Выбіраючы сэрцам

- 11:39Адукацыйная прастора

Празвінелі апошнія званкі, і былыя школьнікі пачынаюць рабіць свае першыя крокі ў дарослае жыццё. Кім быць? Гэтым пытаннем неаднаразова задаюцца выпускнікі. Хтосьці марыць звязаць жыццё з тэхнікай, хтосьці шчыра захапляецца медыцынай, а хтосьці думае пра настаўніцтва… Аднак у сучасным грамадстве склаўся стэрэатып, што прафесія настаўніка не з’яўляецца прэстыжнай. Сшыткі, праверкі, невысокія заробкі — усё гэта чакае кожнага педагога. Выпускнікі, чуючы такія негатыўныя водгукі, трацяць былы запал і выбіраюць для сябе іншую прафесію. Аднак, на шчасце, не ўсё так адназначна…

Дзесяць гадоў назад я таксама стаяла на раздарожжы. Але выбар на карысць педагогікі быў зроблены яшчэ ў дзяцінстве. Безліч прачытаных кніг на роднай мове не маглі не пакінуць слядоў у маёй душы. У 11 класе я дакладна ведала, што стану настаўніцай беларускай мовы і літаратуры. Хтосьці мяне падтрымаў, а камусьці такая ідэя зусім не спадабалася. Акрамя таго, я шчыра марыла вярнуцца адпрацоўваць у свой раён. У здзяйсненні мары дапамагло мэтавае накіраванне. Чатыры гады ва ўніверсітэце праляцелі незаўважна. Прыйшоў час размеркавання. Многія мне спачувалі. Мэтавае накіраванне лічылася своеасаблівым крыжам, які на пяць доўгіх гадоў бярэ на сябе выпускнік. Аднак мяне такая перспектыва не палохала.

У раёне я была размеркавана ў сельскую школу. Хацелася хутчэй пачаць працаваць, пазнаёміцца з вучнямі, правесці дэбютны ўрок. З першага дня праца мяне захапіла. Новы статус, новыя абавязкі, новыя клопаты — усё гэта дало штуршок да развіцця. З пачатку сваёй дзейнасці я пачала ўдзельнічаць у конкурсах прафесійнага майстэрства сярод маладых спецыялістаў. Разам з вучнямі было падрыхтавана шмат якасных нумароў, напісана безліч прыгожых вершаў.

Аднак настаўнік не можа жыць толькі конкурсамі. Яго галоўная задача — вучыць. З творчым запалам я падыходзіла да кожнага ўрока. З вялікай адказнасцю рыхтавала сваіх выхаванцаў да канферэнцый і алімпіяд. І ўжо ў першы год працы некалькі маіх вучняў сталі прызёрамі алімпіяд і навуковай канферэнцыі. Гэтую “традыцыю” я старалася захоўваць на працягу наступных гадоў. Мэта настаўніка — захапіць вучняў прадметам. І яна будзе рэалізавана толькі тады, калі настаўнік сам шчыра любіць прадмет, які выкладае.

Пяць гадоў праляцелі незаўважна, бо лічыць дні да канца адпрацоўкі не было часу. Гэты перыяд аказаўся надзвычай плённым. За спінай засталося шмат цікавых мерапрыемстваў: алімпіяды, канферэнцыі, конкурс “Настаўнік года” і шмат чаго іншага. Нехта з вядомых сказаў: “Знайдзі сабе працу даспадобы, і тады табе не давядзецца працаваць ні дня ў сваім жыцці”. Гэтае выказванне я смела магу прымяніць да сябе. Кожны працоўны дзень прыносіць асалоду і задавальненне. Сшыткі і планы таксама могуць прыносіць радасць, калі падыходзіць да іх з адпаведным настроем. Цяжкасці ёсць усюды. Хто пераможа сваю абыякавасць, той пераможа ўсе складанасці.

Марта БАГДАНОВІЧ,
настаўніца беларускай мовы і літаратуры сярэдняй школы № 3 Ашмян.