыя запатрабаваныя ў школьнікаў — матэматыка, англійская мова, хімія, біялогія, фізіка, грамадазнаўства, гісторыя Беларусі, руская і беларуская мовы. Праводзяцца факультатыўныя заняткі па прадметах і арыентаваныя на атрыманне прафесіі. З 1 верасня ў 10-х адкрыты тры класы і дзве групы аграрнай і педагагічнай накіраванасці. Для вучняў 11-х працягваюць працаваць дзве профільныя групы педагагічнай накіраванасці, клас і група аграрнай накіраванасці.

— Але ж важна, каб вучні свядома выбіралі прафесію…

— Для гэтага выкарыстоўваецца патэнцыял устаноў вышэйшай, сярэдняй спецыяльнай і прафесійна-тэхнічнай адукацыі. Для вучняў арганізуюцца сустрэчы з прадстаўнікамі гэтых устаноў, дыялогавыя пляцоўкі з выкладчыкамі, студэнтамі, спецыялістамі розных галін эканомікі, прадпрыемстваў і арганізацый. Традыцыйна ладзіцца раённы злёт выпускнікоў. Школьнікі прымаюць удзел у днях адкрытых дзвярэй, у тым ліку ў анлайн-рэжыме. Гасцямі ўстаноў адукацыі становяцца прадстаўнікі сілавых ведамстваў і структур, ваенкамата. Прафарыентацыйная работа накіравана на тое, каб заклікаць вучняў 9 і 11 класаў да атрымання прафесій, запатрабаваных у рэгіёне. Гэтаму спрыяе заключэнне мэтавых дагавораў. Нашы выпускнікі становяцца студэнтамі медыцынскіх і педагагічных УВА, БДУ, БДУІР, лінгвістычнага ўніверсітэта, Полацкага дзяржуніверсітэта, БДТУ. Папулярныя ў моладзі прафесіі ўрача, педагога, спецыяліста лясной гаспадаркі, сілавых структур, IT-тэхналогій, будаўнічай галіны. На ўзроўні сярэдняй спецыяльнай адукацыі многія выбіраюць Гарадоцкі аграрна-тэхнічны каледж.

Надзея ЦЕРАХАВА.