Выбіраюць педагогіку

- 12:37Адукацыйная прастора

Новы навучальны год — юбілейны для Мінскага гарадскога педагагічнага каледжа. Ён адзначыць свой першы пяцігадовы юбілей. Ужо на працягу двух гадоў установа ўдастойваецца звання “Лепшы каледж сталіцы”.

“Навучэнцам у каледжы даецца магчы­масць працягваць традыцыі класічнай педагогікі, укараняць інавацыі, развівацца творча, — расказала дырэктар Мінскага гарадскога педагагічнага кале­джа К.А.Пятруцкая. — Колькасць абітурыентаў, якія хочуць вучыцца ў педагагічным каледжы, расце з кожным годам. Выпускнікі школ паступа­юць на спецыяльнасці “Пачатковая адукацыя” і “Дашкольная адукацыя”.

Каб стаць навучэнцам Мінскага гарадскога педагагічнага каледжа дзённай формы атрымання адукацыі, здаваць экзамены не трэба. Усё вырашае сярэдні бал пасведчання аб агульнай базавай адукацыі (9 класаў).

У час уступнай кампаніі мінулага года прахадны бал на спецыяльнасць “Пачатковая адукацыя” склаў 8,2, на спецыяльнасць “Дашкольная адукацыя” — 7,4.

Вучыцца ў педагагічны каледж прыходзяць матываваныя падлеткі. Многія з іх вызначыліся з будучай прафесіяй яшчэ ў школе, некаторыя імкнуцца працягнуць сямейную педагагічную дынастыю, а хтосьці адчувае сваё прызванне ў рабоце з дзецьмі. Сярод абітурыентаў ёсць і тыя, хто паступае ў Мінскі гарадскі педагагічны каледж з улікам сфарміраванага іміджу ўстановы адукацыі. У каледжы навучанне вядзецца на высокім узроўні, педагагічны калектыў вельмі прафесійны, тут захоўваюцца багатыя педагагічныя традыцыі, рэалізуюцца сучасныя інавацыйныя праекты.

Ужо на 1 курсе навучэнцы маюць магчымасць стаць удзельнікамі праектаў, якія адчыняюць дзверы ў свет педагогікі, выбранай прафесіі. Раскрыць свае здольнасці, у крэатыўнай форме паказаць сябе ў прафесіі першакурснікам дазваляе праект “Першы фестываль для першых”. У рамках праекта “Валанцёрскае асяроддзе” навучэнцы 1 курса пад метадычным суправаджэннем выкладчыкаў і гідаў (навучэнцаў 4 курса) праходзяць валанцёрскую практыку ў школах, робячы першыя крокі ў прафесію.

Як адзначыла К.А.Пятруцкая, уступная кампанія — 2020 мае свае асаблівасці. Амаль у 2 разы павялічаны кантрольныя лічбы прыёму на завочную форму атрымання адукацыі па спецыяльнасці “Дашкольная адукацыя”. Тэрмін навучання ў кале­джы складае 2 гады 10 месяцаў па спецыяльнасцях “Пачатковая адукацыя” і “Дашкольная адукацыя” ў дзённай і завочнай форме атрымання адукацыі.

Для атрымання адукацыі ў завочнай форме па спецыяльнасці “Дашкольная адукацыя” конкурсны адбор ажыццяўляецца на аснове агульнай сумы балаў, падлічанай па выніках здачы ўступных іспытаў у форме цэнтралізаванага тэсціравання (беларуская (руская) мова, біялогія) і сярэдняга бала дакумента аб агульнай сярэдняй адукацыі або аб прафесійна-тэхнічнай з агульнай сярэдняй адукацыяй.

Дзень адкрытых ­дзвярэй у каледжы прайшоў у новым сучасным фармаце СТРИМ. Спасылка для падключэння была размешчана на сайце www.pedkol.minsk.edu.by ў раз­дзеле “Абітурыент”. Наведаўшы гэтае мерапрыемства, коль­касць жадаючых вучыцца ў Мінскім гарадскім педагагічным каледжы істотна ўзрасла.

— Галоўная задача нашай установы — даць навучэнцам неабходны запас прафесійных ведаў, сфарміраваць творчае стаўленне да педагагічнай дзейнасці, выхаваць мэтанакіраваных, неабыякавых людзей, сапраўдных грамадзян і патрыётаў, — падкрэсліла Кацярына Аляксандраўна Пятруцкая. — Нашы выпускнікі — настаўнікі пачатковых класаў і выхавальнікі дашкольнай адукацыі зоймуць годнае месца ў педагагічнай супольнасці краіны.

Ала КЛЮЙКО.